Плякаты на заводзе: «Ганьба! Ён быў на Плошчы!»

Студэнтам ВНУ і супрацоўнікам дзяржаўных прадпрыемстваў пасьля падзей на Плошчы ў Менску пагражае выключэньне з навучальных установаў і звальненьне з працы.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Актывіста-някляеўца змусілі звольніцца


У райцэнтры Кіраўск застаўся бяз працы сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Аляксандар Баран. Актывіст сьцьвярджае, што яго змусілі звольніцца з прычыны ўдзелу ў выбарчай кампаніі апазыцыйнага кандыдата.

Аляксандар Баран арганізоўваў у Кіраўску сустрэчу Някляева зь мясцовымі выбарцамі, зьбіраў подпісы ў яго падтрымку ды ладзіў агітацыйныя пікеты. Быў назіральнікам падчас галасаваньня. Кажа, што заяву на звальненьне напісаў пад ціскам:

«Прапанавалі два варыянты: альбо паводле артыкула, альбо так. Намёк быў на тое, што ў мяне ёсьць дзейнасьць неафіцыйная. Тут жа бессэнсоўна што-небудзь адстойваць. Заціснуць і не запытаюць імя й прозьвішча. Гэта ж вёска», — тлумачыць Аляксандар Баран.
Тут жа бессэнсоўна што-небудзь адстойваць. Заціснуць і не запытаюць імя й прозьвішча. Гэта ж вёска.


Маці спадара Аляксандра цьвердзіць, што кіраўніцтва прапанавала звольніцца пасьля аднаго зь пікетаў. Застрашылі тым, што сын нібыта можа прыйсьці аднойчы на працу п’яным:

«Майстар сказаў, што ніхто нічога не дакажа. Звальняйся проста сам, альбо звольнім паводле артыкула. Ён прыйшоў дахаты й кажа: «Мама, вось такія справы, што рабіць?» Я яму сказала: «Ідзі звальняйся, бо цябе ўсё адно ў спакоі не пакінуць».

Аляксандар Баран адпрацаваў два месяцы ў кацельнай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райцэнтру. У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюць, што звольнілі актывіста з-за яго ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнта:

«Ён сам напісаў заяву. Яго ніхто не прымушаў. Па-мойму, у яго не было вялікага жаданьня працаваць на гэтай пасадзе. Праблемаў зь ім у нас не было», — паведаміла супрацоўніца адміністрацыі жылкамунгасу.

Рэгіянальная каардынатарка штабу Някляева Аксана Самуйлава ведае пра гэту сытуацыю. Кажа, што актыўных дзеяньняў па яго абароне пакуль не вядзецца, каб яму не зашкодзіць:

«Гаварыць ён пра гэта хоча, аднак баіцца. Горад у яго маленькі. Працу знайсьці яму будзе дужа цяжка. Магу пэўна сказаць, што 19 сьнежня рэпрэсіі ня скончыліся. Восем чалавек з нашай каманды выклікалі ў КДБ на гутарку».

Як кажа Аксана Самуйлава, рэгіянальны штаб Някляева зьбірае зьвесткі пра іншых актывістаў, якія з-за свайго ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі трапляюць пад рэпрэсіі.

Адміністрацыя за Плошчу ганіць, рабочыя — ухваляюць



Міхаіл Кавалькоў
Учора, 3 сьнежня, «Свабода» расказала, што адміністрацыя Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў намагаецца скампрамэтаваць старшыню заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіла Кавалькова. Сёньня мы атрымалі з Бабруйску фатакопіі саматужных плякатаў, з дапамогай якіх мясцовыя ідэолягі спрабуюць ганьбіць удзельніка акцыі пратэсту на Плошчы незалежнасьці 19 снежня Міхаіла Кавалькова..

Але, як сьцьвярджае Міхаіл Кавалькоў, сваёй мэты кіраўніцтва прадпрыемства не дасягнула. Кажа, што калегі, даведаўшыся пра тое, што ён быў на плошчы, падыходзяць, цікавяцца, што там было. Выказваюць словы падтрымкі. А нехта нават дапісаў на плякаце: «Слава герою».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У Берасьці запалохваюць студэнтку


Студэнтам ВНУ і супрацоўнікам дзяржаўных прадпрыемстваў пасьля падзей на Плошчы ў Менску пагражае выключэньне з навучальных установаў і звальненьне з працы.

Аліна Літвінчук, студэнтка факультэту замежных моваў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А.С.Пушкіна, кажа, што яе раней ня раз выклікалі ў дэканат і пагражалі выключэньнем, калі яна ня спыніць грамадзка-палітычную дзейнасьць. Дзяўчына — сябра АГП. Зараз, падчас зімовай сэсіі, размовы ў дэканаце не вядуцца, але выключэньне ёй сапраўды пагражае, кажа Аліна:

«Раней мяне неаднаразова выклікалі ў дэканат, дзе вялася размова наконт маёй апазыцыйнай дзейнасьці. Аднак апошнім часам мне перасталі гаварыць пра гэта ў вочы. Але падчас сэсіі мяне не дапусьцілі да першага іспыту, потым да другога, а гэта ўжо, па сутнасьці, выключэньне з ВНУ».

Аліна не была на Плошчы, але свае праблемы з сэсіяй і нядопускам да іспытаў зьвязвае з палітычнай дзейнасьцю:

«Выкладчыкі проста спэцыяльна ня ставяць мне залік. А бяз здачы залікаў да іспытаў студэнты не дапускаюцца. Я лічу, што выканала патрабаваньні для атрыманьня заліку. Усё здадзена і праверана выкладчыкамі. Але мне залік не паставілі і ніяк не абгрунтавалі сваё рашэньне. У ведамасьці нічога да гэтага часу не пастаўлена».

Асуджаныя за Плошчу — найлепшыя студэнты


У Баранавічах актывісты дэмакратычных арганізацый і рухаў былі ўражаны тым, што за затрыманых і асуджаных студэнтаў заступіліся дэканаты ВНУ і БРСМ. Паводле Яраслава Грышчэні, гэтаму, магчыма, садзейнічалі асабістыя адносіны паміж кіраўніцтвам дзяржаўнай арганізацыі і затрыманымі:

«У абарону затрыманых і асуджаных Саюз моладзі напісаў тлумачальную запіску і адправіў характарыстыку ў Міністэрства адукацыі. У лісьце значылася, што нельга выключаць гэтых людзей, бо яны, па сутнасьці, лепшыя студэнты ВНУ. У тых, хто быў з Баранавічаў на Плошчы, пакуль усё ў парадку і з працай, бо ўсе працуюць на недзяржаўных прадпрыемствах».

Праблемы з працай могуць узьнікнуць у Станіслава Халадовіча з Івацэвічаў. Сябра АГП быў на Плошчы. Яго затрымалі і асудзілі на 15 сутак, пакараньне ён адбываў у Жодзіна. Але дакумэнтаў пра гэта міліцыянты пры вызваленьні яму ня выдалі, кажа Станіслаў:

«Мне нават пастанову не далі. Я патрабаваў гэта і ў канваіраў, і пісаў заявы з турмы, але за 15 сутак мне ніхто не ўручыў гэтыя дакумэнты. Атрымаў толькі даведку, што я адбываў пакараньне. Таксама выставілі рахунак на 98 тысяч рублёў».

ВІЦЕБШЧЫНА


Тэлефануюць уначы, каб запалохаць


Былы кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава ў Віцебску, актывіст Уладзіслаў Варанецкі распавёў пра дзіўныя тэлефонныя званкі, якія раздаюцца штоночы:

«Званкі на мабільны тэлефон, нумар схаваны — адпаведна, вызначыць, зь якога нумара тэлефануюць, немагчыма. Тэлефануюць разы па два-тры за ноч, і ў гадзіну ночы могуць, і ў тры. Тэлефануюць і маўчаць, чуваць толькі шыпеньне, шоргат ці нешта такое, а потым слухаўку кладуць».

Уладзіслаў Варанецкі адзначае, што начныя званкі пачаліся неўзабаве пасьля таго, як яго дапыталі супрацоўнікі КДБ. Паводле актывіста, гутарка адбывалася ў дэканаце тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Спадар Варанецкі спрабуе там аднавіцца на вучобу. Ён кажа, што супрацоўнікі КДБ абяцалі яму паспрыяць, калі ён адмовіцца ад палітычнай дзейнасьці і распавядзе пра працу выбарчага штаба Андрэя Саньнікава. Уладзіслаў Варанецкі ад такой дапамогі адмовіўся, і гутарка скончылася наступным чынам:
Тэлефануюць і маўчаць, чуваць толькі шыпеньне, шоргат ці нешта такое, а потым слухаўку кладуць.


«Сказалі: „Глядзі, хлопец, цяпер у цябе праблемы зьявіліся“. Я кажу: „А чаго вы мяне палохаеце?“ Кажуць: „Мы не палохаем, мы папярэджваем“. Я й адказаў: „Ня трэба мяне папярэджваць!“»

Вызвалілі з турмы — клічуць у КДБ


Яшчэ адзін віцебскі актывіст, сябар «Маладой Беларусі» Алесь Галавань, які ў часе выбарчай кампаніі чынна падтрымліваў Аляксея Міхалевіча, 30 сьнежня вярнуўся дахаты пасьля 10-суткавага арышту. Спадара Галаваня затрымалі ў Менску, а пакараньне за ўдзел у акцыі 19 сьнежня ён адбываў у жодзінскай турме. Тым часам у віцебскай кватэры, дзе актывіст жыве разам з маці, быў праведзены ператрус.

Калі Алесь вярнуўся дахаты, яму патэлефанавалі з Кастрычніцкага райаддзела міліцыі — запрасілі на размову. Актывіст адмовіўся ісьці ў міліцыю бяз позвы. І ўвечары 3 студзеня позву міліцыянты прывезьлі на таксоўцы. 5 студзеня Алесь Галавань мусіць зьявіцца ў міліцыю. Яму паведамілі, што гаворка пойдзе і пра падзеі 19 сьнежня — пра акцыю ў Менску, у якой ён браў удзел.

Барыса Хамайду зноў выклічуць у суд


На міліцэйскі перасьлед скардзіцца і вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. 3 студзеня яго затрымалі каля дома № 28 па вуліцы Леніна — каля так званага «сіняга дома» — калі ён паспрабаваў узьняць бел-чырвона-белы сьцяг. Спадар Хамайда паведаміў, што распачынае акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», прысьвечаную 20-годзьдзю дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. 4 студзеня супрацоўнікі міліцыі зноў не далі яму разгарнуць нацыянальны сьцяг, каб распаўсюджваць пад ім незалежныя выданьні:

«Падышлі ў 10:30 два амапаўцы і яшчэ адзін міліцыянт з Чыгуначнага РАУС. Кажуць: «Вы ж памятаеце, за што вас учора затрымалі?» Адказваю, што памятаю — за тое, што бел-чырвона-белы сьцяг узьняў. «Дык сёньня мы будзем вас вартаваць», — кажуць мне. І толькі калі я сышоў — тады яны сышлі. Так і вартавалі: каб я нечакана ня ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг каля «сіняга дома».

Пасьля мінулага затрыманьня Барыс Хамайда чакае позву ў суд: міліцыянты склалі на апазыцыянэра пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне.