«Дзяўчына ўпала — на яе накінуліся чатыры амапаўцы, білі нагамі й дубінкамі»

Бальшыня удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску, якія былі затрыманыя 19 сьнежня і асуджаныя да адміністратыўных арыштаў, ужо на волі. Журналісты «Свабоды» сустрэліся з былымі палітвязьнямі, запісалі іхныя сьведчаньні.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Спэцназаўцы білі маладых дзяўчат ды людзей сталага веку»

За кратамі застаюцца яшчэ пяцёра актывістаў з Магілёўшчыны. Асуджаны былі каля двух дзясяткаў.

Бабруйскі журналіст Яўген Васьковіч адседзеў на Акрэсьціна 12 сутак. Затрымалі хлопца на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Яго ня білі — скруцілі й кінулі ў аўтазак. Білі спэцназаўцы, кажа ён, маладых дзяўчат ды людзей сталага веку:

«Дзяўчына на прыступках ля помніка Леніну ўпала. На яе накінуліся чатыры амапаўцы й пачалі біць нагамі й дубінкамі. Як сабакі нейкія. Можа, загад такі быў. Як нас прывезьлі, мы суткі стаялі на нагах. Тварам да сьцяны. Не маглі ні папіць, ні схадзіць у прыбіральню. Некаторыя людзі гублялі прытомнасьць. Іх выносілі. Адзін хлопец наагул стаяў са зламанай нагой. Амапаўцы паклікалі лекара з Акрэсьціна, той сказаў, што нічога няма. А калі прыехала хуткая дапамога — сказалі, што зламаная галёнка».

Яўген Васьковіч не абвяшчаў галадовак, бо, на яго думку, гэта бессэнсоўна.

«Можна было загнуцца ад гэтай галадоўкі. Ім усё адно, трымалі б мы галадоўку ці не. У іх ёсьць свой гаспадар, якому яны падначальваюцца. У перадачах забаранілі ежу перадаваць. Мне апошні раз перадалі дзьве чакалядкі, але там не было цэлых, толькі дзьве палавінкі».

У некалькіх камэрах давялося пабыць і бабруйскаму прафсаюзнаму актывісту Міхаілу Кавалькову. Пра дзесяць дзён зьняволеньня ён апавядае як чалавек з жыцьцёвым досьведам — стрымана і без эмоцыяй. Адзначае мужнасьць моладзі:

«У сядзельцаў я ня бачыў страху ўваччу. Усе сьмяяліся, усьміхаліся. Былі студэнты, якія казалі: ну, адлічаць. Але яны былі ўпэўненыя ў слушнасьці сваёй справы, што прыйшлі на плошчу Незалежнасьці».

Кіраўніцтва Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў па-свойму адзначыла вызваленьне Міхаіла Кавалькова:

«Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі паразьвешваў па заводзе плякаты: «Ганьба. Удзельнічаў у хуліганскіх дзеяньнях. У Менску быў затрыманы і асуджаны на дзесяць сутак Кавалькоў Міхаіл». Павесіўшы такую ўлётку, яны самі сабе зрабілі мядзьведжую паслугу. Да мяне пачалі падыходзіць людзі, якія казалі: «Міша, трымайся, большая частка заводу на тваім баку».


ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Лукашэнка даў апазыцыі шмат козыраў»

Пасьля 15-суткавага арышту з Гомельскага ізалятара на волю выйшаў Юры Клімовіч, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. На волі таксама Юрась Захаранка й Валеры Сьляпухін, якіх арыштавалі на 12 сутак.

Каб спадара Клімовіча не сустрэлі сябры й журналісты, міліцыянты прадэманстравалі нечуваную паслужлівасьць. Прыкладна за гадзіну да заканчэньня тэрміну арышту ў ізалятары патухла электрасьвятло. Ахоўнікі зь ліхтарыкамі прыйшлі ў камэру да Клімовіча, вывелі яго ў двор, пасадзілі ў міліцэйскую машыну. І тая давезла актывіста да самага дому:

«Проста да пад’езду дома! Яны ня тое што дапамаглі, а, як насільшчыкі, данесьлі рэчы да машыны й пасьля з машыны. Я сказаў, што аслаблены галадоўкай, дык напружвацца мне не выпадае. Міліцыянты ў адказ: „Няма пытаньняў!“. Сяржант за рэчы — занесьлі, паставілі. Я проста быў уражаны — сэрвіс на вышэйшым узроўні».

Падобны «сэрвіс» праявілі міліцыянты і 18 сьнежня ўвечары, калі Юры Клімовіч вяртаўся дамоў з царквы й зайшоў у краму, каб купіць гарбаты.

«Я ішоў дадому пешшу і літаральна за паўкілямэтра зьмяніў маршрут — успомніў, што дома няма гарбаты. Вырашыў зайсьці ў краму й набыць яе. Ні ў якім выпадку ведаць загадзя, што я зьмяню маршрут, міліцыянты не маглі. Яны маглі чакаць мяне ля пад’езду дома, але ня там. Гэта значыць, яны адсочвалі мой маршрут перамяшчэньня па горадзе. І, я думаю, гэта рабілі дзякуючы майму сотаваму тэлефону — праз тэлефон».

Спадара Клімовіча, як і іншых давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты, абвінавацілі ў лаянцы. Знайшлі нейкіх ілжэсьведкаў і самі засьведчылі такую брыдоту, не зважаючы на прысягу. А 15 сутак, як лічыць Клімовіч, судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка прызначыла яму менавіта за ягоны выступ падчас разгляду адміністрацыйнай справы:

«У судзе я сказаў, што ў дадзеным выпадку мы маем злачынную групу, якая парушыла мае правы. Я быў затрыманы з парушэньнем закону. Гэта злачынная групоўка, і вы, як судзьдзя, можаце далучыцца да яе альбо не далучацца. Судзьдзя Дамненка падумала і абвясьціла мне 15 сутак».

Як лічыць Клімовіч, масавымі арыштамі, пасадкай у СІЗА КДБ кандыдатаў у прэзыдэнты Лукашэнка даў апазыцыі багата козыраў, таму й вымушаны будзе хутка выпусьціць усіх вязьняў:

«Пераможцаў ня любяць, любяць ахвяраў. І ў гэтым сэнсе ён надаваў апазыцыі багата козыраў. Зараз дзейныя прэзыдэнты многіх краін сьвету, былыя прэзыдэнты заяўляюць арыштаваным сваю падтрымку. Такога падарунка апазыцыя проста не магла чакаць. Пасьля гэтых выбараў — якая праграма магла быць у нашай апазыцыі? Аніякай! Захад ад яе адварочваецца. У Расею можаце й не ісьці. Куды? Вось гэта быў тупік. А зараз яны далі апазыцыі, моладзеваму руху сьцяг у рукі. Яны стаяць са сьцягам. Зараз вядомая праграма на год наперад. Ужо й лёзунгі гатовыя ёсьць: вызваленьне вязьняў, выбары без Лукашэнкі! Хто гэта апазыцыі даў? Прэзыдэнт».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Вакол апазыцыі цяпер кансалідуецца значна больш прыхільнікаў дэмакратыі і свабоды«


Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін за ўдзел у менскіх падзеях на Плошчы быў асуджаны на 13 сутак. Арышт адбываў у турме на Акрэсьціна. Выйшаў на свабоду ў нядзелю. Галоўным уражаньнем называе маральную перамогу апазыцыі. Вакол апазыцыі кансалідуецца значна большая колькасьць прыхільнікаў, лічыць Юры Істомін:

«Фактычна, калі мы размаўлялі зь людзьмі, якіх затрымлівалі не на Плошчы, а на менскіх прыпынках, ля начных клюбаў, спартыўных збудаваньняў і г.д., то ў турме яны займалі наш бок. Па-першае, яны на сваёй, як гаворыцца, скуры зьведалі, на якое бязьмежжа нянавісьці да людзей здольная гэта ўлада. Па-другое, побач з сабой яны пабачылі людзей з апазыцыі і вызначыліся ў меркаваньні, што гэта нармальныя і разумныя змагары за лепшую будучыню».

Беларускія праваабаронцы фіксуюць, што на Гарадзеншчыне затрымлівалі й арыштоўвалі найчасьцей актывістаў, якія працавалі ў штабах апазыцыйных кандыдатаў як у Горадні, так і ў правінцыйных гарадах і мястэчках. Ранейшыя сувязі між дэмакратычнымі арганізацыямі цяпер нібыта парушаныя. Што трэба рабіць? Над пытаньнем разважае Юры Істомін:

«Самае галоўнае зараз — дапамагчы тым людзям, якія застаюцца ў засьценках. Праявіць зь імі салідарнасьць, засьцерагчы ад пакараньняў. Яшчэ важна зараз прыпыніцца, каб асэнсаваць, што адбылося. Я нават мяркую, што трэба перафарматаваць апазыцыю і адносіны ў апазыцыі. Утварыліся новыя і больш складаныя ўмовы. Трэба быць больш моцнымі, а для гэтага аб’яднацца адзін вакол другога».