Пісьменьнікі баяцца за жыцьцё Някляева

Уладзімер Някляеў

Беларускія літаратары зьвярнуліся да Генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з патрабаваньнем выратаваць жыцьцё паэта Ўладзімера Някляева.

"Мы даведаліся, што жыцьцё выдатнага беларускага паэта, кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Ўладзімера Някляева знаходзіцца ў страшнай небясьпецы. Гіпэртанічны крыз, які ён перанёс 29 сьнежня 2010 году, пагражаў сьмерцю.

Уладзімеру Някляеву неабходная тэрміновая шпіталізацыя і мэдыцынскае абсьледаваньне. Ён павінен знаходзіцца пад пільным кантролем дактароў і атрымліваць усе рэкамэндаваныя яму мэдыкамэнты.

Патрабуем неадкладных дзеяньняў для выратаваньня жыцьця Ўладзімера Някляева — найперш пераводу яго са сьледчага ізалятара КДБ у шпіталь.

Безь неадкладнай мэдыцынскай дапамогі Ўладзімер Някляеў можа памерці ў любую хвіліну!"

Подпісы пад гэта адозвай паставілі Сьвятлана Алексіевіч, Васіль Зуёнак, Алесь Разанаў, Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Натальля Бабіна, Уладзімер Арлоў.