Тамара Сідарэнка: Някляеў трымаецца вельмі добра

Як паведаміла Радыё Свабода жонка Ўладзімера Някляева Вольга, 27 сьнежня адвакаты Тамара Сідарэнка і Ўладзімер Бурштынаў мелі сустрэчу ў сьледчым ізалятары з Някляевым. Яго дапытвалі ў якасьці падазраванага. Абвінавачаньне яму ня выстаўлена. Ня выключана, што 30 сьнежня яго могуць адпусьціць.

Паводле словаў Вольгі Някляевай, адвакаты прысутнічалі падчас аднаго з допытаў. У Някляева відаць жоўты падцёк пад вокам. Ён выглядае стомленым, скардзіўся на ціск.

***

Як паведамляе "Народная воля", допыт праходзіў у прысутнасьці адвакатаў Тамары Сідарэнкі і Ўладзімера Букштынава.

Пасьля таго як адвакаты пакінулі СІЗА КДБ, карэспандэнтка "Народнай волі" Вольга Грынявіцкая датэлефанавалася да Тамары Сідарэнкі і задала ёй некалькі пытаньняў.

– Тамара Аляксандраўна, самае галоўнае: як адчувае сябе Ўладзімер Пракаповіч?


– Някляеў жывы, ніякага інсульту ці інфаркту ў яго не было. Хоць наступствы ўдару даюць аб сабе знаць: на твары захоўваецца вялізны сіняк, ён скардзіцца на галаўныя болі і высокі ціск, зьбіць які ўдаецца толькі з дапамогай таблетак. Папрасіў нават, каб яму перадалі таномэтар. Яшчэ кідаецца ў вочы ненатуральна жоўты колер твару. Але ў цэлым трымаецца ён вельмі добра, спакойна.

Ажывіўся, калі я расказала яму пра жонку, пра тое, што яна за яго змагаецца.

Ён адправіў жонцы 7 лістоў зь СІЗА, але яна ніводнай карэспандэнцыі не атрымала. Вядома, майму падабароннаму было прыемна даведацца, які розгалас у сьвеце выклікала яго затрыманьне, колькі калег у Беларусі, Расеі, Украіне выказаліся ў яго падтрымку і запатрабавалі яго вызваленьня.

Чаму допыт цягнуўся так доўга?

– У сапраўднасьці ня ўсё было так утомна, мы адыходзілі ад пытаньняў. Час у асноўным ішоў на працэдуру афармленьня допыту. Самі разумееце, сьледчаму трэба запісаць пытаньне і падрабязны адказ.

Якія пытаньні задаваліся Някляеву?

– Я не магу пра гэта казаць. З нас узялі падпіску аб неразгалошваньні зьвестак, паколькі ідзе сьледзтва. Адзінае, магу сказаць, што дапытвалі Някляева ў якасьці падазраванага. Абвінавачаньне яму ня выстаўлена. І я не выключаю, што 30 сьнежня яго могуць адпусьціць. Гэта тэрмін, калі мінаюць 10 сутак з моманту яго затрыманьня і сьледзтва павінна вызначыцца: або выставіць абвінавачаньне, або адпусьціць.

Някляеў быў зьбіты да пачатку мітынгу, на плошчы яго не было. Дзіўна яго вінаваціць у масавых непарадках. Мне нават цяжка ўявіць, як можа быць складзена такога тыпу абвінавачаньне. Увогуле, хочацца спадзявацца на лепшае.