Пасьля Плошчы: арышты і допыты ў КДБ

У рэгіёнах працягваюць перасьледаваць грамадзкіх актывістаў, якія бралі ўдзел у выбарчай кампаніі на баку дэмакратычных кандыдатаў. За імі па-ранейшаму сочаць супрацоўнікі міліцыі і КДБ, некаторых выклікаюць на допыты і затрымліваюць. Ёсьць прыклады, калі арыштаваных у рэгіёнах дастаўляюць у менскія турмы.



БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


З берасьцейскіх засьценкаў – у менскія

Сёньня ў Берасьці сябра руху "За свабоду" Канстанцін Турчыняк даваў паказаньні ў Ленінскім РАУС па справе затрыманьня на плошчы ў Берасьці 19 сьнежня. А ў Менску судзілі Зьмітра Шурхая, якога ўначы пасьля пяцісуткавага арышту супрацоўнікі КДБ даставілі ў Менск.

Зьміцер Шурхай, давераная асоба Віталя Рымашэўскага, быў дастаўлены ў Маскоўскі РАУС Менску адразу ж пасьля адбыцьця пакараньня ў Маскоўскім РАУС Берасьця. Юрка Бакур і Андрэй Шарэнда, якіх затрымалі разам са Зьмітром, выйшлі з-пад варты і чакалі яго каля будынка міліцыі. Пазьней дзяжурны міліцыянт паведаміў ім, што Зьмітра Шурхая ня выпусьцяць з пастарунку, кажа Юрка Бакур:
яго забралі супрацоўнікі КДБ і адвезьлі ў Менск ...

"Мы адбывалі пакараньне ўсе ў розных камэрах. Мяне і Андрэя Шарэнду выпусьцілі а 23-й гадзіне. Мы разам чакалі каля Маскоўскага РАУС Зьмітра. Міліцыянты пачалі казаць, што мы павінны адыйсьці ад РАУС. Потым дзяжурны, калі мы паведамілі, што чакаем Шурхая, пайшоў праверыць, што стала са Зьмітром, і нам паведамілі, што яго забралі супрацоўнікі КДБ і адвезьлі ў Менск".

Зьміцер Шурхай браў удзел у Плошчы-2010 і быў у ахове кандыдата Віталя Рымашэўскага. Ад праваабаронцы Рамана Кісьляка стала вядома, што на Зьмітра ў Менску заведзена адміністрацыйная справа. Яго адвезьлі ў Маскоўскі РАУС сталіцы, кажа Раман Кісьляк:

"На Зьмітра Шурхая заведзена справа па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу. Ён знаходзіцца ў Маскоўскім РАУС Менску, і яго будуць судзіць у Маскоўскім судзе".

Міліцыянты турбуюць суседзяў

У нядзелю ў кватэру каардынатара руху "За свабоду" грукаліся міліцыянт і асоба ў цывільным. Некаторы час перад домам актывіста стаялі два службовыя аўтамабілі супрацоўнікаў міліцыі, кажа Дзяніс Турчыняк:

"Каля майго пад'езду дзяжурыў супрацоўнік міліцыі. Аўтамабілі прастаялі перад домам каля гадзіны і зьехалі. Пасьля маёй кватэры супрацоўнікі міліцыі абыходзілі суседзяў. Пазьней я размаўляў з суседзямі. Яны казалі, што міліцыянт і супрацоўнік у цывільным не пыталіся ў іх канкрэтна пра мяне, а толькі пра тое, ці ня бачылі яны нечага падазронага цягам апошняга часу".

Сёньня ў Ленінскі РАУС выкліканы брат Дзяніса Турчыняка Канстанцін Турчыняк, якога затрымалі на плошчы Леніна ў Берасьці 19 сьнежня:

"Я буду даваць тлумачэньні наконт гэтай справы. Суд Ленінскага раёну адправіў справу на дапрацоўку. Чакаецца, што міліцыянты ізноў накіруюць справу ў суд".

На плошчу ў Берасьці на знак салідарнасьці зь менскай Плошчай выйшлі каля 20 чалавек, кажа Канстанцін. Моладзь меркавала запусьціць на балёніку бел-чырвона-белы сьцяг. Праўда, сьцяг актывісту Руху не ўдалося нават выцягнуць з кішэні:
Яны сказалі, што я дагаварыўся, і даставілі мяне ў Ленінскі РАУС, дзе я правёў ноч у чаканьні суду ...

"Да мяне ўмомант падбеглі супрацоўнікі міліцыі, таксама і ў цывільным. Яны схапілі мяне за рукі. Паветраны балён загарэўся. Я запатрабаваў ад міліцыянтаў, каб яны прадставіліся і адказалі на пытаньне, хто мне кампэнсуе сапсаваны балён, кошт якога за 50 тысячаў рублёў. Яны сказалі, што я дагаварыўся, і даставілі мяне ў Ленінскі РАУС, дзе я правёў ноч у чаканьні суду".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Былі на Плошчы? У КДБ!

У панядзелак стала вядома, што перад выходнымі ў гарадзенскі КДБ выклікалі трох студэнтак мэдунівэрсытэту, якія былі на Плошчы. Вось што распавядала адна зь іх:

Дзяўчына: “Пыталіся наконт Плошчы: як мы езьдзілі, што там рабілі, як там усё адбывалася. Нічога нам болей не сказалі. Праўда, яшчэ запыталіся — хто з намі езьдзіў”.

Сёньня ў Маскоўскі РАУС Менску для допыту выклікалі смаргонскага актывіста Ўладзімера Шульжыцкага. Ён быў у Менску падчас падзей на Плошчы. Позву яму перадалі ў Смаргонскім РАУС. Вось што ён распавядаў нашаму радыё:

“Я засьвяціўся, і яны ведаюць, што быў на Плошчы. Патрапіў пад дубінку амапаўца, зьвяртаўся ў шпіталь па дапамогу, і там, зразумела, афіцыйна гэта зафіксавалі. Ня ведаю, што там будзе, але спадзяюся на лепшае”.

У Горадні чальцы апазыцыйных партый чакаюць ператрусаў партыйных офісаў. Кажуць, што ў Менску яны ўжо прайшлі, чарга за абласнымі цэнтрамі.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Крысьціну Шацікаву выклікаюць у суд


На Магілёўшчыне зь ператрусамі зацішша. А ў штабах былых кандыдатаў у прэзыдэнты пануе нэрвовасьць.

Магілёўская праваабаронца з грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Крысьціна Шацікава 31 сьнежня мае прыехаць у Партызанскі раённы суд Менску. У позьве пазначана, што яе выклікаюць як правапарушальніка. Актывістка брала ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, і там яе затрымалі. Вінаватай яна сябе ня лічыць, а наадварот — вінаваціць уладу ў парушэньні закону.

“Здавён плошча — гэта месца народных сходаў для вырашэньня нейкіх праблемаў. А таксама ў нас ёсьць Канстытуцыя, якая дае мне права выказваць сваю думку ў любым выглядзе і ў любым месцы. Таму я ня толькі нічога не парушала — я цалкам скарысталася са свайго канстытуцыйнага права”, цьвердзіць Крысьціна Шацікава.

Крысьціну Шацікаву ня толькі затрымалі й кінулі ў аўтазак, але яшчэ і зьбілі. З ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна яе з моцным крывацёкам даставілі ў бальніцу. Там яна прабыла тры дні. Пасьля таго як даведалася, што зь лякарняў людзей вязуць назад у турму, настаяла, каб яе заўчасна выпісалі. У спадарыні Крысьціны двое малалетніх сыноў. 30 сьнежня ў аднаго зь іх дзень народзінаў. Традыцыйна сям’я адзначае навагодзьдзе на вёсцы ў бацькоў.

У Бабруйску тым часам кіроўцу машыны, якую задзейнічалі ў агітацыйнай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Някляева, даймаюць супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі. Ён нібыта парушыў правілы дарожнага руху й гэта бачыў ананімны пешаход, які напісаў скаргу ў ДАІ. Калі адбылося парушэньне, міліцыянты пэўна сказаць ня могуць, зазначае каардынатарка штабу Някляева Алена Мядзьведзева:

“Яны сказалі, што нам не прадставілі. Дык я пытаюся: што вы ўжо — па ананімцы пратаколы пішаце? Яны тады: “Мы ня можам сказаць вам прозьвішча”. Карацей, пратакол складзены, але за што караць? Я зьвязваю гэты ціск з тым, што машына працавала ў агітацыі. Я іх папярэдзіла: калі што мне не спадабаецца, мы будзем падаваць у суд”.