Юрыст Сяргей Балыкін падаў хадайніцтва ў Менскую гарадзкую пракуратуру адносна ўжываньня да старшыні Аб’яднанай партыі Анатоля Лябедзькі, які зараз утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ, меры ўтрыманьня пад асабістае паручыцельства чатырох асобаў.
Паводле прававых нормаў, асабістае паручыцельства заключаецца ў прыняцьці на сябе асобамі, якія заслужваюць даверу, пісьмовага абавязацельства пра тое, што падазраваны ці абвінавачаны, знаходзячыся на волі, не схаваецца ад органаў крымінальнага перасьледу і суду, ня будзе перашкаджаць расьсьледаваньню справы ці разгляду яе судом, ня будзе займацца злачыннай дзейнасьцю. Колькасьць паручыцеляў ня можа быць меншай за дзьве асобы.
У выпадку парушэньня гэтага абавязацельства на кожнага паручыцеля можа быць накладзена судом грашовае спагнаньне ад 100 да 500 мінімальных заробкаў.
Разам зь Сяргеем Балыкіным паручыцелямі выступяць яшчэ тры юрысты зь Менску, Кобрыну і Маладэчна.