Што рабіць пасьля Плошчы?

Вядомыя беларускія творцы і грамадзкія дзеячы на просьбу "Свабоды" разважаюць аб прычынах і наступствах апошніх драматычных падзей у Беларусі.


Марачкін: Лукашэнка правакуе супраціў


Мастак Аляксей Марачкін быў сябрам абласной выбарчай камісіі, ён ведае, як фальшуюцца вынікі галасаваньня. Быў ён і сьведкам падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, асабіста ратаваў жанчыну, якой зрабілася блага падчас нападу спэцназу на дэманстрантаў. Спадар Марачкін для сябе вырашыў, што вынікі гэтых выбараў ён не прызнае, напад на Ўладзімера Някляева лічыць замахам на ягонае жыцьцё, а арышт усіх апазыцыйных кандыдатаў — нечуваным у гісторыі гвалтам. Спадар Марачкін перакананы, што брутальны разгон дэманстрацыі 19 сьнежня ў цэнтры Менску быў выкліканы правакацыяй спэцслужбаў, якія арганізавалі біцьцё шыбаў у Доме ўраду, што апазыцыя не рыхтавала гвалтоўнага захопу ўлады, што выкарыстаньне супраць дэманстрантаў войска было незаконным:

"Што далей? Лукашэнка як чалавек помсьлівы будзе рабіць усё, каб зьнішчыць, амаль што фізычна, усіх нязгодных. Ён, як бы мне ні было цяжка гаварыць, рыхтуе супраціў за адзін крок да грамадзянскай вайны. Ён прыватызаваў уладу, і ня дай Бог, яго прыйдзецца цярпець 5 гадоў, то тады зноў паўторацца ня выбары, а бітва на Плошчы".


Бураўкін: Я хацеў бы, каб супакоіліся гэтыя ястрабы


Паэт Генадзь Бураўкін мяркуе, што падзеі 19 сьнежня ўвойдуць у гісторыю Беларусі, але з адназначнымі іх ацэнкамі не сьпяшаецца:

"Які б ні быў гвалт над людзьмі, чым бы ён ні апраўдваўся з аднаго і другога боку, мне гэта заўсёды страшна. Таму што калі нявечацца людзі, калі яны могуць загінуць, то для мяне ніякая, самая высокая палітыка ня можа быць апраўданьнем гэтаму".

Генадзь Бураўкін перакананы, што першае, што павінны былі б зрабіць улады, — знайсьці тых, хто біў вокны і дзьверы Дома ўраду, і дапытаць, каб даведацца, хто і як гэта арганізаваў, але гэтага ня робяць. Спадар Бураўкін спадзяецца, што пасьля ўсіх гэтых падзей у Беларусі не запануе яшчэ больш жорсткі аўтарытарны рэжым:

"Я вельмі хацеў бы, каб супакоіліся гэтыя ястрабы і каб мы ўсё-ткі знайшлі нейкі спосаб паразумецца, бо гэта йдзе яшчэ на большы раскол беларускага грамадзтва. А расколаты народ ня мае сур'ёзнай гістарычнай пэрспэктывы".


Шушкевіч: Трэба шукаць спосаб, як з гэтым скончыць


Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч перакананы ў правакацыі спэцслужбаў ля Дома ўраду:

"Гэта злачынныя дзеяньні ўлады, якая стала на шлях дзяржаўнага тэрарызму. Жыць трэба па-людзку, і скарацца подласьці і нікчэмнасьці ды зьвяр'ю нельга. Таму трэба шукаць спосаб, як з гэтым скончыць. Я такі спосаб буду шукаць, гэта справа майго чалавечага гонару".


Ганчарык: Трэба рыхтавацца да працягу гвалту


Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта ў 2001 годзе Ўладзімер Ганчарык мінулую выбарчую кампанію ацэньвае больш нэгатыўна ў пляне фальсыфікацыяў. Ён перакананы, што вынік выбараў іншы, чым агучыла сёньня ЦВК.

"Што да падзей на Плошчы, то я лічу, што гэта была правакацыя, якой паддаліся. Я прайшоў гэты шлях ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці, усё бачыў сваімі вачыма. Гэта была мірная дэманстрацыя, і добра, што там было шмат людзей, але прадугледзець, што будзе правакацыя, не змаглі".

Уладзімер Ганчарык чакае складанага палітычнага пэрыяду для Беларусі. Ніякай свабоды для СМІ, партый, незалежнага грамадзтва, на яго думку, чакаць ня варта:

"Трэба рыхтавацца да таго, што такое сілавое вырашэньне праблем будзе працягвацца".

Вайтовіч: Дыктатура можа трываць доўга


Акадэмік Аляксандар Вайтовіч перакананы ў фальсыфікацыях выбараў, пратэст супраць якіх улады проста задушылі:

"Сыстэма, створаная ў нашай краіне, скіраваная на тое, каб забясьпечыць уладу аднаму чалавеку пажыцьцёва, і сыстэма гэтая зрабіла захады, каб незадавальненьне грамадзтва фальсыфікацыямі выбараў задушыць самымі бязьлітаснымі спосабамі, крывава пакалечыць, пабіць кандыдатаў на прэзыдэнта".

Спадар Вайтовіч згадвае, што многія дэспатычныя рэжымы, якія існавалі ў гісторыі, — Сталіна, Гітлера, Мао Цзэдуна, — сыходзілі ў гісторыю або са сьмерцю іх галоўных канструктараў, або калі радыкальна зьмяняліся абставіны:

"І ў нас тое самае будзе. Магчымыя два выхады з гэтага стану, у які загнана Беларусь: гэта сьмерць дыктатара або калі ўзьнікнуць такія абставіны, калі ён ня зможа больш кіраваць такімі мэтадамі. Але гэта можа доўга працягвацца".


Хоміч: Бог пастаўляе цароў і Бог іх зрынае


Япіскап Царквы хрысьціян веры эвангельскай Сяргей Хоміч перакананы: тое, што адбылося ў Менску 19 сьнежня, ня ўпісваецца ў дух Эвангельля:
Я ня думаю, што мы можам сілай перамагчы большую сілу


"Калі праліваецца нявінная кроў, нават калі людзі дапусьцілі нейкі промах і не зусім разумна ўчынілі, — надта неадэкватная аддача. Там, дзе фальш, дзе мана, дзе правакацыі, падтасоўкі, там няма Бога, у Бога няма нічога агульнага зь цемрай. І я разумею, што, на жаль, Бог адступіць ад нас з-за тых дзеяньняў, якія зараз адбываюцца".

Сяргей Хоміч заклікае чакаць і маліцца, спадзявацца на плян Божы:

"Я не прыхільнік рэвалюцыйных ідэй, я ня думаю, што мы можам сілай перамагчы большую сілу. Але Бог пастаўляе цароў і Бог іх зрынае. І калі Ён дапускае тое, што цяпер ёсьць, — а Ён дапусьціў, Ён папусьціў у чымсьці наш народ, які адступае ад Бога, упадае ў нейкае паганства, у нейкае ідалапаклонства, — але ў Бога ёсьць рычагі, як ён калісьці зрабіў з Навухаданосарам… Мы, вернікі, спадзяемся на Бога, працягваем жыць, радавацца жыцьцю, як бы цяжка і балюча часам ні было. І верым, што Бог яшчэ скажа сваё слова".