Перамога абвешчана. Дзе віншаваньні?

Цэнтравыбаркам Беларусі абвясьціў канчатковыя вынікі выбараў прэзыдэнта краіны. Пацьверджаная чарговая "элегантная" перамога Аляксандра Лукашэнкі, які, паводле афіцыйных лічбаў, набраў амаль 80% галасоў выбарцаў. Астатнія дзевяць кандыдатаў, як сьцьвярджаюць улады, на ўсіх набралі менш за 13%. Аднак віншаваць Лукашэнку з чацьвёртым тэрмінам ягоныя замежныя калегі не сьпяшаюцца. Калі не лічыць асобных палітыкаў са спэцыфічнай рэпутацыяй, якія даслалі тэлеграмы яшчэ да сёньняшняга падсумаваньня вынікаў.

На наступны дзень пасьля выбараў, 20 сьнежня, дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што на адрас кіраўніка Беларусі паступаюць "сотні віншаваньняў зь перамогай на выбарах". Але насамрэч на гэты момант Аляксандра Лукашэнку павіншавалі прэзыдэнты дзесяці дзяржаў — Вэнэсуэлы, Кубы, Ірану, Сырыі, Віетнаму, а таксама лідэры былых савецкіх рэспублік — Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Казахстану і Ўзбэкістану.

Пакуль ад віншаваньняў устрымліваецца намінальна найбліжэйшы саюзьнік Беларусі — Расея. У прэсавай службе Лукашэнкі падаюць толькі тое, што расейскі кіраўнік Дзьмітрый Мядзьведзеў "пазытыўна адрэагаваў на вынікі выбараў". Напярэдадні амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў патлумачыў, што да афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў выбараў дасылаць віншаваньні дачасна:

"Я думаю, што гэта справа ня столькі расейскага боку, колькі вашай Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая не надрукавала афіцыйных вынікаў выбараў. Пакуль іх няма, то няма і нагоды".

Аднак і пасьля апублікаваньня выніковых лічбаў Крэмль захоўвае маўчаньне. На сайце прэзыдэнта Расеі паведамляецца пра тэлефонныя размовы Мядзьведзева з кіраўнікамі ЗША і Азэрбайджану, ёсьць прэзыдэнцкае віншаваньне калектыву клінічнага шпіталя імя Боткіна. Пра Лукашэнку згадак няма. Экспэрты лічаць, што да таго моманту, пакуль у беларускіх турмах знаходзяцца затрыманыя падчас акцый 19 і 20 сьнежня грамадзяне Расеі, чакаць віншавальных слоў з Масквы не выпадае.

Лідэр расейскай партыі "Правое дело" Леанід Гозман меў магчымасьць назіраць за працэсам выбараў у Беларусі, быў відавочцам падзеяў 19 сьнежня на Плошчы. Ён перакананы, што ніякіх віншаваньняў Лукашэнка не заслужыў:

"Думаю, што Лукашэнка ня выйграў. Я не магу паверыць у тое, што ён набраў больш за 50%, таму што, прыкладам, у Менску я не сустрэў ня тое што на акцыі апазыцыі, а ўвогуле людзей, якія галасавалі б за Лукашэнку. На вуліцах я проста падыходзіў да людзей, называўся, спрабаваў пагаварыць і, дарэчы, у бальшыні выпадкаў гэта атрымлівалася. Яшчэ раз кажу: я не сустрэў ніводнага чалавека, які сказаў бы, што ён галасаваў за Лукашэнку. Таму асабіста я ня веру ў ягоную перамогу. Але дзякуючы спосабу "назіраньня" за выбарамі ў Беларусі фальсыфікацыі магчымыя такія, што нашым і ня сьнілася".

Праваабаронца Сяргей Кавалёў не выключае, што прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў можа і не павіншаваць свайго беларускага калегу. Менавіта з падачы Мядзьведзева апошнім часам у Расеі пачалася "зачыстка" палітычных доўгажыхароў, якія ўсьлед за Лукашэнкам захацелі кіраваць пажыцьцёва:

"Цень Лукашэнкі можна ўбачыць і ў Расейскай Фэдэрацыі. Вось вам, калі ласка: да нядаўняга часу "князь" Башкірыі рабіў што хацеў. Другі прыклад — Шайміеў. Крыху больш інтэлігентна распараджаўся, але, канечне, таксама меў разьвязаныя рукі ў сябе ўнутры за некаторую пакорлівасьць у больш істотных пытаньнях, якія закранаюць Маскву. А калмыцкі Ілюмжынаў! Гэта ж проста чысты бандыт, прычым ва ўсім, што ён рабіў. Такога няўжо можна прывесьці да нейкай цывілізаванасьці? Або што адбываецца ў былых сярэднеазіяцкіх рэспубліках! Толькі што зламалі статую Туркмэнбашы. Што яны зрабілі з гэтай гіганцкай пазалочанай скульптурай — ня ведаю, але нават Ёсіфу Вісарыёнавічу такое ў голаў не прыходзіла. А там гэта на ўзроўні ўсходняй псыхалёгіі ў самым дурным сэнсе гэтага слова. Гэтак жа сама і Лукашэнка мае сваё ўяўленьне пра ступень і форму незалежнасьці".

Ня маючы запасу віншаваньняў ад найвышэйшых асобаў, афіцыйная прапаганда пачала выкладваць тэлеграмы, дасланыя ў прыватным парадку. Так, зь пераабраньнем Лукашэнку павіншавалі губэрнатар Маскоўскай вобласьці Барыс Громаў і народны артыст СССР Армэн Джыгарханян, а амбасадар Індыі ў Беларусі Рамэш Чандэр падчас сустрэчы з Лукашэнкам перадаў яму вусныя віншаваньні ад кіраўніцтва сваёй краіны.

Тым часам ЗША, Канада, краіны Эўразьвязу адназначна далі зразумець, што дзьверы для Лукашэнкі на Захад фактычна зачыненыя. Так, у супольным звароце міністраў замежных спраў Швэцыі, Чэхіі, Польшчы і Нямеччыны, надрукаваным у газэце "The New York Times", гаворыцца: "Працяг пазытыўнага дыялёгу са спадаром Лукашэнкам сёньня падаецца пустой тратай часу і грошай. Ён зрабіў свой выбар, і гэты выбар супярэчыць усяму, што прапаведуе Эўрапейскі Зьвяз".