Лукашэнка загаварыў пра міласэрнасьць і чалавекалюбства

Больш за шэсьцьсот мірных дэманстрантаў сустрэнуць Раство ў турмах

Кіраўнік Беларусі павіншаваў хрысьціян Беларусі, якія сьвяткуюць Раство Хрыстова 25 сьнежня.

"Для ўсіх хрысьціян Раство зьяўляецца крыніцай веры, чысьціні і шчырасьці, вучыць міласэрнасьці і чалавекалюбству, а значыць, дапамагае станавіцца лепшымі, больш гуманнымі, справядлівымі. Гэты цудоўны час натхняе на зьдзяйсьненьне добрых спраў, на чуласьць і ўвагу да ўсіх, хто мае патрэбу ў спагадзе, дапамозе і клопаце.

У Беларусі, дзе спрадвеку побач жывуць прадстаўнікі розных веравызнаньняў, Раство набывае асаблівы сэнс як сымбаль згоды і ўзаемаразуменьня паміж людзьмі. У такія дні мы асабліва добра ўсьведамляем, што мір і спакой на роднай зямлі залежаць ад нас саміх. Толькі разам, аб'яднаўшы намаганьні, мы зможам захаваць дабрабыт у агульным беларускім доме, зрабіць яго яшчэ багацейшым і прыгажэйшым.

Няхай цяпло калядных дзён сагравае вас увесь год і прымнажае стваральную энэргію для працы ў імя нашай Айчыны.

Жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, посьпехаў, шчасьця і радаснага настрою", — піша Лукашэнка.

Звыш 600 чалавек, у тым ліку 5 былых кандыдатаў у прэзыдэнты, зьняволеных пасьля падзеяў 19 сьнежня, сустрэнуць Божае Нараджэньне за кратамі.

З адкрытым лістом да Лукашэнкі з просьбай праявіць гуманнасьць і выпусьціць зьняволеных выступіла вядомая беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Саюз беларускіх пісьменьнікаў патрабуе вызваліць былога кандыдата ў прэзыдэнты, паэта Уладзіміра Някляева. Былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў і упаўнаважаны па правах чалавека ў Расеі Уладзімір Лукін просяць прэзыдэнта Беларусі вызваліць карэспандэнта "Новай газэт" Ірыну Халіп, жонку кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Дома без бацькоў застаўся трохгадовы сын Ірыны і Андрэя.