Беларуская адозва былых польскіх дысыдэнтаў

Польская Gazeta Wyborcza апублікавала адозву дзеячоў польскай дэмакратычнай апазыці камуністычнай эпохі ў сувязі з выбарчымі падзеямі ў Беларусі.

"Няма свабоды без салідарнасьці" – гэтая ідэя сьвяціла нам падчас шматлікіх гадоў змаганьня за волю і дэмакратыю у нашай Бацькаўшчыне. Яна сьвяціла таксама шматлікім тысячам нашых сяброў з цэлага сьвету, якія падтрымлівалі польскія памкненьні да свабоды і сувэрэннасьці.

Людзкая салідарнасьць аказалася мацнейшай за танкі, спэцслужбы, узброеных міліцыянтаў, якіх улада шмат разоў ужывала супраць уласнага народу. Свабода і праўда аказаліся мацнейшымі за цэнзуру, якая стаяла на варце арганізаванай хлусьні. Сіла ня здольная разьвязаць грамадзкіх праблемаў, шлях гвалту вядзе ў нікуды.

Стаўшы сьведкамі брутальнай атакі на людзей, якія пратэставалі супраць гвалту і фальшаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, мы хочам выказаць нашую салідарнасьць з рэпрэсаванымі за перакананьні. Мы патрабуем спыніць рэпрэсіі і неадкладна вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных!

У імя салідарнасьці зь людзьмі, правы якіх сёньня брутальна парушаюцца, мы абавязваемся настойліва рабіць намаганьні, каб сьвет не забыўся пра іх барацьбу і пакуты. Мы будзем падтрымліваць іх высілкі дзеля абароны правоў чалавека. Беларусы, як і ўсе іншыя нацыі, маюць поўнае права жыць у дзяржаве, дзе абраная ў свабодных выбарах улада паважае свабоду сходаў і свабоду выказваньняў, дзе ніхто ня можа быць самавольна затрыманы і арыштаваны.

Мы зьвяртаемся да ўсіх дэмакратычных урадаў і грамадзкасьцяў, каб яны пачалі канкрэтныя дзеяньні ў падтрымку людзей, якія ў Рэспубліцы Беларусь, нягледзячы на гвалт і тэрор, дзейнічаюць на карысьць дэмакратыі і свабоды.

Тэрэса Багуцка, Ежы Бароўчак, Адам Бароўскі, Зьбігнеў Буйяк, Анджэй Чума, Уладыслаў Фрасынюк, Тадэвуш Едынак, Стэфан Юрчак, Ян Кофман, Крыштаф Круль, Эва Кулік, Барбара Лябуда, Богдан Ліс, Ян Літынскі, Тадэвуш Мазавецкі, Антоні Мэнжыдла, Адам Міхнік, Анджэй Мілчаноўскі, Лешек Мачульскі, Пётр Немчык, Стэфан Несялоўскі, Крыштаф Сяменскі, Ніна Смоляр, Эўгеніюш Смоляр, Ліліана Сонік, Багуслаў Сонік, Станіслаў Сьмігель, Барбара Таруньчык, Генрык Вуец