Міжнародная журналісцкая супольнасьць супраць гвалту ў Беларусі

Незалежная арганізацыя "Камітэт абароны журналістаў" (The Committee to Protect Journalists) далучылася да міжнароднай журналісцкай супольнасьці, што выказала абурэньне сілавымі дзеяньнямі ў дачыненьні да калег-журналістаў у Менску.

Як паведаміла прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", з заявамі пратэсту раней выступілі АБСЭ, Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, «Рэпартэры бяз межаў», Саюз журналістаў Расеі, украінскі Рух «Стоп цэнзуры!», Саюз журналістаў Літвы, Асацыяцыя журналістаў Ерусаліму (JAJ), Нарвэскі саюз журналістаў.

Затрыманыя (з улікам адпушчаных, па стане на 16.00 22 снежня: (паводле БАЖ)

1. Таццяна Бублікава, незалежная журналістка, сябра БАЖ (суд Кастрычніцкага раёна 20 снежня даў ёй 10 сутак арышту, хаця яна прызнала сваю віну і павінна была атрымаць 0,5 базавай велічыні паводле арт. 6.5 КаАП. Знаходзіцца ў СІЗА Мінскага раёна на вул. Скарыны, 20)

2. Зміцер Саўка, сябра БАЖ, лінгвіст, незалежны журналіст (асуджаны 20 снежня на 15 сутак арышту, утрымліваюць у СІЗА ў Жодзіна).

3. Цімафей Каспяровіч, незалежны журналіст (асуджаны 20 снежня судом Партызанскага раёна на 13 сутак. Знаходзіцца на Акрэсціна)

4. Ілля Кузняцоў, незалежны журналіст, сябра БАЖ (асуджаны 20 снежня на 15 сутак у судзе Фрунзенскага раёна, утрымліваецца на Акрэсціна)

5. Ірына Халіп, «Новая газета» (Расія), сябра БАЖ. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ, паведаміў газете.ру намеснік галоўнага рэдактара «Новой газеты» Віталь Ярашэўскі. Паводле яго слоў, Халіп затрымалі на 72 гадзіны (мінімум да вечара серады). Ён дадаў, што ў найбліжэйшы час да Халіп павінен быць дапушчаны адвакат. Гэтую інфармацыю пацвердзілі бацькам журналісткі ў КДБ.

6. Наталля Радзіна, «Хартыя-97». Спачатку яе збілі міліцыянты на плошчы Незалежнасці ў часе масавай акцыі 19 снежня. Уначы дзверы офіса сайта charter97.org узламалі спецназаўцы, і сувязь з журналісткай, якая там знаходзілася разам з некалькімі валанцёрамі, была перапыненая. Апошняе паведамленне ад Радзінай было — «Мы ў КДБ усе». Утрымліваецца ў СІЗА КДБ.

7. Аляксандр Астаф’еў, Санкт-Пецярбург, газета «Мой район». (22 снежня ў судзе Партызанскага раёна Мінска рэдакцыі паведамілі, што яго вызвалілі. Астаф’еў з’яўляецца штатным супрацоўнікам выдання і яго сайта MR7, але не меў акрэдытацыі пры беларускім МЗС.)

8. Юлія Рымашэўская, прэс-сакратар Някляева, сябра БАЖ (у судзе Цэнтральнага раёна Мінска асуджаная 20 снежня на 13 сутак арышту. Крыніца — zapraudu.info. Утрымліваецца ў СІЗА Мінскага раёна на вул. Скарыны, 20.)

9. Яўген Васьковіч, сябра ГА «БАЖ», карэспандэнт газеты «Бобруйский курьер». 12 сутак адміністратыўнага арышту, утрымліваюць на Акрэсціна (пацвердзілі сваякам у ГУУС Мінгарвыканкама). Затрымалі 20 снежня ў Мінску пры нявысветленых пакуль абставінах, — паведаміла служба маніторыгу БАЖ. Увечары 20 снежня ён даслаў сваім бацькам СМС: «Мяне затрымалі. Сувязі больш не будзе».

10. Ян Лагвіновіч, сябра ГА «БАЖ», незалежны журналіст, Маладзечна (бюлетэнь «За Маладзечна»). Быў затрыманы 19 снежня ў Мінску. У яго пашкоджаная галава і зламаная рука, — паведаміла яго жонка. 10 сутак адміністратыўнага арышту, утрымліваецца на Акрэсціна. Перадачу ад жонкі 21 снежня не прынялі.

11. Сяргей Вазняк, рэдактар газеты «Товарищ», давераная асоба Някляева, сябра Праўлення БАЖ. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

12. Аляксандр Фядута, давераная асоба Някляева, журналіст, сябра БАЖ (Знаходзіцца ў СІЗА КДБ)

13. Павел Севярынец, сябра Рады ГА «БАЖ» (Знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, як паведамілі бацькам Севярынца прадстаўнікі КДБ.)

14. Руслан Ігнатовіч – пазаштатны карэспандэнт газеты «Прессбол», студэнт 2 курса Інстытута журналістыкі БДУ. Асуджаны на 10 сутак арышту. Знаходзіцца ў СІЗА на Акрэсціна. Сярод студэнтаў абмяркоўваецца яго магчымае адлічэнне, - паведаміла “Еўрарадыё”. Дырэктар Інстытуту журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік абвяргае гэтыя звесткі.

15. Аляксей Шэін, сябра ГА «БАЖ» (На 12 сутак асуджаны судом Савецкага раёна, ёсць у спісах на Акрэсціна)

16. Анджэй Пачобут, незалежны журналіст, польская «Gazeta Wyborcza», неакрэдытаваны, сябра БАЖ (Вызвалены ўвечары 20 снежня. Суд Кастрычніцкага раёна палічыў, што доказаў яго віны недастаткова. Крыніца - Радыё "Свабода". Ён лічыць гэта найперш вынікам таго, што працуе на «Выборчу»: «Падключылася на высокім роўні Міністэрства замежных спраў Польшчы. Гэтага аказалася дастатковым, каб нечакана суд палічыў, што доказаў маёй віны не хапае, і патрэбна дадатковая праверка».

17. Мікалай Халезін — рэжысёр «Свабоднага тэатра», сябра ГА «БАЖ» (адпушчаны на волю ўвечары 20 снежня)

18. Кастусь Лашкевіч, TUT.by, сябра БАЖ (быў у Маскоўскім РУУС, адпусцілі раніцай 20 снежня)

19. Аляксандр Уладыка, незалежны журналіст (быў у Маскоўскім РУУС, адпусцілі раніцай 20 снежня)

20. Вадзім Заміроўскі, «Белгазета» (быў на Акрэсціна, адпусцілі раніцай, але забралі флэш-карту фотаапарата)

21. Марыя Антонава («Франс Прэс») (Па інфармацыі на 21 снежня, адпушчаная на волю, ужо вярнулася ў Расію)

22. Дзмітрый Іваноў, выданне «Национальный контроль» (Расія). Як паведамляе «Інтэрфакс», быў затрыманы 18 снежня ўвечары і дастаўлены ў РУУС Заводскага раёна для высвятлення асобы. Пазней адпушчаны.

23. Максім Пятровіч, выданне «Национальный контроль» (Расія). Быў затрыманы 18 снежня ўвечары і дастаўлены ў РУУС Заводскага раёна для высвятлення асобы. Пазней адпушчаны.

24. Зміцер Галко (Будзімір), пазаштатны карэспандэнт Радыё «Свабода». Радыё «Свабода» паведаміла, што ён асуджаны 20 снежня ў Ленінскім судзе Мінска на 10 сутак адміністратыўнага арышту. Жодзінскае СІЗА.

Трое валанцёраў сайта «Хартыя-97», затрыманыя ў рэдакцыі рэсурсу разам з Радзінай, асуджаныя па арт. 23.34 КаАП (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах). Яны перапраўленыя з Цэнтра ізаляцыі правапарушэнняў на Акрэсціна ў папраўчую ўстанову ў Жодзіна. Пра гэта БелаПАН паведамілі сваякі аднаго з затрыманых. Яны падкрэсліваюць, што затрыманыя ўвогуле не наведвалі акцыю 19 снежня.

Ёсць таксама інфармацыя (ад затрыманых, якія былі ў адным аўтазаку) пра затрыманне некалькіх чалавек са здымачнай групы з Санкт-Пецярбургу. Іх адпусцілі ў хуткім часе пасля затрымання.

Марыя Вайнова, распаўсюдніца газеты «Наш дом», якая была ў Кастрычніцкім РАУС з 19 снежня, адпушчаная на волю - інфармацыя паступіла ўвечары 21 снежня ад Вольгі Карач, якая размаўляла з бацькамі дзяўчыны.

Хрысціна Шацікава, распаўсюдніца газеты «Наш дом», якая пасля Кастрычніцкага РУУС трапіла ў 10 гарадскі шпіталь, не знаходзіцца пад вартай.

Журналістам, месцазнаходжанне якіх вядомае, адвезеныя "перадачы"



Фота з Акрэсціна, 21 снежня


Пацярпелі фізічна, але не затрыманыя:


1. Алег Груздзіловіч, Радыё «Свабода». (Пацярпеў ад міліцыянтаў 19 снежня. Паведаміў, што быў павалены на зямлю, збіты нагамі, яму пашкодзілі відэакамеру (адламалі мікрафон)

2. Андрэй Лянкевіч, незалежны журналіст, вядомы фатограф. (Быў прымусова пакладзены міліцыянтамі на снег, калі асвятляў шэсце прыхільнікаў Някляева на Кастрычніцкую плошчу. У яго забралі апаратуру, паламалі бліскавіцу фотаапарата. Адбылося на Нямізе, каля штабу Някляева)

3. Руслан Гарбачоў, «Салідарнасць». (Як паведаміла у сваім онлайн-рэпартажы інтэрнэт-газета «Саліданасць», супрацоўнікі спецназу накінуліся на карэспандэнта рэсурсу Руслана Гарбачова, сарвалі з яго прэс-карту і нанеслі некалькі ўдараў. Гэта адбылося 19 снежня каля Дома ўраду на плошчы Незалежнасці.)

4. Алена Якжык, «Салідарнасць». (Была прымусова пакладзена міліцыянтамі на снег, калі асвятляла шэсце прыхільнікаў Някляева на Кастрычніцкую плошчу. Адбылося на Нямізе, каля штабу Някляева)

5. Зміцер Лукашук, «Еўрарадыё». (Быў прымусова пакладзены міліцыянтамі на снег, калі асвятляў шэсце прыхільнікаў Някляева на Кастрычніцкую плошчу. Адбылося на Нямізе, каля штабу Някляева)

6. Юлія Дарашкевіч, «Наша Ніва». (Была прымусова пакладзена міліцыянтамі на снег, калі асвятляла шэсце прыхільнікаў Някляева на Кастрычніцкую плошчу, груба прымусілі прыбраць фотакамеру. Адбылося на Нямізе, каля штабу Някляева)

7. Антон Тарас, БелаПАН. (Быў прымусова пакладзены міліцыянтамі на снег, калі асвятляў шэсце прыхільнікаў Някляева на Кастрычніцкую плошчу. Адбылося на Нямізе, каля штабу Някляева)

8. Джэймс Хіл, «The New York Times», афіцыйна акрэдытаваны пры МЗС (Быў прымусова пакладзены міліцынтамі на снег, разам з беларускімі журналістамі, што асвятлялі шэсце прыхільнікаў Някляева на Кастрычніцкую плошчу; па сведчаннях калегаў, атрымаў удар у вока. Адбылося на Нямізе, каля штабу Някляева)

9. Віктар Талочка, БелТА — (Агенцтва «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на генеральнага дырэктара БелТА Дзмітрыя Жука паведаміла, што В. Талочка «быў змяты натоўпам» пры «спробе штурму будынку Дома ўраду». Паводле Д. Жука, у яго лёгкія цялесныя пашкоджанні і разбітая фотаапаратура.)

10. Аляксей Мацюшкоў, фотакарэспандэнт газеты «Обозреватель». (Паведаміў, што яму пабілі бліскавіцу фотаапарата)

11. Юрась Карманаў, «Associated Press», афіцыйна акрэдытаваны пры МЗС (Як паведаміў БАЖ сам журналіст, 19 снежня, калі пачалася «зачыстка» на плошчы Незалежнасці, ён стаяў, накрыўшы галаву рукамі з пасведчаннем навідавоку, і атрымаў шэраг удараў міліцэйскімі дубінкамі)

12. Антон Харчанка (тэлеканал «Russia Today». Як паведаміла 20 снежня РИА Новости са спасылкай на прэс-службу RT, атрымаў абшырную гематому ў часе міліцэйскай «зачысткі» на плошчы Незалежнасці 19 снежня)

13. Віктар Філяеў (тэлеканал «Russia Today». Як паведаміла 20 снежня РИА Новости са спасылкай на прэс-службу RT, атрымаў абшырную гематому ў часе міліцэйскай «зачысткі» на плошчы Незалежнасці 19 снежня)

14. Язэп Палубятка, «Новы час» (Пацярпеў 19 снежня на плошчы Незалежнасці. Дапамагаў збітай з ног дзяўчыне, атрымаў удар па галаве дубінкай і шчытом па скроні. З разбітай галавой яго адвезлі на «хуткай» у шпіталь МУС, дзе яму аказалі першую медыцынскую дапамогу. Мае на руках усе заключэнні медыкаў.)

15. Вольга Хвоін, «Новы час» (Як паведаміла сама журналістка, 19 снежня на плошчы Незалежнасці міліцыянты яе «пашматалі, за горла ззаду падушылі і выкінулі на праезджую частку»)

16. Дзмітрый Тархаў, здымачная група REN-TV (Як паведаміла 20 снежня РИА Новости са спасылкай на прэс-службу тэлеканала. Тархава некалькі разоў ударылі ў жывот)

17. Ілля Амельчанка, здымачная група REN-TV (Як паведаміла 20 снежня РИА новости са спасылкай на прэс-службу тэлеканала. Амельчанку некалькі разоў ударылі, пакачалі ў снезе, пашкодзілі камеру)

18. Алена Данэйка, «Нямецкая хваля». (Атрымала ўдар міліцэйскай дубінкай па руцэ, калі здымала падзеі каля Дома ўраду на плошчы незалежнасці 19 снежня.)

20. Гайнц Цэзарэк, фотакарэспандэнт аўстрыйскага інтэрнэт-выдання news.at, атрымаў траўму рукі і пералом указальнага пальца. Ён распавёў, што гэта здарылася, калі міліцыянты пачалі ноччу разганяць дэманстрацыю, а ён разам з калегам Крыстафам Леермаерам апынуўся «паміж двума фронтамі». Крыніца — Радыё «Свабода»

21. Уладзімір Грыдзін, пазаштатны карэспандэнт БелаПАН. Быў збіты двойчы: 19 снежня — на прыступках Дома Ураду, другі раз, 20 снежня, — таксама на плошчы Незалежнасці, пацярпеў ад намесніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігара Яўсеева.