Акцыя салідарнасьці на Акрэсьціна

19.30 Акцыя завяршылася. Апошняя навіна, якая дайшла да тых, хто на ёй знаходзіўся, гэта тое, што ўдзельнік акцыі Міхась Пашкевіч быў адпушчаны пасьля кароткачасовага затрыманьня. Падсумоўваючы вынікі першай акцыі салідарнасьці, актывістка Арына Вячорка сказала Свабодзе: «У беларускай улады вялікая сіла, шмат зброі. А наша сіла — гэта моц нашага духу. І мы будзем прыходзіць сюды, каб нашы сябры ведалі, што мы зь імі».

Your browser doesn’t support HTML5

Акцыя салідарнасьці з затрыманымі ч.1



Your browser doesn’t support HTML5

Акцыя салідарнасьці з затрыманымі ч.2



19.15
Акцыя набліжаецца да завяршэньня. Непасрэдна ля вязьніцы знаходзяцца толькі журналісты і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Тут бачна некалькі чалавек, якія прынесьлі перадачы сваім затрыманым сваякам. Яны скардзяцца, што доўгі час ня могуць аддаць перадачы. Аднак міліцыянты перашкаджаюць журналістам запісваць гэтыя сьведчаньні.

Група моладзі, якая стала крыху меншай, яшчэ застаецца ў некалькіх дзясяткаў мэтраў ад сьценаў турмы.











19.00 Аляксандар Мілінкевіч і Рыгор Кастусёў ужо сышлі ад будынку вязьніцы, але тут па-ранейшаму застаюцца, адышоўшы на некалькі дзясяткаў мэтраў, каля сотні людзей. Сярод іх многа моладзі, чые бацькі знаходзяцца за кратамі.

Паводле «Нашай нівы», пасьля акцыі быў затрыманы Міхаcь Пашкевіч.

18.50 Пасьля папярэджаннья з боку міліцыянтаў моладзевыя актывісты Міхась Пашкевіч і Франак Вячорка заклікалі ўсіх адысьціся ад сьцяны турмы на дзясятак мэтраў. Перад тым як адступіць, усе паставілі запаленыя сьвечкі ў сьнег ля сьцяны.

З ініцыятывы Катусёва і Мілінкевіча ўдзельнікі акцыі пачалі скандаваць «Свабоду» і «Жыве Беларусь». Як сказаў Рыгор Кастусёў, «няхай нашыя сябры за кратамі нас пачуюць і зразумеюць, што мы думаем пра іх».

Адышоўшыся ад сьценаў вязьніцы, моладзь запусьціла некалькі пэтардаў, зрабіўшы своеасаблівы салют для тых, хто знаходзіцца цяпер за сьценамі вязьніцы.

18.35 Кіраўніцтва менскай міліцыі зьвярнулася да журналістаў, якія прыйшлі да турмы. Ім сказалі, каб яны аддзяліліся ад удзельнікаў акцыі. «Гэта незаконнае зборышча, і праваахоўныя органы будуць ужываць неабходныя у такой сытуацыі захады», — заявіў прадстаўнік сталічнай міліцыі.

18.20 Перадае Галіна Абакунчык:



Ля турмы на Акрэсьціна сабралася каля 200 чалавек. Многія трымаюць у руках запаленыя сьвечкі як знак салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі.

Сярод тых, хто прыйшоў да турмы, лідэр руху За свабоду Аляксандар Мілінкевіч, экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў.

Сьпісы затрыманых на Акрэсьціна ёсьць, але мала хто з людзей знаходзіць сваіх родных у іх. У прыватнасьці, Рыгор Кастусёў, які прыйшоў шукаць свайго сына, які таксама затрыманы, асуджаны і сёньня атрымаў 15 сутак, але ў сьпісе яго не знайшоў. Дзе шукаць, ня ведае. Міліцыянты, якія прымаюць перадачы, не далі яму такой інфармацыі.

Тут ёсьць паэт Алесь Разанаў, рэжысэр Валер Мазынскі, моладзевыя актывісты Франак Вячорка, Міхась Пашкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ў рамках кампаніі салідарнасьці ад сёньняшняга дня пачынаецца збор сродкаў для людзей, якія былі зьняволеныя.

У прыватнасьці, на сядзібу Партыі БНФ прыносяць цёплыя рэчы, сродкі гігіены, якія перададуць зьняволеным. Рыгор Кастусёў, адказваючы на пытаньні журналістаў, расказваў, як ён правёў дзень у зьняволеньні, што гаварылі людзі, якія былі ў камэры, зь кім настроем ён выйшаў. Адказваючы на пытаньне «Свабоды», як ён ацэньвае тое, што адбылося на Плошчы, біцьцё вокнаў, Кастусёў сказаў адназначна: «Правакацыя!» Паводле яго, калі спрабавалі весьці перамовы з міліцэйскімі чыноўнікамі, якія ўсё ж выйшлі, людзі, якія білі вокны, стаялі за іх сьпінамі, і раптам яны кудысьці зьніклі. Пасьля Кастусёва ўдарылі па галаве, і пасьля гэтага ён нічога ня памятае.

Рыгор Кастусёў

Што тычыцца колькасьці затрыманых, то ў мінулую прэзыдэнцкую кампанію 2006 году сюды завезьлі каля 500 чалавек, раней тут быў адзін корпус, цяпер дабудавалі другі і могуць трымаць больш за тысячу чалавек. Вядома, што многіх затрыманых пасьля суду вязуць у ізалятар у Жодзіна. Што тычыцца ўмоваў утрыманьня, то яны вельмі жорсткія. Як кажа спадар Кастусёў, ягоны сын пасьпеў патэлефанаваць і сказаў, што яго моцна білі. Людзі, якія рознымі шляхамі перадаюць інфармацыю зь месца зьняволеньня, кажуць, што няма магчымасьці сустрэцца з адвакатамі, не даюць магчымасьці піць, дрэнна з харчаваньнем.

У Аляксандра Мілінкевіча спыталі, чаму ўлада так жорстка ставіцца да гэтых людзей. Мілінкевіч адказаў, што проста ва ўладаў здалі нэрвы, і яны спалохаліся сваёй жа лібэралізацыі, што яе ня спыніш, таму вырашылі, відаць, спыніць яе, не даючы добра разьвіцца.


У Аляксандра Мілінкевіча многія пыталіся, чаму, на ягоную думку, кіраўніцтва Расеі адвярнулася ад іншых кандыдатаў у прэзыдэнты і зрабіла стаўку на Аляксандра Лукашэнку. Мілінкевіч адказаў, што ён ніколі не чакаў нічога добрага з боку Ўладзімера Пуціна, і падкрэсьліў, што шлях Беларусі не на Ўсход, а ў сям’ю эўрапейскіх народаў.







Другі зьлева — Міхась Пашкевіч.