МЗС Украіны: сіла, ужытая да ўдзельнікаў акцыі пратэсту, — празьмерная

Кіеў лічыць празьмернай сілу, ужытую да ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Беларусі.

Украіна занепакоеная сутыкненьнямі апазыцыі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў у Беларусі, а таксама непрапарцыйным ужываньнем сілы да ўдзельнікаў акцыі пратэсту.

Пра гэта заявілі ў МЗС Украіны, перадае Інтэрфакс.

"Выклікае занепакоенасьць непрапарцыйнае прымяненьне сілы да ўдзельнікаў акцыі пратэсту і журналістаў, сутыкненьні прадстаўнікоў апазыцыі зь сіламі правапарадку і затрыманьне некаторых кандыдатаў. На дадзены момант правяраецца інфармацыя аб наяўнасьці сярод затрыманых грамадзянаў Украіны", — паведаміў дырэктар дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын.

Украінскі бок будзе будаваць свае ацэнкі выбарчай кампаніі ў Беларусі на падставе высноваў місіі назіральнікаў АБСЭ.

"Кіеў зацікаўлены ў далейшым прагрэсе і кансалідацыі дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі, а таксама выступае за працяг дыялёгу з афіцыйным Менскам", — заявіў А. Валошын.