"Міжнародная амністыя" асудзіла жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі

"Міжнародная амністыя" патрабуе ад Менску расьсьледаваць заявы аб празьмерным ужываньні сілы пры разгоне акцыі апазыцыі.

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" асудзіла жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі ў Менску 19 сьнежня, перадае "Інтэрфакс".

Падзеі, якія адбыліся за апошнія 24 гадзіны, перакрэсьлілі слабыя прыкметы адкрытасьці, якія назіраліся падчас перадвыбарнай кампаніі. Улады Беларусі павінны расьсьледаваць усе заявы пра непрапарцыйнае прымяненьне сілы міліцыяй.

Яны павінны вельмі старанна праверыць, якім чынам пачаўся гвалт. Асобы, арыштаваныя за мірны ўдзел у пратэстах, павінны быць неадкладна вызваленыя. Калі яны будуць асуджаныя на турэмнае зьняволеньне, то яны павінны лічыцца вязьнямі сумленьня", — сказала Хізэр Макгіл, экспэрт па Беларусі зь "Міжнароднай амністыі".