Штэфан Малерыюс: "За 16 гадоў людзі стаміліся ад Лукашэнкі"

Штэфан Малерыюс, кіраўнік беларускага прадстаўніцтва фундацыі імя Конрада Адэнаўэра

Так лічыць кіраўнік беларускага прадстаўніцтва нямецкай фундацыі імя Конрада Адэнаўэра Штэфан Малерыюс.

У інтэрвію нямецкаму радыё Deutschlandfunk ён даў сваю ацэнку беларускім выбарам, а таксама падзеям пасьля галасаваньня, за якімі назіраў у Менску.

Пра вынікі выбараў і надзейнасьць апытаньняў


Штэфан Малерыюс устрымліваецца ад выказваньняў наконт таго, у якой ступені вынікі ўчорашніх выбараў маглі зазнаць маніпуляцыі і колькі б мог набраць Лукашэнка на свабодных выбарах. На ягоную думку, "меркаваць пра гэта цяжка, бо цяпер няма надзейных апытаньняў грамадзкай думкі адносна галасаваньня, і, урэшце, гэта ўсё роўна — 70, 80 ці 90%. Я думаю, ня ўсе галасы былі ўлічаныя, гэта факт. Таксама думаю, што існуе вялікі патэнцыял для пратэсту сярод насельніцтва. У сувязі з гэтым: я не лічу ўсе спэкуляцыі адносна таго, колькі галасоў атрымаў Лукашэнка, прадуктыўнымі. Я думаю, мы павінны прытрымлівацца таго, што мы мелі магчымасьць назіраць уважліва і мы змаглі назіраць за выбарамі, якія не прайшлі дэмакратычна".

Штэфан Малерыюс таксама адзначыў, што выбарная кампанія ў цэлым і асабліва ў рэгіёнах праходзіла спакойна. Падзеі ж, якія адбыліся ў Менску мінулай ноччу, паводле ягоных слоў, "сталіся шмат для каго нечаканасьцю".


Пра падзеі пасьля закрыцьця ўчасткаў


Кіраўнік беларускага прадстаўніцтва нямецкага фонду Адэнаўэра называе ўчорашнія падзеі "найбуйнейшай дэманстрацыяй зь сярэдзіны 1990-х гадоў" і лічыць, што "яна таксама адлюстроўвае настроі ў краіне". Паколькі за 16 гадоў людзі стаміліся ад Лукашэнкі, яны хочуць "бачыць новых асобаў, чуць новыя галасы. Іншымі словамі, зьявіўся адносна высокі патэнцыял для пратэсту".

Што тычыцца бойкі і кровапраліцьця ля будынку беларускага ўраду, то для Штэфана Малерыюса "карціна выглядае крыху заблытанай". Невядома, ці было гэта правакацыяй у пастаноўцы дзяржаўнай улады — ці, наадварот, так сапраўды дзейнічалі дэманстранты. Бо ўсё пачыналася і разьвівалася вельмі мірна. "У любым выпадку дэманстрацыя была разагнаная, шмат каго з удзельнікаў зьбілі і, паводле апошняй інфармацыі, амаль усе кандыдаты ад апазыцыі цяпер пад вартай".

Ці варта разьлічваць на дэмакратызацыю пры Лукашэнку


Як адзначае Штэфан Малерыюс, апошнім часам Лукашэнка "хацеў стварыць бачнасьць дэмакратыі, дэмакратычнага разьвіцьця ў краіне. Тое, што мы назіралі тут у апошнія тры месяцы, было спробай імітаваць дэмакратыю. Таго, што краіна будзе дэмакратычнай, ніхто не чакаў…Цягам гэтых трох месяцаў людзі, аднак, навучыліся змагацца са страхам і адкрыта гаварыць: я супраць Лукашэнкі, я — за таго ці іншага кандыдата. Ілюзіяў жа, што ў дзень выбараў будуць прытрымлівацца нейкай дэмакратычнай працэдуры, ніхто ня меў".

Кіраўнік фундацыі Адэнаўэра ў Беларусі зьвяртае ўвагу на тое, што "Лукашэнка стаў прэзыдэнтам у чацьвёрты раз, сёньня ж у Эўропе няма аніводнага прэзыдэнта, які б пайшоў нават на трэці тэрмін". У сувязі з тым, што адбываецца ў Беларусі апошнія 16 гадоў, і ўлічваючы даволі значную стомленасьць ад Лукашэнкі ў грамадзтве, наўрад ці трэба чакаць нейкіх зрухаў у галіне дэмакратызацыі, лічыць нямецкі экспэрт.