Магілёўскі праваабаронца зьвінаваціў БРСМ у подкупе студэнтаў

Паштоўка ад БРСМ, якую раздала выбарцам камісія

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель паскардзіўся ў абласную выбарчую камісію на факт распаўсюджаньня участковай камісіяй №135 запрашэньняў на бясплатную дыскатэку, якую арганізуе БРСМ. Запрашэньні, як сьцьвярджае праваабаронца, давалі студэнтам разам з выбарчым бюлетэнем.

Бухель
: “Акрамя запрашэньня на дыскатэку давалі яшчэ віншавальна-агітацыйную паштоўку студэнтам. Я лічу, што гэта ўсё разам ускосная агітацыя за Лукашэнку ды подкуп выбарцаў. На паштоўцы напісана раённы камітэт БРСМ і абласная выбарчая камісія. Я напісаў скаргу і запатрабаваў даць адказ на яе. Намесьнік старшыні абласной камісіі прызнаў, што камісіі гэтага рабіць не павінны. Хутчэй за ўсё камісіі ўсё гэта пахаваюць. Хаця ня толькі я бачыў як раздалі, але й замежныя назіральнікі”.

Выбарчы ўчастак №135 знаходзіцца ў навучальным корпусе Магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня. Назіральнікам тут зарэгістраваны Барыс Бухель.