Лідзія Ярмошына крытыкуе інструкцыі БДІПЧ АБСЭ па ацэнцы выбараў

Лідзія Ярмошына

Старшыня ЦВК Беларусі заявіла, сустракаючыся з намесьнікам старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Касымам – Жамартам Такаевым, што інструкцыі БДІПЧ АБСЭ па ацэнцы выбараў зьяўляюцца "непрагрэсіўнымі" і падмяняюць нацыянальнае заканадаўства.

"Існуе няшмат дакумэнтаў, якія сапраўды вызначаюць правілы, па якім павінны жыць дзяржавы, і, у тым ліку, праводзіць выбары. На жаль, гэтыя грунтоўныя дакумэнты часьцяком падмяняюцца інструкцыямі, якія ствараюць тыя ці іншыя ведамствы, у прыватнасьці, БДІПЧ", -- заўважыла спадарыня Ярмошына.

Зараз міжнародныя стандарты прадугледжаны дакумэнтам БДІПЧ. "Яго апошні варыянт, на мой погляд, -- гэта крок назад. Ня толькі на мой погляд, але і на погляд нашых расейскіх калегаў", -- сказала старшыня ЦВК.

Паводле словаў Ярмошынай, у адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам, назіральнікі місіі АБСЭ арыентуюцца на тое, што нацыянальнае заканадаўства ня зьяўляецца галоўным, і таму выбарчыя камісіі павінны працаваць зь нейкімі міфічнымі міжнароднымі стандартамі, а не нацыянальным заканадаўствам. Таму "ацэнка адпаведнасьці выбараў нацыянанаму заканадаўству зьнікае з заключэньня місіі АБСЭ. Гэта можа быць інструмэнтам для маніпуляцый, для ацэнак і стаўленьня да той ці іншай дзяржавы. Гэта абсалютна няправільна", -- заявіла старшыня ЦВК Беларусі.