Бэрлін патрабуе свабодных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі

Фэдэральны ўрад заклікае Беларусь паважаць міжнародныя стандарты на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах.

«Мы чакаем у нядзелю справядлівых і свабодных выбараў з адкрытым фіналам», цытуюць нямецкія СМІ прадстаўніка фэдэральнага ўраду Крыстафа Штэманса.

Акрамя таго, вынікі выбараў павінны быць вызначаныя ў адпаведнасьці зь міжнароднымі прынцыпамі. «Фэдэральны ўрад назірае за выбарамі зь вялікай увагай», адзначыў Штэгманс. Разам з галасаваньнем вялікую значнасьць будзе мець і тое, як апрацоўваюцца вынікі.

Як падаюць нямецкія інфармацыйныя агенцтвы, чакаецца, што ў прэзыдэнцкіх выбарах пераможа дзейны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, які аўтарытарна кіруе краінай ад 1994 году. Супраць яго змагаюцца дзевяць апазыцыйных кандыдатаў, якія ня маюць аніякіх шанцаў на посьпех.

Падчас сваёй спрэчнай перамогі ў сакавіку 2006 году Лукашэнка, згодна з афіцыйнымі вынікамі, атрымаў 83% галасоў. Аднак, паводле ацэнак назіральнікаў, галасаваньне не адпавядала міжнародным стандартам. Вынік мінулых выбараў выклікаў масавыя пратэсты апазыцыі.