Пушкін — галадуе, Рымашэўскі — пратэстуе

Віталь Рымашэўскі

Кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі зладзіў каля будынку Крупскага РАУС пікет у падтрымку мастака Алеся Пушкіна. Разам з даверанымі асобамі і актывістамі БХД Віталь Рымашэўскі патрабаваў вызваленьня Алеся Пушкіна. Ад 9 сьнежня зьняволены мастак трымае ў турме галадоўку.

Алеся Пушкіна асудзілі на 13 сутак зьняволеньня нібыта за бойку з аднавяскоўцам. Мастак сваёй віны не прызнаў і на знак пратэсту дзявяты дзень трымае ў турме галадоўку. Яго жонка Яніна кажа, што двойчы спрабавала дамагчыся сустрэчы з Алесем, але ёй адмаўлялі. Міліцыянты таксама адмовіліся перадаць для галадоўніка ваду і цёплае адзеньне. Нічога невядома і пра стан здароўя Алеся, кажа Яніна Пушкіна:

«Міліцыянты мне паведамілі, што ў нядзелю да яго выклікалі хуткую, і лекары сказалі, што ўсё ў парадку. Насіла ваду, але мне сказалі, што прадукты нельга. Крымінальнікам можна, а вось адміністрацыйным нельга. Толькі, маўляў, можна адзеньне. Я кажу: ня ведаю, у чым ён апрануты. То яны адказваюць: зараз пойдзем паглядзім. Прыйшлі і кажуць, што яму нічога ня трэба. Што ў зьняволеных ёсьць усе прыналежнасьці: коўдры і нават падушкі. Суцэльны цынізм і нахабства».
Нашая задача — папярэдзіць, што беспакаранымі такія рэчы не застануцца.

Каб падтрымаць Алеся Пушкіна, кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі зладзіў каля будынку Крупскага РАУС адмысловы пікет. Давераныя асобы Віталя Рымашэўскага разгарнулі плякаты з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня Пушкіна ў той момант, калі кандыдат на прэзыдэнта размаўляў з кіраўнікамі мясцовых сілавікоў.

Рымашэўскі: «Мы былі ў начальніка крупскага РАУС, папярэдзілі яго і пракурора, які там быў, пра недапушчальнасьць іх дзеяньняў, пра крымінальную адказнасьць за тое, што Алесь Пушкін, паводле нашага меркаваньня, утрымліваецца за кратамі незаконна. Што так адбываецца не ўпершыню, што падобнае здарылася і падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў. Яны сваю адказнасьць перакладаюць на суд, але нашая задача — папярэдзіць, што беспакаранымі такія рэчы не застануцца. Мы будзем сачыць за лёсам Алеся Пушкіна і ягоным станам здароўя».

Пасьля пікетаваньня Крупскага РАУС Віталь Рымашэўскі ўдзельнічаў у супольнай малітве каля касьцёла сьвятога Язэпа ў Менску за перадачу сьвятыні вернікам і за тое, каб былі вызваленыя ўсе палітвязьні ў Беларусі.