Горадня: У апошні дзень агітацыі рыхтуем фэервэрк

Наш карэспандэнт у Горадні пацікавіўся ў штабах апазыцыйных кандыдатаў, як яны зьбіраюцца выкарыстаць апошні дзень агітацыі.

Каардынатар штабу Ўладзімера Някляева Алег Калянкоў кажа, што яны вырашылі гэты дзень выкарыстаць да канца. Адзінае, што не атрымаецца ўключаць на пікетах песьні на словы Ўладзімера Някляева, паколькі цалкам сеў акумулятар, да якога падключаюць магнітафон і гукаўзмацняльнік.

Калянкоў: «Такое сьвята — вядзеньне агітацыйнай прэзыдэнцкай кампаніі — у нас адзін раз на пяць гадоў, таму будзем агітаваць да апошняй хвіліны, каб данесьці людзям праўду. У нас будзе пікет, мы яшчэ маем трохі агітацыйнай прадукцыі».
Будзем агітаваць да апошняй хвіліны, каб данесьці людзям праўду.


Прыхільнікі Андрэя Саньнікава заўтра на пікет ня выйдуць, бо ў іх скончыліся ўлёткі і агітацыйныя матэрыялы, але ўвесь штаб заняты іншымі справамі.

Кажа каардынатар штабу Ўладзімер Чырвоненка: «Большасьць нашых людзей, якія ўдзельнічалі ў агітацыі, сёньня і заўтра рэгіструюцца ў якасьці назіральнікаў на выбарчых участках і праходзяць інструктажы па назіраньні за выбарамі».

У сябраў штабу Віталя Рымашэўскага яшчэ засталіся ўлёткі ў Мастах, і ўсе яны маюць намер заўтра цэлы дзень іх распаўсюджваць.

Зьміцер Кухлей: «Будзем хадзіць, агітаваць, сустракацца зь людзьмі, у нас яшчэ ёсьць улёткі, плякаты, праграма. Будзем хадзіць па вуліцах гораду, каб раздаваць з рук у рукі і размаўляць».

Сябры штабу Яраслава Раманчука прапаноўваюць апошні дзень агітацыі зрабіць незвычайным.

Кардынатар штабу Юры Істомін: «У нас ёсьць запрашэньне да іншых сябраў ініцыятыўных груп — зрабіць тут, на такім маленькім пляцы Свабоды, фінальны сьвяточны пікет з фэервэркамі, з запрашэньнем людзей на Плошчу, бо заўтра будзе апошняя магчымасьць. Мы ня зможам болей у такім фармаце сустракацца з выбарцамі, і таму я лічу, што гэта сьвята нашай перамогі, нашай Плошчы, павінна перадацца ім».

Сёньня я на пікеце, як заўсёды, спаткаў самага маладога сябра агітацыйнай групы Яраслава Раманчука Данілу Кялеўку. Нядаўна на яго накінуўся невядомы, калі ён стаяў адзін у пікеце, нават некалькі разоў ударыў яго ў галаву, застрашваў. Пытаюся: ці будзе ён надалей удзельнічаць у такіх палітычных кампаніях?

Кялеўка: «Абавязкова, спадабалася мне. Я люблю такога кшталту актыўнасьць, а тым болей распавядаць выбарцам пра людзей, прычым добрых людзей, якія шмат ведаюць, і якія вельмі разумныя».