Газавыя перамовы працягваюцца

Беларусь вядзе перамовы з расейскім "Газпромам" аб удакладненьні формулы цаны на газ у 2011 годзе.

Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, перадае Інтэрфакс.

Ён паведаміў, што на сёньняшні дзень Беларусі складана прагназаваць кошт імпарту газу на 2011 год. Гэта зьвязана з тым, што ў апошні час адбываецца рост цэнаў на нафту, а гэты паказчык улічваецца ў формуле цаны газу.

Міхадзюк адзначыў, што Беларусь штогод падпісвае дадатковыя пагадненьні да базавага кантракту і ўносіць у гэтыя дакумэнты неабходныя карэкціроўкі што да цаны.

Намесьнік міністра энэргетыкі Юры Рымашэўскі дадаў, што адзіная эканамічная прастора ўступіць у сілу толькі 1 студзеня 2012 году. У рамках стварэньня АЭП Беларусь, Расея і Казахстан падпісалі пагадненьне аб роўным доступе да паслуг натуральных манаполій, якое, у прыватнасьці, вызначае тэрмін пераходу на роўнадаходныя цэны на газ.

"Гэта пагадненьне не рэгулюе ўмовы працы ў 2011 годзе, па гэтым годзе ідзе нармальны перамоўны працэс".