Чаму ўлады імкнуцца, каб як мага больш людзей прагаласавалі датэрмінова? Дзеля чаго ім гэта патрэбна? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
Спадар: «Усім вядома, што гэтыя галасы будуць ня ўлічаныя, дакладней, яны пойдуць на карысьць нашае ўлады — пра гэта ўсе ведаюць».
Ягоны сябра: «Пагаджаюся з Генам — з тым, каб фальсіфікаваць вынікі выбараў».
Спадар: «Вы ж самі ведаеце аб’ектыўную думку. Тут няма кантролю асаблівага, і таму можна прагаласаваць так, як патрэбна прэзыдэнту. А прэзыдэнтам вы самі ведаеце хто будзе…».
Дзяўчына: «Каб ведаць заранёў вынікі і потым асьцярожненька падмяніць бюлетэні тых, хто галасаваў супраць усіх, на тыя, якія патрэбныя».
Ейная сяброўка: «Дый ня толькі тых, хто супраць усіх, а наагул усе бюлетэні заменяць на тыя, якія ім патрэбна».
Спадар: «А таму, што прасьцей рабіць вынікі такія, якія ім патрэбныя. Ніякага кантролю там ня будзе, нікога не дапусьцяць, скрыні для галасаваньня ў іх знаходзяцца круглыя суткі, а часу ім хопіць, каб падмяніць бюлетэні так, як ім патрэбна».
Спадар: «Ды тут каго ні абірай, усё роўна прэзыдэнтам будзе Аляксандар Лукашэнка…».
Хлопец: «Каб падрабіць болей галасоў на аднаго чалавека…»
Спадарыня: «Таму што графік працы ў людзей розны бывае. Ня ўсе могуць у гэты дзень галасаваць. Я сама таксама ў нядзелю працую».
Карэспандэнт: «А да працы ці пасьля працы вы ня здолееце схадзіць на выбарчы ўчастак?»
Спадарыня: «Я працую ад 6:30, але пасьля працы магла б, толькі часам нешта здарыцца…»
Спадарыня: «Улады ж зацікаўленыя ў гэтым, каб потым можна было замяніць бюлетэні, як ім трэба».
Спадар: «А я ня буду датэрмінова галасаваць. Думаю, у іх так болей варыянтаў, каб зрабіць з гэтымі галасамі нешта няправільнае… Мне здаецца, што ўсё падчас выбараў павінна праходзіць адкрыта».
Спадар: «Сёлета я асабліва не адчуваю такога прэсінгу. Але на ваша пытаньне не магу адказаць…».
Спадар: «Я ніколі датэрмінова не галасую, і мне цяжка сказаць, дзеля чаго гэта робіцца. Можа, каб болей людзей узялі ўдзел у выбарах?».