Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».
Кажуць, што літаратурныя сюжэты часам матэрыялізуюцца. Ці здаралася такое з Вашымі тэкстамі?
Кастусь
Як сьведчыць гісторыя і, у прыватнасьці, гісторыя літаратуры, прамоўленае, а пагатоў — напісанае слова сапраўды мае ўласьцівасьць нярэдка знаходзіць увасабленьне ў рэальным жыцьці. Сьвет, створаны ўяўленьнем пісьменьніка, і сьвет, у якім жывуць ягоныя чытачы (калі хочаце — сьвет, створаны Божай воляй), знаходзяцца ў складаным узаемадзеяньні, ня толькі судакранаючыся, але і перацякаючы адзін у адзін.
Хтосьці з гэтай рэчаіснасьці імкнецца быць падобным да літаратурнага героя і ўрэшце робіцца такім, сьцягнуўшы ўва ўлюбёнца, як кажа прымаўка, нават крышачкі. У сваю чаргу, нейкі пэрсанаж, затужыўшы ў кніжнай вокладцы, выходзіць зь «вязьніцы», знайшоўшы сабе цалкам жывога двайніка.
Прыкладна тое ж можа адбывацца і з падзеямі, зьявамі, цэлымі космасамі, што перавандроўваюць з жыцьця ў літаратуру і наадварот. Напэўна, найлепей сказаў пра гэта Борхес. Перачытайце ягоную навэлю «Тлён, Укбар, Орбіс Тэрцыюс».
Аднойчы мне выпала выступаць у паўночнанямецкім гарадку Штрэліцы. У бібліятэцы тамтэйшай гімназіі, дзе некалі займаўся хлопчык Генрых Шліман, госьцю паказалі старое выданьне «Іліяды», якое той, верагодна, і чытаў.
Далейшыя падзеі добра вядомыя. Тым, хто дрэнна вучыўся, нагадаю: Шліман стаў археолягам і знайшоў Трою, якая да таго моманту лічылася плёнам Гамэравай фантазіі.
Але зьвярнуся да ўласнага сьціплага досьведу.
Спачатку пра тое, як сучасны тэкст здольны карэктаваць гістарычныя падзеі альбо іхнія інтэрпрэтацыі (правесьці мяжу паміж першым і другім часам бывае няпроста).
Чвэрць стагодзьдзя таму я напісаў апавяданьне «Кроніка Лаўрына Баршчэўскага» — такую сабе стылізацыю пад манускрыпт з магістрацкага архіву, прысьвечаны ўдзелу нашых продкаў у гусіцкіх войнах. Гаворка ішла пра тое, як князь Жыгімонт Карыбутавіч павёў войска на дапамогу чэхам і быў абвешчаны ў Празе каралём. Аніякіх сьведчаньняў пра колькасьць Жыгімонтавых ваяроў не захавалася, а мой юначы твор гэтага вымагаў. У выніку ў апавяданьні зьявіўся наступны радок: «было іх лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там зь зямлёю».
Прамінула колькі гадоў, і я зь велізарным зьдзіўленьнем сустрэў у адной навукова-папулярнай кніжцы дакладна такую самую лічбу. Неўзабаве яна перавандравала ў манаграфію прафэсійнага гісторыка. Я затэлефанаваў яму й пацікавіўся, дзе ўдалося знайсьці зьвесткі пра колькасны склад баявых паплечнікаў Жыгімонта. Вучоны зьбянтэжыўся…
Цяпер, здараецца, я тэлепартую сябе ў вясновую Прагу 1422 году, уладкоўваюся недзе ў ціхім кутку на Градчанах і не без самазадавальненьня назіраю, як па вясёлкавым бруку пад сьцягамі з «Пагоняй» і «Калюмнамі» ўступае ў места Жыгімонтава войска. Мы з князем ведаем, што ў сьпісе асабовага складу ягоных харугваў (з улікам параненых і хворых, якія едуць у канцы даўжэзнай калёны на крытых павозках, і без уліку маркітантак) — пяць тысяч кавалерыстаў і пяхотнікаў.
Яшчэ адзін прыклад зьвязаны з маёй кнігаю «Таямніцы полацкай гісторыі». Рыхтуючы да друку яе трэцяе выданьне, я зьвярнуў увагу на тое, што Полацак незаслужана рэдка населены зданямі й прывідамі — гэтымі своеасаблівымі ўдзельнікамі й сьведкамі далёкіх, пераважна трагічных падзеяў, безь якіх немагчыма ўявіць любы горад з такой гісторыяй. Не адрываючыся ад пісьмовага стала, я пазнаёміўся з Маленькай габрэечкай, Чорным афіцэрам, Трыма манахамі ды іншымі прывідамі, якія цяпер усё часьцей зьяўляюцца на полацкіх вуліцах. Болей даведаецеся, калі трапіце ў Полацкую мастацкую галерэю, што памятае крокі генэрала Ордэна езуітаў Габрыэля Грубэра, альбо будзеце блукаць па старадаўніх залях Музэю кнігадрукаваньня.
У адным з эсэ Станіслава Лема гаворыцца пра цмокаў, якія бываюць адмоўныя, нулявыя, нейкія там яшчэ. Усе яны не існуюць, але самае істотнае, што кожны зь іх не існуе на свой манер.
Ад сябе дадам: а часам яшчэ як існуе!