«Міліцыянту верыць можна, назіральніку — не»

Назіральнікі ў рэгіёнах, якія спрабуюць кантраляваць датэрміновае галасаваньне, сутыкаюцца з істотнымі цяжкасьцямі. У прыватнасьці, ім забаронена ўваходзіць у памяшканьні са скрынямі для галасаваньня ноччу: у гэты час там можа заставацца толькі дзяжурны міліцыянт. У выніку актывісты арганізоўваюць «начныя дазоры», каб кантраляваць захаванасьць скрыняў.

Пра гэтыя ды іншыя асаблівасьці працы назіральнікаў на датэрміновым галасаваньні інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Начны дазор» дзяжурыць пад вокнамі ўчастка

На падставе першых дзён датэрміновага галасаваньня гомельскія назіральнікі прыходзяць да высновы, што спадзяваньняў на сумленныя й справядлівыя выбары няшмат.

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары», кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«Першы дзень датэрміновага галасаваньня паказаў, што ўлады пакуль не жадаюць нічога мяняць. Усё ідзе паводле таго ж сцэнару, што й раней. Нечакана пачалі не дапускаць нашых назіральнікаў да працэсу назіраньня за датэрміновым галасаваньнем і нават выдаляць з участкаў нашых назіральнікаў».

Апавядае назіральніца Сьвятлана Піласевіч:

«Мяне накіравалі назіральніцай на ўчастак № 22, які месьціцца ў будынку ўнівэрсытэту імя Скарыны. Кіраўнік камісіі — прарэктар Сяргей Ханеня. У першы ж дзень, калі пачаліся выбары, адзін з нашых назіральнікаў сфатаграфаваў на тэлефон пячатку на скрыні. На яго адразу склалі пратакол і адхілілі ад удзелу ў назіраньні».

Як кажа назіральніца, было відаць, што датэрміновае галасаваньне тут праводзіцца арганізаваным парадкам:

«Студэнты ішлі групамі, у перапынку між лекцыямі. Яны былі бязь верхняй вопраткі, бяз тэчак — відаць, са сваіх аўдыторый выходзілі. Было бачна, што гэтае галасаваньне робіцца арганізавана».

Паводле назіральнікаў, за першы дзень на ўчастку № 22 прагаласавала каля 17 адсоткаў выбарцаў, пераважна студэнтаў.
Яўка, паводле нашага назіраньня за першы дзень, — 26 чалавек, а камісія вывесіла зьвесткі, што датэрмінова прагаласавалі 52 чалавекі.


Назіральніца Людміла Панкратава з участку № 28, што ў Савецкім раёне абласнога цэнтру, паведамляе пра першыя вялікія разыходжаньні ў колькасьці тых, хто прагаласаваў 14 сьнежня:

«Яўка, паводле нашага назіраньня за першы дзень, — 26 чалавек, а камісія вывесіла зьвесткі, што датэрмінова прагаласавалі 52 чалавекі. Адрозьніваюцца лічбы ў два разы».

Участковыя камісіі не дапусьцілі назіральнікаў, каб тыя круглыя суткі дзяжурылі на ўчастках. Прычым — паўсюль.

Гамяльчук Пётар Цімашэнка правёў зь яшчэ адным назіральнікам цэлую ноч каля ўчасткаў для галасаваньня, якія месьцяцца ў актавай залі сярэдняй школы № 45:

«Бачылі да паловы адзінаццатай вечара, што гарэла сьвятло ў актавай залі. Гэта 42-гі і 41-шы ўчасткі. А палове на адзінаццатую сьвятло патухла, і да раніцы яго не было. А мы дзяжурылі на вуліцы пад вокнамі ў машыне. Старшыня выбарчай камісіі сказаў, што адказвае толькі за тэрыторыю выбарчага ўчастку і што ён нас сюды не дапускае. Тут будзе знаходзіцца прадстаўнік органаў улады — міліцыянт. А дырэктар школы заявіў, што ў вэстыбюль нас таксама не пускае, бо трэба ўзгадняць з раённым аддзелам адукацыі — калі ласка, пакіньце школу».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Назіральнікі пішуць звароты, камісіі ім помсьцяць

На Магілёўшчыне назіральнікі «начных дазораў» не праводзяць. Яны намагаюцца атрымаць ад участковых камісіяў дазвол на тое, каб заставацца на ноч і на час абеду ў памяшканьні са скрынямі для галасаваньня.

Такія звароты напісалі 13 назіральнікаў з абласнога цэнтру. Чаму — тлумачыць каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Юры Новікаў:

«На гэтых выбарах міліцыянты знаходзяцца там, дзе скрыня для галасаваньня. І ў гэтае памяшканьне нашых назіральнікаў не пускаюць. Атрымліваецца, што гэты ўчастак ноччу, напрыклад, не апячатаны й туды можа прыйсьці хто заўгодна і зрабіць там падмену».

З трынаццаці зваротаў адказ быў пакуль атрыманы толькі на адзін. Назіральніцы Анжэліцы Тарасенцы адмовілі:

Тарасенка: «Фармальная адпіска — захаванасьць урнаў забясьпечвае камісія. Мне не падабаецца, што наперад такая ўстаноўка: калі ты супрацоўнік міліцыі, то ты прыстойны чалавек. Калі ж ты назіральнік, то ты сволач і ўсё астатняе».

Ва ўчастковай камісіі № 113 факт звароту назіральніцы пацьвердзілі. Прызналі й факт адмовы:

«Кіруючыся Выбарчым кодэксам, мы ім ня маем права такую магчымасьць даць. За захаванасьць урнаў і бюлетэняў адказвае старшыня ўчастковай камісіі. Раней такіх пытаньняў не ўзьнікала», — зазначыла сябра камісіі.

Тым часам з выбарчага ўчастка № 33 у Магілёве выдалілі назіральніцу Тацяну Масалкову. Назіральніца цьвердзіць, што яе выправадзілі з участка, бо яна бараніла сваіх калегаў, якія ўчора з дазволу намесьніцы старшыні расьпісаліся на пячатцы скрыні для галасаваньня.

«Старшыня камісіі сказала, што нібыта нашы дзяўчаты адштурхнулі членаў камісіі і гвалтам паставілі свае росьпісы. Кажа: «Мяне тут не было, дазволу свайго я не давала, і яны ня мелі права гэтага рабіць. Я буду пісаць скаргу».

У камісіі факт канфлікту і выправоджваньня назіральніцы адмаўляюць. Старшыня камісіі заявіла, што Масалкова непрыстойна сябе паводзіла і ёй зрабілі заўвагу. На яе паводзіны нібыта скардзіліся й выбарцы, адзін зь іх нават перадумаў галасаваць.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Сцэнар датэрміновага галасаваньня ранейшы

Што паказвае незалежнае назіраньне за пачаткам датэрміновага галасаваньня на Гарадзеншчыне?

У Горадні ва ўчастковай камісіі № 101 у сярэдняй школе № 34 назіральнікам ад БХК зарэгістраваны Раман Юргель. Ён распавядае пра такі выпадак:

«Прыйшлі грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі і кажуць — навошта вы нас запісалі ў сьпісы выбарцаў? Вы нас выкрасьліце, бо мы ж ня маем права галасаваць. У паштовыя скрыні ўкідалі запрашэньні прыйсьці прагаласаваць, і ім укінулі».
Прыйшлі грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі і кажуць — навошта вы нас запісалі ў сьпісы выбарцаў?


Раман Юргель кажа, што на ўчастку актыўна галасуюць міліцыянты, памежнікі, мытнікі, якія жывуць побач.

Юргель: «Адзін міліцыянт хацеў прагаласаваць за паўгадзіны да адкрыцьця ўчастка, кажа — мне ісьці на службу, дайце я зараз прагаласую. Старшыня камісіі кажа: яшчэ скрыню не апячаталі, а дзясятай гадзіне толькі адчыняецца ўчастак».

Гэтак званая лібэралізацыя выбарчага заканадаўства зусім не адчуваецца, кажа давераная асоба Яраслава Раманчука Юры Істомін:

«Камісіі працуюць па-старому, нават лічбу выбарцаў, што зарэгістраваныя на ўчастку, якую яны павінны даваць, яны не даюць. Адзінае, што іх абавязалі вывешваць пратаколы па выніках. Там ужо лічба гэтая ёсьць».

У камісіях ня хочуць ісьці на кантакт з даверанымі асобамі, калі тыя прыяжджаюць на ўчастак, зазначае Істомін.

Істомін: «Ніякай інфармацыі фактычна не даецца па ўчастку, насьцярога да мяне, да нашых назіральнікаў. Таму можна папярэдне зрабіць прагноз, што ўсё будзе па-старому: як і раней, будуць фальсіфікаваць выбары. Тым больш рэкамэндацыі ЦВК — яны абцякальныя, не даюць канкрэтных указаньняў сябрам камісій дапускаць назіральнікаў непасрэдна да назіраньня за падлікам галасоў».

Юры Істомін кажа, што ў Горадні ўдалося «закрыць» 32 участкі, назіральнікі ёсьць таксама на шасьці ўчастках у Лідзе і шасьці — у Слоніме.

Віктар Сазонаў мяркуе, што атмасфэра на ўчастках часам даволі напружаная, стаўленьне да незалежных назіральнікаў не памянялася, кажа ён:

«Былі выпадкі, калі праз сваю некампэтэнтнасьць і жаданьне не дапусьціць назіральнікаў у камісіях доўга займаліся пратаколамі, казалі, што яны няправільна аформленыя, не хапае пячатак. Але потым — калі назіральнікі скардзіліся, зьяўлялася інфармацыя ў інтэрнэце — былі выпадкі, калі асабіста старшыня ЦВК Ярмошына тэлефанавала, каб разабрацца, і назіральнікаў пасьля гэтага адразу рэгістравалі».

Такія выпадкі былі ў Дзятлаве і ў Абухаве Гарадзенскага раёну, зазначае праваабаронца Віктар Сазонаў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Тут 19-га сьнежня ня будзе ўжо каму галасаваць...»

Стваральнік праваабарончай арганізацыі «Берасьцейская вясна» Ўладзімер Вялічкін паведаміў:

«У Берасьці першы дзень датэрміновага галасаваньня, 14 сьнежня, на двух участках, якія знаходзяцца побач, скончыўся з наступнымі вынікамі:

На выбарчым участку № 13, дзе знаходзяцца назіральнікі, датэрмінова прагаласавалі, паводле афіцыйных зьвестак, 43 выбарцы.

У той самы дзень на суседнім участку № 12, дзе назіральнікаў не было, паводле афіцыйных зьвестак, прагаласавалі 343. То бок можна меркаваць, што калі галасаваньне пойдзе на 12-м участку такімі тэмпамі далей, дык выбары на гэтым участку таксама скончацца датэрмінова, і 19 сьнежня ў СШ № 33 Берасьця, дзе разьмешчаны ўчастак для галасаваньня, галасаваць ня будзе каму».