"Хочацца ісьці галасаваць. Але ж — падмануць"

Валянцін Жданко

Чым бліжэй дзень 19-га сьнежня, тым больш у нашай пошце лістоў з развагамі пра тое, ці выйдуць людзі на плошчу пасьля таго, як будуць абвешчаны вынікі галасаваньня. А калі выйдуць, то ці наважыцца ўлада разганяць іх і якую пазыцыю ў такой сытуацыі зоймуць сілавыя структуры.

Аўтар аднаго з допісаў на гэтую тэму, Ігар Ліцьвінаў зь Менску цікавіцца настроямі ў асяродзьдзі людзей у мундзірах — тых салдат і афіцэраў арміі і міліцыі, на якіх абапіраецца рэжым і якія здольныя адыграць ключавую ролю ў выпадку грамадзкіх хваляваньняў пасьля выбараў. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"На каго спадзяецца рэжым? — Правільна, на сілавыя структуры. А хто кіруе сілавымі структурамі? — Асобныя людзі, якіх няшмат.

Трэба зразумець, што ў вышэйшых афіцэрскіх чынах нават сёньня досыць людзей, якім усё роўна, каму служыць — абы плацілі грошы. Сярод гэтых людзей заўзятых паплечнікаў Лукашэнкі толькі адзінкі. Яны выконваюць любыя ягоныя загады таму, што баяцца пакараньня за свае брудныя ўчынкі на пасадах КДБ, МУС і розных штабоў. Менавіта гэтыя людзі плятуць ідэалягічнае павуціньне, складаюць міты пра зьнешнія і ўнутраныя пагрозы, шукаюць ворагаў. Але самае жахлівае, што ім даверана псыхалягічна апрацоўваць сярэдні і малодшы афіцэрскі састаў на здушэньне народных выступаў, нацкоўваць амапаўцаў на зьбіцьцё звычайных людзей, нагнятаць гістэрыку і напружаньне, выклікаць у салдатаў і міліцыянтаў сьляпую нянавісьць да апазыцыйна настроеных людзей. Гэта яны выдумалі ярлык "экстрэміст" і падчас прэзыдэнцкай кампаніі будуць клеіць яго направа і налева.

Варта было б у бліжэйшыя дні разьмясьціць на старонках папулярных вэб-рэсурсаў дасье на так званых стаўпоў рэжыму: іх сапраўдныя імёны, фатаздымкі, пасады, памеры заробкаў, маёмасьць, сямейнае становішча, адрасы жыхарства, месцы адпачынку. Трэба, каб гэтыя некалькі чалавек сталі бачныя ўсяму грамадзтву, нібы пад мікраскопам. Неабходна, каб усе даведаліся пра злачынныя мэтады, якімі яны замбіруюць падначаленых. Вы ведаеце, як гэтая зграя баіцца галоснасьці?"
.

Многія з тых, хто служыць у сілавых структурах, задумваюцца пра ўласную будучыню і непакояцца, ці не давядзецца ў выпадку зьмены ўлады несьці адказнасьць за свае ўчынкі. Асабліва калі ўчынкі сумнеўныя з пункту гледжаньня закону і задакумэнтаваныя незалежнымі мэдыямі. Гэтыя трывогі і сумневы могуць мець вырашальнае значэньне падчас няпэўнай пасьлявыбарчай сытуацыі. Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта гэта ўлічваюць і імкнуцца кожны па-свойму супакоіць і залагодзіць "сілавікоў". Я яшчэ раз перагледзеў нядаўнія інтэрвію кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. І Ўладзімер Някляеў, і Андрэй Саньнікаў, і іншыя запэўніваюць, што ніякай люстрацыі не дапусьцяць. Насуперак гэтым заявам Аляксандар Лукашэнка на сваім перадвыбарчым так званым "Усебеларускім народным" сходзе сьцьвярджаў, што альтэрнатыўныя кандыдаты гавораць аб правядзеньні люстрацыі, роспуску КДБ і спэцслужбаў. І таксама ўсіх запэўніў, што ніякіх люстрацый і турмаў быць ня можа. Так што на ўзроўні дэклярацыяў сілавікі нібыта абароненыя з усіх бакоў. Пытаньне ў тым, чыім абяцаньням яны больш павераць.

Аўтар наступнага ліста Яўген Мікітаў з Воршы, як і тысячы іншых грамадзянаў Беларусі, сумняецца: ці варта ісьці галасаваць? Ці будзе ўлічаны ягоны голас? Свае сумневы слухач аргумэнтуе наступным чынам (цытую ліст):

"На гэтых выбарах пры ўсёй вонкавай лібэралізацыі дзейнічае старая, ня раз апрабаваная спэцсыстэма (датэрміновае галасаваньне, непразрыстыя фанэрныя скрыні на цьвічках, якія лёгка можна дастаць, даведзены плян галасоў за дзейнага прэзыдэнта на ўзроўні 75 працэнтаў). Стаю на раздарожжы. Хочацца ісьці галасаваць, удзельнічаць у выбарах, аддаць голас за вартага кандыдата. Але ж — падмануць, абавязкова падмануць! Дзейны прэзыдэнт любіць паўтараць, як яго любіць народ. Калі гэта так, то чаго ж ты баісься? Зрабі выбары празрыстымі, правядзі іх у адзін дзень, бяз масавага прымусовага загону людзей на датэрміновае галасаваньне — і сьвяткуй перамогу!" .

Лібэралізацыю ўлады дапусьцілі толькі там, дзе справа ня тычылася падліку бюлетэняў. Зарэгістравалі амаль усіх ахвотных стаць кандыдатамі, не прыдзіраліся да сабраных подпісаў, амаль не заміналі кантактаваць з выбарцамі, не разганялі перадвыбарчыя пікеты і мітынгі…Усё гэта, відавочна, дзеля таго, каб на Захадзе зафіксавалі прагрэс, пахвалілі за крокі ў правільным кірунку, заахвоцілі фінансава… Але ўсе элемэнты выбарчай сыстэмы, якія тычацца фармаваньня і працы выбарчых камісій, працэдуры галасаваньня і падліку бюлетэняў, засталіся фактычна нязьменнымі. Там — ніякай празрыстасьці, абсалютная закрытасьць ад грамадзтва, поўная свабода для маніпуляцый чыноўнікаў. Чаму? Адказ даволі відавочны для ўсіх, хто ведае беларускія рэаліі.

На сваім традыцыйным перадвыбарчым сходзе, які афіцыйна быў названы "Ўсебеларускім народным", прэзыдэнт Лукашэнка шмат наракаў на расейскае кіраўніцтва — галоўным чынам за ягонае нежаданьне надалей даваць Беларусі газ і нафту па заніжаных коштах. Даўні сябар "Свабоды" Кастусь Сырэль з Ушачаў з гэтай нагоды піша:

"Рыгоравічу амаль пяць год таму казалі, што кошт газу для Беларусі будзе паступова павялічвацца да эўрапейскага ўзроўню. Дый так было ясна, і многа раней, што ад новай рынкава-капіталістычнай Расеі іншага чакаць немагчыма. Дык чаго ж тады ўзьнімаць гвалт на ўсю краіну, што дрэнная Расея за 5 год павялічыла кошт газу ў чатыры разы, і падаваць гэта як нейкую сэнсацыю? Да гэтага трэба было спакойна рыхтавацца, мадэрнізуючы вытворчасьць, а не ў хакей гуляць.

А навошта скандаліць з-за таго, што кошт газу падымаюць заўсёды пад Новы год? Калі не падабаецца — не цягні з падпісаньнем дамоваў да Новага году, падпішы іх у верасьні ці хаця б у лістападзе. Навошта народу глядзець твае пераднавагоднія гістэрыкі і церабіць сабе нэрвы?

Тут міжволі прыгадваюцца "пяцімінуткі нянавісьці" з оруэлаўскага "1984"…

Некалі я пісаў на "Свабоду", што канфлікт — стыхія Лукашэнкі, у ім Рыгоравіч адчувае сябе, як рыба ў вадзе. Таму ён і стварае канфліктныя сытуацыі на роўным, здавалася б, месцы.

І вось невялічкі штрых да псыхалягічнага партрэту Рыгоравіча, які мала каму вядомы і які пацьвярджае мае высновы.

Калісьці я быў знаёмы з дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Ўладзімерам Іванавічам Хвашчом, колішнім рэдактарам нашай раённай газэты. На жаль, Уладзімера Іванавіча ўжо няма сярод жывых — памёр некалькі год таму. Вечная яму памяць.

Неяк мне давялося рамантаваць Іванавічу тэлевізар. Пасьля заканчэньня ён прапанаваў выпіць па кілішку, я не адмовіўся. Хаця мы ўдваіх не адолелі й паўбутэлькі, але размова атрымалася цікавай. Гаварылі і пра прэзыдэнта, а дакладней, калі ён яшчэ ня быў прэзыдэнтам, а быў такім самым дэпутатам, як і Ўладзімер Іванавіч. Натуральна, яны і выпівалі разам, інакш я ня вёў бы гэтай размовы.

Дарэчы трэба сказаць, што ў саўгасе "Гарадзец", якім кіраваў Лукашэнка, быў цэх па вырабу вяндліны. І Рыгоравіч прывозіў таварышам па дэпутацкім корпусе (так бы мовіць, "на дэгустацыю") узоры сваёй прадукцыі. Уладзімер Іванавіч вельмі хваліў тую вяндліну.

Але справа, уласна, ня ў вэнджаных кумпяках, а ў тым, як паводзіў сябе Рыгоравіч у кампаніі на добрым падпітку. Ён пачынаў наракаць на сваё няшчаснае жыцьцё. Вы, маўляў, расьлі з бацькам і маткай, а я няшчасны сірата, ніхто мяне не шкадуе, ніхто мяне ня любіць. Даходзіла аж да сьлёз. Усе кідаліся супакойваць беднага Сашу, усе шкадавалі яго, але гістэрыка працягвалася…

І па сёньня Рыгоравіч увесь час наракае на сваё гаротнае жыцьцё. І Расея яго ня любіць, і Амэрыка, і апазыцыя крытыкуе, і кандыдаты ў прэзыдэнты ганяць, і так далей, і таму падобнае.

Толькі ніхто нешта ня кідаецца супакойваць беднага Сашу…"
.

Ну, цяпер аб прыватным жыцьці Аляксандра Лукашэнкі зьвестак значна меней, чым было на пачатку 90-х гадоў, спадар Кастусь. Ці кідаюцца яго супакойваць, а калі супакойваюць, то хто і як — мы можам меркаваць толькі па тым, што паказваюць тэлекамэры дзяржаўнага тэлебачаньня. А гэтыя тэлекамэры, як вядома, у руках ня толькі журналістаў, але і цэнзараў.

Што да канфлікту паміж Лукашэнкам і крамлёўскімі кіраўнікамі Мядзьведзевым і Пуціным, то на мінулым тыдні ўсе назіралі, як хутка палітыкі такога кшталту здольныя забыць (ці зрабіць выгляд, што забылі) лаянку і абразы на свой адрас — у сытуацыі, калі ідзе размова пра ўласную палітычную будучыню (у выпадку з Лукашэнкам) альбо амбітныя імпэрскія пляны (у сытуацыі Мядзьведзева).

І на заканчэньне — ліст ад Ігната Гавенскага з Полацку — таксама пра выбары — пра перадвызначанасьць іхных вынікаў і бездапаможнасьць апазыцыі, якая намагаецца што-небудзь зрабіць у такой сытуацыі. Слухач піша:

"Вытанчаны фарс пад назвай "Выбары" набліжаецца да даўно вядомага ўсім фіналу. І ўсё гэта — незалежна ад таго, што гавораць кандыдаты на пасаду прэзыдэнта, якія мітынгі яны праводзяць. Выбарчыя камісіі ўжо падрыхтавалі добра адпрацаваны за 16 гадоў фокус з датэрміновым галасаваньнем. А потым, на дзень асноўнага галасаваньня, таксама гатовы сцэнар на непрадбачаныя выпадкі. Калі бюлетэняў за Лукашэнку будзе малавата, дык яны зробяць так: зьбяруць бюлетэні, пададзеныя за іншых кандыдатаў, у адзін стосік, а зьверху пакладуць бюлетэні за Лукашэнку. І няхай назіральнікі, якіх ня пусьцяць да стала бліжэй чым на 5 мэтраў, паспрабуюць убачыць і разабрацца, што там да чаго.

Другі тур у нас у прынцыпе немагчымы. Але Аляксандар Рыгоравіч, калі захоча, можа арганізаваць і яго — каб выбары прызнаў законнымі Эўразьвяз.

Мой прагноз на будучыню несуцяшальны. Калі Лукашэнка застанецца кіраваць пажыцьцёва, то пад канец ягонага праўленьня (гэта значыць — жыцьця) Крэмль арганізуе вельмі моцны і шырокі прарасейскі рух у Беларусі, які пераможа на тых прэзыдэнцкіх выбарах, у якіх Лукашэнка ня здолее ўдзельнічаць фізычна. І наша Беларусь страціць сваю незалежнасьць. А наш зрусыфікаваны народ нічога не адчуе. А магчыма, будзе нават радавацца. Але здарыцца гэта, можа, гадоў праз сорак"
.

Сапраўды, спадар Ігнат, русыфікацыя ўсяго грамадзкага жыцьця ў Беларусі дасягнула нябачаных маштабаў. І Лукашэнка пры кожным зручным выпадку любіць паўтараць сваю даўнюю тэзу, што беларусы і расейцы, маўляў, амаль што адзін народ. Палітычныя высновы тут напрошваюцца самі. Калі адзін народ — то чаму дзьве дзяржавы, а ўрэшце — чаму два прэзыдэнты?

Такі лягічны ланцужок, аднак, дзейная ўлада працягваць ня хоча. Прынамсі цяпер, калі будаўніцтва так званай "саюзнай дзяржавы" безнадзейна спынілася, а шанцы перабрацца ў маскоўскі Крэмль фактычна зьніклі. Але ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць. Пры ўсёй татальнай моўнай русыфікацыі ідэя аб’яднаньня з Расеяй сярод беларусаў з кожным годам страчвае прыхільнікаў. Прычым што далей, то болей. І гэта пакідае шанцы на тое, што новыя пакаленьні беларусаў здолеюць распарадзіцца дзяржаўнай незалежнасьцю сваёй краіны разумней, чым іхныя бацькі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by