ОНТ "выдала" апазыцыйным кандыдатам па адным працэнце

Віталь Цыганкоў

Некаторыя асноўныя палітычныя падзеі апошніх дзён у аглядзе Віталя Цыганкова.

Ціхановіч: Адной з найбольш прыкметных падзеяў стала прапанова Ўладзімера Някляева да іншых кандыдатаў на прэзыдэнта зьняць свае кандыдатуры на гэтых выбарах. Нагадаем, што ніхто з кандыдатаў не пагадзіўся гэта зрабіць, і прапанова Някляева не была падтрыманая. Віталь, на вашую думку, ці можна сказаць, што гэтая прапанова мела нейкія шанцы на посьпех?

Цыганкоў: Безумоўна, не. Тое, што нейкіх супольных дзеяньняў апазыцыйных кандыдатаў ня будзе, -- ні наконт зьняцьця, ні наконт вызначэньня адзінага кандыдата – стала зразумела, бадай, ужо даўно. Калі сцэнар адзінага кандыдата быў адрынуты даволі даўно, яшчэ ў працэсе падрыхтоўкі да выбараў, то натуральна, што з кожным днём да галасаваньня яго рэальнасьць усё менш верагодная.

На маю думку, прапанова Ўладзімера Някляева выклікана найперш зьменай замежнапалітычнай сытуацыі. Апошнія пагадненьні ў Маскве паказалі, што Расея зноў вырашыла паставіць на Аляксандра Лукашэнку, што менавіта ён зьяўляецца адзіным прарасейскім кандыдатам. Таксама неадназначная пазыцыя Эўропы і нават ЗША (падпісаная ў Астане супольная заява дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава, паводле якой Беларусь заявіла, што ліквідуе ўсе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану), паказалі, што беларускай апазыцыі даводзіцца спадзявацца толькі на Плошчу. Гэта адзіны варыянт, які застаецца для абароны атрыманых вынікаў галасаваньня.

Ціхановіч: Віталь, а ці ёсьць нейкія падставы меркаваць пра тое, якія вынікі галасаваньня можа абвясьціць ЦВК?


Цыганкоў: Так, ускосна такія высновы можна рабіць паводле гэтак званага тэлефоннага апытаньня, якое было праведзена ў нядзелю увечары на тэлеканале АНТ у перадачы "Контуры" . Досьвед папярэдніх выбарчых кампаніяў паказвае, што звычайна выніковыя афіцыйныя пратаколы супадаюць з падобнымі "апытаньнямі". Менавіта да гэтых лічбаў рыхтуюць публіку. Такім чынам, паводле тэлефоннага апытаньня АНТ, за Лукашэнку прагаласавалі 73 працэнты, усе апазыцыйныя кандыдаты атрымалі каля працэнта. Цікава, дарэчы, што рэжысэры гэтага тэлефоннага апытаньне не пажадалі выдзяляць кагосьці з кандыдатаў, дзяліць іх на моцных ці слабых, ці як-небудзь зьвяртаць увагу на рэйтынгі сацыёлягаў, паводле якіх Някляеў, напрыклад, меў яшчэ ў кастрычніку каля 15 працэнтаў. Яны, паўтаруся, далі ўсім калі працэнта, той жа Някляеў атрымаў у гэтым апытаньні 0,89 працэнта. Нагадаю, што некалькі тыдняў таму Лукашэнка гаварыў, што іншыя кандыдаты маюць ня больш як некалькі працэнтаў падтрымкі. Магчыма, якраз гэтая ўстаноўка і будзе рэалізоўвацца.

І яшчэ адно. Аналітыкі выказвалі меркаваньне, што ўлада "дасьць" камусьці з апазыцыйных кандыдатаў другое месца, "прызначыць" яго лідэрам апазыцыі на бліжэйшыя гады. Здаецца, аднак, што ўлада дзейнічае больш простымі схемамі.

Ціхановіч: Віталь, падзеяў апошніх дзён таксама сталі і заявы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Макея, які 11 сьнежня на тэлеканале “РТР-Беларусь” паведаміў аб правакацыях, якія нібыта рыхтуюцца апазыцыяй на дзень выбараў з ужываньнем выбуховых рэчываў. Якія мэты гэтай заявы?


Цыганкоў: Па-першае, найбольш відавочная ляжыць на паверхні – гэта запалохаць патэнцыйных удзельнікаў акцыяў пратэсту на Плошчы, паўзьдзейнічаць на тых, хто хістаецца. Па-другое, перастрахавацца на той выпадак, калі на Плошчы сапраўды адбудуцца нейкія гвалтоўныя акцыі –маўляў, вось, мы ж папярэджвалі загадзя. Цікавая, дарэчы, тут лёгіка – бо калі б улады сапраўды нешта такое ведалі, то выдайце факты, пакажыце грамадзкасьці. Ну і па-трэцяе, натуральна, што большасьць кандыдатаў адразу пачалі даказваць, што Плошча будзе мірнай. Магчыма, гэтага ўладам і трэба было, каб кандыдаты самі ўзялі на сябе адказнасьць, што ніякага радыкалізму падчас акцыяў пратэсту ня будзе, каб людзі пастаялі і разышліся.