Уладзімер Мышак: “Уладам праўда – страшнейшая ад пісталета”

У чаканьні на прыступках навучальна-мэтадычнага цэнтру

Гомельскія грамадзкія актывісты Ўладзімер Сякерка і Валер Клімаў не змаглі сёньня правесьці сход выбарцаў, каб агітаваць супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.

А 16-й гадзіне ля навучальна-мэтадычнага цэнтру афіцыйнага аб’яднаньня прафсаюзаў сабраліся дзясяткі два гараджанаў, пераважна пэнсійнага ўзросту, якія ведалі пра анансаваны сход.

Уладзімер Сякерка як заяўнік сходу і кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” зьвярнуўся да прысутных:

“Паважаныя сябры! Я адзін з ініцыятараў правядзеньня тут сходу з выбарцамі з мэтай агітацыі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Закон дазваляе нам гэта рабіць. Мы зьвярнуліся ў раённую камісію, каб выдзеліла памяшканьне. Але нам адмовілі. Я прашу прабачэньня перад вамі за дзеяньні ўладаў”.

Актавая заля навучальна-мэтадычнага цэнтру абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў, прызначаная гарвыканкамам для агітацыйных сходаў, была зачыненая. Акурат там і замаўлялі свой сход гомельскія актывісты. Ахова прапускала ахвочых толькі ў кітайскую рэстарацыю “Пэкін”.

На запытаньне актывістаў старшыня Цэнтральнай раённай камісіі па выбарах прэзыдэнта, ён жа намесьнік кіраўніка раённай адміністрацыі Андрэй Гарбачоў, паведаміў, што 12 сьнежня – нядзеля, і яна зьяўляецца “выходным днём для ўсіх працаўнікоў згаданай установы”. А выбарчае заканадаўства “не прадугледжвае зьмены графіку працы ўстановаў, якія зьяўляюцца ўласьнікамі памяшканьняў, прызначаных для правядзеньня перадвыбарчых сходаў агітацыі”.

Прыкладна такі самы адказ атрымалі Ўладзімер Сякерка і Валер Клімаў на сваю скаргу і ад старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.

Прысутныя гараджане ня толькі адмоўна рэагавалі на такія парадкі падчас агітацыйнай кампаніі, але й мелі што сказаць на адрас улады.
Увесь сьвет жыве пераменамі, і нічога небясьпечнага не здараецца...


Спадарыня Тацяна:

“Увесь сьвет жыве пераменамі, і нічога небясьпечнага не здараецца. А мы, беларусы, хаця жывем у цэнтры Эўропы, топчамся на месцы. Вядома, хацелася б пераменаў. Я ня шмат маю супраць Лукашэнкі. Але тое, што ён дыктатар, прызнаю ня толькі я. Ягоны мэтад кіраваньня – несучасны, недэмакратычны, а значыць – ён і непэрспэктыўны”.

Былы малалетні вязень фашыстоўскіх лягераў Уладзімер Мышак:

“Я ўсё жыцьцё, зь дзяцінства ненавіджу абман. А ў нас абман узьведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Нават тут абман. Па законе мы маем права тут сабрацца, выступіць – людзей падманулі, не пусьцілі. Улада баіцца праўды, бо тут людзі могуць сказаць праўду. А ім гэтая праўда – страшнейшая ад пісталета”.
Па законе мы маем права тут сабрацца, выступіць – людзей падманулі, не пусьцілі...


Гомельскія актывісты сталі ініцыятарамі сходаў выбарцаў для агітацыі супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Выбарчае заканадаўства дазваляе агітацыю “за” і “супраць” любога кандыдата.

Першы падобны сход адбыўся 10 сьнежня з ініцыятывы гомельскіх апазыцыйных актывістаў Уладзімера Кацоры і Васіля Палякова ў ДК “Фэстывальны”.

Гэтым разам улады палічылі за лепшае спаслацца на фармальныя падставы і не дапусьціць такога сходу. Прапановы зрабіць гэта ў іншы дзень выглядаюць звычайнай адгаворкай. Часу на агітацыю застаецца ўсё меней, і апошнія дні актывісты могуць згубіць на розныя бюракратычныя ўзгадненьні.