Прадметны сьвет Судэка

Зянон Пазьняк, фота Юліі Дарашкевіч з яе жж - http://fotaczka.livejournal.com

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.
Ёзаф Судэк (1896-1976 гг.) – фатограф знаны ў Эўропе і ў сьвеце, гонар чэскай фатаграфіі. Трэба сказаць, што з усіх краінаў былога “сацыялістычнага лягеру” ў Чэхаславаччыне мастацкай фатаграфіі надавалі, бадай што, найбольш увагі. Выпускалася некалькі часопісаў па фатаграфіі, існавала вышэйшая адукацыйная ўстанова і, як вынік, працавала шмат добрых фатографаў, сярод якіх старэйшы Ёзаф Судэк быў неафіцыйным мэтрам і зоркай першай велічыні.

Пасьля 1-й Сусьветнай вайны ён стаў інвалідам (пашкоджаная нага і ампутаваная правая рука). Спачатку здымаў у манеры піктарэалізму, потым, у 20-х, захапіўся мадэрнізмам, прадметнай фатаграфіяй. Разам з чэскім фатографам-мадэрністам Ярамірам Функам яны заснавалі Чэскае фатаграфічнае таварыства. Пазьней Судэк вярнуўся да клясычнай фатаграфіі, здымаў Прагу і краявіды Чэхіі ў рамантычнай манеры. За жыцьцё ён выдаў 16 фотаальбомаў, удзельнічаў у выставах. Імя яго стала шырока вядомым ня толькі на радзіме.

У 1927 годзе Судэк купіў фотастудыю ў Празе, у якой працаваў да канца жыцьця. Гэта быў драўляны дом у выглядзе лацінскай літары “L” з дворыкам, цёмным пакоем і здымачным павільёнам з шырокім вакном.

У гэтай студыі Судэк прапрацаваў да канца сваіх дзён, яна стала для яго адметнай зьявай у творчасьці. Усё жыцьцё Судэк фатаграфаваў сваю студыю, асабліва дворык пры розных станах прыроды, у розныя поры года, пры зьменлівым асьвятленьні. На гэтую тэму ён зьняў шмат цыклаў і выдаў чатыры фотаальбомы, напрыклад, “Усё, што ў вакне маёй студыі” альбо “З вакна маёй студыі” і інш.

Вокны, сваё асяродзьдзе творчасьці здымаюць, як мне здаецца, бальшыня фатографаў. Але Судэк стварыў цэлыя цыклы “свайго вакна” і “віду ў дворык са свайго вакна”. Сутнасьць жа ў тым, што ягоныя цыклы дворыка і вакна, -- гэта цэлыя фота-паэмы надзвычайнага хараства. Адзін і той жа двор, адно і тое ж дрэва, адно і тое ж вакно паўтараюцца дзясяткі разоў, і не слабее цікавасьць на ўсё глядзець, бо кожнае фота іншае, кожнае ёсьць мастацкае адкрыцьцё, навеенае іншым станам і пачуцьцём, прытым зроблена вельмі прыгожа, у надзвычайнай выяўленчай якасьці.

І ўспамінаюцца словы аднаго будыйскага мудраца, што, назіраючы і думаючы, сьвет можна пазнаць, не выходзячы са двара.

Фота 1


Фота 1 (Дворык)
, якое мы тут экспануем, якраз тыповае для гэтага цыклу творчасьці Судэка. Тут мы бачым праз запацелыя шыбы тое шматпаўторанае судэкаўскае дрэва, агароджу, мокры сьнег за вакном, дзе ўгадваецца зімовы прыцемак. Фота настраёвае, якое ўзбуджае мноства асацыяцыяў у гледача, бо кожны бачыў і перажываў нешта падобнае.

Шмат хто з фатографаў любіць здымаць “прадметную рэальнасьць” (нацюрморт, як кажуць, у жывапісе, але ў фатаграфіі гэтае паняцьце значна шырэйшае). Тое, што мне прыходзілася бачыць у гэтым жанры фатаграфіі, схіляе мяне да перакананьня, што ў здымцы прадметнай рэальнасьці Судэку не было роўных. Тут усё стаяла на вышэйшым ўзроўні. Найперш, мастацкі густ, потым кампазыцыя, выбар прадмета і тэмы, надзвычайнае валоданьне асьвятленьнем і супэр-выдатная тэхніка ўсіх працэсаў.

Зазначу, што свае “прадметныя рэаліі” Судэк звычайна здымаў вялікай камэрай і друкаваў кантактам з нэгатыва, які ўмеў дасканала апрацаваць (я мяркую, што майстра карыстаўся гліцынавымі праяўнікамі, -- настолькі багатыя паўтаны ягоных фота).

Фота 2

Фота 2 (“Шклянка вады”)
, якое я прапаную паглядзець, якраз вельмі тыповае для фатаграфіяў Судэка. Мы бачым, што перадача матэрыяльнасьці дрэва, шкла і вады тут надзвычайныя і, што цікава, асьветлена ўсё адной натуральнай крыніцай сьвятла (сьвятло з вакна). Дарэчы, хачу падкрэсьліць, што з усіх прадметаў самае тэхнічна цяжкае фатаграфаваньне – гэта здымка шкла (шкляных вырабаў). Тут трэба ўмець дасканала абыходзіцца са сьвятлом і дасканала апрацоўваць нэгатыў (прытым толькі шырокага фармату). Але для Судэка тут не існавала ніякіх цяжкасьцяў. Ягоныя фота прадметнай красы, адкрываюць цэлы сьвет хараства, якое вакол нас і пра якое мы часам нават не задумваемся.

Гэтыя фота добра карэспандуюць з усёй ягонай творчасьцю: ці гэта пранізаны промнямі інтэр’ер гатычнага касьцёла, ці туманная панарама Прагі, ці краявіды Багеміі, ці вечнае і зьменлівае вакно ягонай студыі. Усюды такое адкрыцьцё ўнутранай сутнасьці, хвалюючага эстэтычнага падтэксту ў асаблівых і адначасна звыклых абставінах. Такія ёсьць рысы судэкаўскага “клясычнага рамантызму”. Ягоная творчасьць – гэта цэлая філязофія хараства.

Пасьля сьмерці Судэка ягоны дом і студыю, апетую ім у фатаграфіях, спалілі ў 1985 годзе. Аднак потым у 2000 годзе сумны гэты выпадак быў папраўлены (у межах магчымага). Дом-студыю Судэка адбудавалі нанова (пабудавалі копію). І цяпер там музэй і галерэя фатаграфіі.

(Фатаграфіі Ёзафа Судэка, якія мы тут экспануем, узяты з вольнага Сеціва).