Толькі ў Беларусі патрэбны дазвол на экзыт-полы

Ліцэнзіі на правядзеньне экзыт-полаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі атрымалі тры арганізацыі: аналітычны цэнтар «ЭкооМ», Беларускі камітэт моладзевых арганізацый і кампанія «TNS-Украіна». Ці спрабавалі атрымаць дазвол уладаў на экзыт-полы незалежныя сацыялягічныя службы? Ці існуе такая практыка ліцэнзіяў, дазволаў у суседніх краінах?

У Беларусі дазволы на правядзеньне сацыялягічных дасьледаваньняў падчас выбараў дае адмысловая камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук. Сайт ЦВК апублікаваў сьпіс зь дзевяці сацыялягічных службаў, якія маюць права праводзіць сацыялягічныя апытаньні, датычныя выбараў. Адмысловыя ліцэнзіі на экзыт-полы атрымалі толькі тры кампаніі.

Кіраўнік аксыёмэтрычнай лябараторыі «НОВАК» прафэсар Андрэй Вардамацкі паведаміў, што ягоная служба афіцыйна зьвярталася па дазвол у камісію:

«Спрабавалі. Нам ня далі. Без усялякіх тлумачэньняў».

Ці мелі шанцы незалежныя сацыялягічныя службы наагул атрымаць дазвол на правядзеньня экзыт-полаў? Экспэрт зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прафэсар Алег Манаеў на гэта пытаньне адказаў так:

«Ня мелі. Таму што кантраляваць немагчыма. Кантраляваць падчас збору інфармацыі, а па-другое, што самае важнае, кантраляваць вынікі. І ў інтэрвію дырэктар „ТНС-Украіна“ спадар Чурылаў казаў, што па дамове з АНТ дадзеныя перадаюцца ў АНТ, і яны вырашаюць, публікаваць ці не публікаваць. І так, я перакананы, па ўсіх астатніх сацыялягічных арганізацыях. Гэта — у пакеце патрабаваньняў».

То бок, калі, да прыкладу, канал АНТ, які «замаўляе музыку», ня будзе задаволены вынікамі сацыёлягаў пры правядзеньні экзыт-полу, у эфір яны ня трапяць. Генэральны дырэктар «ТНС-Украіна» спадар Чурылаў у аўторак у інтэрвію Радыё Свабода распавёў, што яны рыхтуюць агульнааналітычныя вынікі да 20-й гадзіны 19 сьнежня і перададуць іх каналу АНТ. А тыя будуць вырашаць, што і дзе агучваць. Прафэсар, дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў кажа:
І якія б дадзеныя не атрымалі — няважна, на чыю карысьць: Лукашэнкі, апазыцыі, наагул нічыю — мы б гэта апублікавалі і так, як палічылі б патрэбным, і дзе палічылі патрэбным.


«А калі б гаворка ішла пра НІСЭПД альбо пра „НОВАК“, мы б ніколі на гэта не пагадзіліся. І якія б дадзеныя не атрымалі — няважна, на чыю карысьць: Лукашэнкі, апазыцыі, наагул нічыю — мы б гэта апублікавалі і так, як палічылі б патрэбным, і дзе палічылі патрэбным. Яны гэта добра разумеюць, і гэта самая галоўная прычына, зь якой шанцаў на атрыманьне такога кшталту дазволу, прынамсі, у НІСЭПД, даўным-даўно няма і ня будзе».

Ва ўсім сьвеце тэлеканалы замаўляюць апытаньні, экзыт-полы аўтарытэтным сацыялягічным службам. І разьлічваюць на рэальныя вынікі, якія абнародуюць. Гэта звычайная практыка, кажа ўкраінскі сацыёляг Ірына Бякешкіна, дырэктар фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», які праводзіць экзыт-полы з 1998 году:

«Мінулым разам ва Ўкраіне было 6 кампаній, якія праводзілі экзыт-полы на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта былі вядомыя, аўтарытэтныя, рэальна працуючыя кампаніі, і іх вынікі сышліся».

Але ніякіх адмысловых дазволаў, тым больш ліцэнзіяў на правядзеньне экзыт-полаў няма нідзе ў сьвеце, кажа ўкраінскі сацыёляг Ірына Бякешкіна:

«Беларусь у гэтым сэнсе ўнікальная краіна, я нават артыкул напісала „Пятля на сацыёлягаў“, калі ва Ўкраіне спрабавалі ўвесьці штосьці падобнае, пра тое, што мы раўняемся на Беларусь. Таму што зразумела, што ліцэнзіі будуць даваць, каму захочуць. А каму не захочуць, даваць ня будуць. Але такой практыкі — я адмыслова вывучала — акрамя Беларусі, не знайшла нідзе. У Расеі таксама ня трэба браць ніякіх дазволаў».