Фёдар Лук’янаў: “Першапраходзец Лукашэнка”

Фёдар Лук'янаў

Расейскі журналіст, галоўны рэдактар часопісу “Россия в глобальной политике” Фёдар Лук’янаў у публікацыі на сайце inosmi.ru аналізуе асобу Аляксандра Лукашэнкі і беларускія палітычныя рэаліі.

Выступаючы з заключным словам на Ўсебеларускім народным сходзе, Аляксандар Лукашэнка сказаў: “Мы з вамі, і перш за ўсё я, прабачце за нясьціпласьць, ляпілі гэтую краіну. Мы яе ляпілі, як маглі. І не было пазначаных шляхоў, па якіх трэба было ісьці. І маем тое, што маем”. Цяжка больш ёміста рэзюмаваць найнавейшую гісторыю Беларусі і ролю ў ёй чалавека, які празь некалькі дзён чарговы раз стане яе прэзыдэнтам.

У адрозьненьне ад некаторых іншых рэспублік Саюзу ССР, дзе існавалі дастаткова ўплывовыя нацыянал-дэмакратычныя рухі, Беларусь ніколі не ўваходзіла ў лік першапраходцаў самастойнасьці. Краіна здабыла сувэрэнітэт з прычынаў ад яе самой у асноўным незалежных. Жаданьне расейскага кіраўніцтва пазбавіцца ўлады Гарбачова і саюзнага цэнтру ў спалучэньні з сэпаратысцкімі тэндэнцыямі ў Прыбалтыцы і Закаўказьзі зрабілі за малалікіх і зусім маргінальных беларускіх нацыяналістаў пачатку 1990-х гадоў працу, якая ім самім была яўна не пад сілу. Аднак, нечакана здабыўшы ўладу, нацыянал-дэмакраты нечакана яе й страцілі. Прычым тое, што здарылася ў Беларусі ў 1994 годзе, нельга назваць рэваншам сілаў мінулага. Бо прэзыдэнтам стаў малады палітык новага пакаленьня.
Лукашэнка, якога доўга лічылі расейскай марыянэткай, амаль з нуля стварыў новую нацыянальную ідэнтычнасьць Беларусі...


Лукашэнка, якога доўга лічылі расейскай марыянэткай і які актыўна выкарыстоўваў тэму братэрства народаў і інтэграцыі з Расеяй, пры гэтым амаль з нуля стварыў новую нацыянальную ідэнтычнасьць Беларусі. Гэта наўрад ці ўдалося б яго апанэнтам, якія вінавацілі Лукашэнку ў здрадзе інтарэсаў радзімы, бо чыста нацыяналістычны праект у духу Народных франтоў ня меў шанцаў у постсавецкай Беларусі. Затое дзіўная мешаніна сацыяльнай рыторыкі (захаваньне найлепшага з савецкай мінуўшчыны), своеасаблівай вялікадзяржаўнасьці (адстойваньне ідэі саюзнай дзяржавы і процістаяньне Захаду), элемэнтаў нацыянальнага міту (бітва пры Грунвальдзе і інш.) прышчапілася на беларускай глебе, не гатовай для стандартнага ўсходнеэўрапейскага варыянту. І хоць устойлівасьць такой ідэнтыфікацыі не відавочная, і яна будзе мяняцца, Лукашэнка прывучыў суграмадзянаў да таго, што яны жывуць ва ўласнай сувэрэннай дзяржаве. І адмаўляцца ад яе не зьбіраюцца.

Аляксандар Лукашэнка атрымаў максымум з імкненьня Расеі адчуваць сябе “старэйшай сястрою”. Саюзная дзяржава, запушчаная ў канцы 1990-х, станавіла сабою абмен эканамічных прэфэрэнцыяў для Менску на яго дэманстрацыйную геапалітычную ляяльнасьць Маскве. У той час гэта задавальняла абодва бакі. Потым сытуацыя пачала зьмяняцца. Расея пры Пуціну большы ўпор рабіла не на “пацалункі”, а на эканамічную выгаду, для чаго спрабавала вывесьці інтэграцыю на наступны ўзровень – агульная валюта, адзіны эмісійны цэнтар, Канстытуцыйны акт... Але Лукашэнка добра разумеў, што ў выпадку сапраўднага аб'яднаньня ягоны статус непазьбежна зьнізіцца аж да страты рэальнай улады. Розьніца ў вазе партнэраў занадта вялікая (Пуцін неяк сказаў аб суадносінах 97 да 3). Два апошнія прэзыдэнцкія тэрміны (пасьля выбараў 2001 і 2006 гадоў) беларускаму лідэру ўдавалася лявіраваць, у цэлым захоўваючы эканамічныя льготы Масквы і працягваючы гаварыць пра інтэграцыю, але ўхіляючыся ад збліжэньня. Гэта, праўда, выклікала ўсё большае раздражненьне Крамля.
Лукашэнка прывучыў суграмадзянаў да таго, што яны жывуць ва ўласнай сувэрэннай дзяржаве. І адмаўляцца ад яе не зьбіраюцца...


2010 год стаў пераломным. Намножаныя эканамічныя супярэчнасьці перарасьлі ў востры палітычны канфлікт па цэлым шэрагу тэмаў – ад прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і адносінаў да зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева да курсу, ведзенага ў асноўных супольных інстытутах – АДКБ і Мытным саюзе. Фінальным акордам стала асабістая сварка прэзыдэнтаў Мядзьведзева і Лукашэнкі, якія перасталі саромецца ў выразах на адрас адзін аднаго.

Беларускі прэзыдэнт даўно паддобрываецца да Эўразьвязу. Яшчэ адносна нядаўна яго там называлі не інакш як “апошні дыктатар Эўропы”. Потым Стары Сьвет сьцішыў крытыку, палічыўшы, што важней вывесьці Менск з сфэры расейскага ўплыву, прыручыўшы яго. Але эканамічны крызіс зьмяшаў і гэтыя карты – амбіцыі Эўразьвязу істотна зьнізіліся, траціць значныя грошы і сілы на суседнія краіны ён цяпер абсалютна не гатовы. Тым ня менш Аляксандар Лукашэнка не пакідае надзеі разыграць і эўрапейскую карту, прынамсі для таго, каб узмацніць пазыцыі ў торгу з Расеяй. Як мінімум, аднаго ён, падобна, дамогся. Як бы ні прайшлі выбары 19 сьнежня, Эўропа ня будзе аб'яўляць іх несапраўднымі, а выбраньне Лукашэнкі нелегітымным, як гэта бывала раней.

Хутчэй за ўсё, ня будзе гэтага рабіць і Масква, нягледзячы на непрыхаваную антыпатыю да Лукашэнкі. Па-першае, гэта ідзе надта ўжо насуперак лініі Расеі на тое, што выбары – выключна ўнутраная справа любой краіны. Па-другое, непрызнаньне вынікаў заганяе адносіны ў канчатковы тупік, няясна, як узаемадзеяць у рамках шматбаковых інстытутаў. Хутчэй, Расея проста прыме да ведама вынік галасаваньня.
Калі Лукашэнка ня схоча пераступіць праз амбіцыі і, пераабраўшыся, працягне атакаваць Расею, ня выключаны і іншы сцэнар – маштабная гандлёва-эканамічная вайна...


Далей магчымыя два сцэнары. Бакі могуць зрабіць выгляд, што перагортваюць старонку. Першы сыгнал павінен паступіць ад Менску, Масква на яго адкажа. Уладзімер Пуцін нядаўна зноў выказаўся ў тым духу, што эканамічныя запатрабаваньні Беларусі могуць быць задаволеныя ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, якую мяркуецца далей ствараць на базе Мытнага саюзу. Аднак калі Лукашэнка ня схоча пераступіць праз амбіцыі і, пераабраўшыся, працягне атакаваць Расею, ня выключаны і іншы сцэнар – поўнамаштабная гандлёва-эканамічная вайна з закрыцьцём расейскіх рынкаў для беларускіх тавараў і максымальна неспрыяльнай цэнавай каньюнктурай на вуглевадароды. Такі варыянт вельмі непрыемны для абодвух бакоў, але гэта ўжо будзе пытаньне прынцыпу.

Улетку 1994 году, падчас інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, наўрад ці нехта мог уявіць, што гэты былы дырэктар саўгасу і заўзяты дэмагог заступае на прэзыдэнцкі пост, каб заставацца на ім два дзесяцігодзьдзі. Ды яшчэ й ператворыцца ў прыкметнага эўрапейскага палітыка, які вядзе азартную гульню з уладнымі людзьмі.

Той, каго многія лічылі увасабленьнем “саўка”, у сапраўднасьці шмат у чым апярэдзіў постсавецкую і эўрапейскую палітыку. Таленавіты папулізм, падкрэсьленая адсутнасьць якой-небудзь ідэалёгіі і этычных абмежаваньняў, якія замяняюцца абвостранай інтуіцыяй “палітычнай жывёліны”, бравіраваньне ўласнай фізычнай формаю, непераборлівасьць у сродках, гатовасьць да маніпуляваньня – Лукашэнка акумуляваў усе якасьці, уласьцівыя сёньня шмат якім лідэрам на вялізнай прасторы ад Уладзівастоку да Лісабону. Вядома, яму дасюль не стае глянцу і адукацыйнай базы Сыльвіё Бэрлюсконі або Нікаля Сарказі, усё ж адбіваецца саўгаснае паходжаньне, але ў астатнім ён сьмела можа залічаць сябе да той самай палітычнай кагорты.
Лукашэнка акумуляваў усе якасьці, уласьцівыя сёньня шмат якім лідэрам на вялізнай прасторы ад Уладзівастоку да Лісабону...


Яшчэ адносна нядаўна “бацька” выглядаў прыкрым выняткам на фоне агульнай атмасфэры абноўленай Эўропы, але цяпер ён ужо ня так выдзяляецца. Зьмяніўся не Лукашэнка, зьмянілася ўсё навокал. Імкліва правее Стары Сьвет, дзе лібэралізм дае збоі пад ціскам глябалізацыі, а аб правох чалавека ўсё часьцей гавораць проста таму, што так належыць. Расея ж пераняла за апошнія 10 гадоў нямала ноў-хаў, якія “бацька” ўжываў яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Бо Лукашэнка першы на постсавецкай прасторы асвоіў мэтад “кіраванай дэмакратыі” – не глухога і змрочнага сярэднеазіяцкага аўтарытарызму, а больш гнуткай і адаптыўнай сыстэмы. А першапраходцам заўсёды дастаюцца ляўры.