Мядзьведзеў і Лукашэнка сустрэліся сам-на-сам

Кіраўнікі Расеі і Беларусі правялі асобную двухбаковую сустрэчу да пачатку пасяджэньня найвышэйшага органу Мытнага саюзу.

Пра гэта паведамляе РИА-Новости з спасылкаю на прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта Натальлю Цімакову. Паводле яе, у часе сустрэчы абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў рамках Мытнага саюзу.

Больш дэталёвым быў у сваёй інфармацыі прэсавы сакратар беларускага прэзыдэнта Павел Лёгкі. Спасылаючыся на яго, БЕЛТА паведамляе, што кіраўнікі гаварылі ў фармаце сам-насам больш як паўтары гадзіны. Па словах Лёгкага, сустрэча праходзіла ў спакойнай, канструктыўнай і сяброўскай атмасфэры. Паведамляецца таксама, што па ініцыятыве расейскага боку прэса не прысутнічала. Аляксандр Лукашэнка, выйшаўшы пасьля сустрэчы, толькі пажартаваў на адрас журналістаў, што прэса, маўляў, не пасьпявае за прэзыдэнтамі.