Мастак Алесь Пушкін чакае суду

Алесь Пушкін

Мінулую ноч Алесь Пушкін правёў пад вартай у Крупскім РАУС. Мастака затрымалі ўчора ў яго дома — у вёсцы Бобр Крупскага раёну — нібыта за хуліганства. Жонка Алеся Пушкіна цьвердзіць, што затрыманьне было справакаванае.

Справу Алеся Пушкіна мае разгледзець суд Крупскага раёну — пра гэта паведаміла старшыня райсуду Любоў Сівакова. Даць нейкі камэнтар ці хаця б паведаміць, у чым вінавацяць мастака, старшыня суду адмовілася. Адно парэкамэндавала патэлефанаваць пасьля абеду, каб даведацца пра судовае рашэньне. Судзьдзя, які будзе разьбіраць справу Пушкіна, яшчэ не прызначаны.

Тэлефоннай сувязі з затрыманым мастаком няма: тэлефон ён мусіў пакінуць дома. Як распавяла Яніна Пушкіна, мужа забралі ў міліцыю ўчора каля 15.45. Міліцыянты зьявіліся да іх дахаты, сказаўшы, што на Алеся Пушкіна напісаў заяву аднавясковец — паскардзіўся, што мастак яго зьбіў.

Яніна Пушкіна кажа, што насамрэч агрэсіўна настроены сусед заходзіў да іх у двор і мастаку давялося яго выводзіць, але ніякай бойкі не было. Міліцыянты запатрабавалі, каб Алесь Пушкін паехаў зь імі ў Крупскі РАУС, але той адмаўляўся. Супрацоўнікі міліцыі выклікалі падмацаваньне, і некалькі чалавек літаральна на руках зацягнулі Пушкіна ў службовую машыну.

Жонка лічыць, што скарга суседа — гэта толькі правакацыйная падстава для затрыманьня напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Яна мяркуе, што мужа могуць асудзіць з надуманай прычыны, абы 19 сьнежня ён быў пад вартай. І згадвае, што ў час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў мастак таксама знаходзіўся пад арыштам — яго асудзілі на 15 сутак за дробнае хуліганства: нейкі рыбак з супрацьлеглага боку рэчкі нібыта чуў, што мастак лаецца нецэнзурнымі словамі.