На агітацыйную кампанію Лукашэнкі ў рэгіёнах мясцовыя ўлады завабліваюць артыстаў з Менску й Расеі. Аплочаныя артысты на сваіх канцэртах адкрыта заклікаюць падтрымаць дзейную ўладу ў Беларусі. Адначасна мясцовыя чыноўнікі намагаюцца задобрыць выбарцаў іншымі спосабамі.
Падрабязнасьці — у паведамленьнях карэспандэнтаў «Свабоды».
Агітацыя за Лукашэнку на забароненай для іншых кандыдатаў плошчы Леніна
У Мазыры мясцовыя ўлады з мэтай агітацыі за дзейнага кіраўніка дзяржавы арганізавалі на плошчы Леніна канцэрт «За моцную, квітнеючую Беларусь» з удзелам сталічных сьпевакоў і музыкаў. Агітацыйныя мерапрыемствы на гэтай плошчы для апазыцыйных кандыдатаў райвыканкам забараняе.
Апавядае мазырскі актывіст кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Целяпун:
«Канцэрт зрабілі на плошчы Леніна, дзе забаронена праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы. На ім выступілі Пятро Кірычэнка, намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму, і старшыня нашага райвыканкаму Ўладзімер Дворнік. Кірычэнка адкрыта заклікаў падтрымаць дзеючую ўладу. Толькі яна, маўляў, забясьпечыць нам дабрабыт і ўсё лепшае».
Вяла канцэрт нязьменная вядучая «Славянскага базару» Алена Сьпірыдовіч. Выступалі таксама Дзіма Калдун, Іна Афанасьева, баяніст-віртуоз Паша Неўмяржыцкі, групы «3+2», «Топлес».
Целяпун: «Падчас канцэрту прадавалі сьпіртовыя напоі, бліны, шашлыкі. Гулянка была! Каб гэта ўсё выглядала як заможная Беларусь. Хаця ў гэты самы час у адным канцы плошчы прарвала трубу, цякла вада, залівала плошчу ля ўнівэрмагу. А ў другім канцы мэр Дворнік гаварыў, як яны цудоўна працуюць і як усё тут цудоўна».
Да агітацыі ў Мазыры за Лукашэнку сярод студэнтаў мясцовага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Шамякіна спрычыніўся й старшыня аблвыканкаму Аляксандар Якабсон. Ён заяўляў, што ня ведае іншых кандыдатаў, апрача дзейнага кіраўніка дзяржавы. А калі й ён ня ведае, то як яны могуць быць кіраўнікамі краіны?
Падобныя цэнтралізаваныя канцэрты «За моцную, квітнеючую Беларусь» адбыліся таксама ў Рэчыцы, Сьветлагорску, Жлобіне, некаторых іншых райцэнтрах.
Апавядае актывіст кампаніі «За справядлівыя выбары» Тэльман Масьлюкоў са Сьветлагорску:
«У Жлобіне на канцэрце выступалі Іна Афанасьева, сьпявачка Вэнэра, Вера Карэтнікава, Віктар Пшанічны, ансамбль „Бяседа“, група „Цягні-Штурхай“. Пры канцы канцэрту выступілі старшыня райвыканкаму Апанасюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Батан, намесьнік старшыні аблвыканкаму Барысенка. Яны адкрыта ў падтрымку прэзыдэнта не выказваліся, але ўся танальнасьць выступаў падкрэсьлівала, што Беларусь — гэта краіна, якая квітнее. І адсюль прысутныя павінны былі рабіць выснову, што трэба падтрымліваць цяперашнюю ўладу».
«Ласковый май» дапаможа кандыдату «фанэрай»
У Горадні заплянаваны на 17 сьнежня выступ расейскага ансамблю «Ласкавый май», які залічваюць да плыні, якая завецца «папсой». Канцэрт адбудзецца ў «падтрымку дзейнага прэзыдэнта».
Пра тое, у чыю падтрымку маюць выступіць музыкі «Ласкавага маю», паведамляецца на афішы каля філярмоніі. У цэнтры гораду вісяць іншыя — з выявай саміх музыкантаў. Расклейшчыца афішаў сказала мне, што тых, у якіх гаворыцца пра падтрымку прэзыдэнта Лукашэнкі, было вельмі мала —дзесяць штук, і ўсе аддалі для Кастрычніцкага раёну, дзе знаходзіцца канцэртная заля філярмоніі.
Я пацікавіўся ў камандзе кандыдата на прэзыдэнта Рыгора Кастусёва — як яны ўспрынялі навіну пра «рэклямны» канцэрт «Ласкавага маю»? Кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
«На самой справе гэта не забаронена. Але сам падбор гурта — гэта ж мінулае стагодзьдзе. Я думаю, што ў такім выпадку квіткі будуць распаўсюджвацца такімі арганізацыямі, як „Белая Русь“, БРСМ, прафсаюзы. Гэта таксама фармальна не забаронена, бо не ідзе напрасткі ў рамках кандыдата Лукашэнкі: зьнешняя дапамога, не зьвязаная зьнешне з кампаніяй».
У гарадзенскай абласной філярмоніі пацьвердзілі, што канцэрт «Ласкавага маю» мае адбыцца ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Што тычыцца квіткоў, то ў наяўнасьці сёньня любыя — ад самых танных, па 25 тысяч рублёў, да самых дарагіх — па 50 тысяч.
Сярод кандыдатаў на прэзыдэнта пакуль што сьпевы і дэклямацыі выкарыстоўваў у сваёй кампаніі найперш паэт Уладзімір Някляеў. Яго давераная асоба ў Горадні Зьміцер Бандарчук ня зьдзіўлены будучым канцэртам «Ласкавага маю». Ён зазначае:
«А наконт канцэрту: у нас 11 сьнежня заплянаваная сустрэча ў Горадні з Уладзімірам Някляевым і павінен будзе адбыцца канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча. Сустрэча адбудзецца на „Радыёхвалі“ ў актавай залі».
Вакаліст гарадзенскага гурту «Mister X» Ігар Банцар таксама займаўся арганізацыяй у горадзе канцэртаў вядомых польскіх гуртоў. Ён зазначае, што ў 1993 годзе на стадыёне ў Горадні выступіў «Ласковый май», які быў тады на вяршыні папулярнасьці. Ігар кажа, што выступ адбыўся «пад фанэру» і пакінуў дрэннае ўражаньне. 7-га ў Горадні выступіў стары брытанскі гурт «Smokie», быў поўны аншляг. Якія шанцы ў Горадні ў «Ласкавага маю»?
Банцар: «Дзень перад імі павінен быў выступіць „Пікнік“ з Расеі, даволі вядомы гурт, але білеты не прадаліся. Калі гурт сапраўды цікавы, легендарны, то людзі прыходзяць. А вось канцэрты так званых расейскіх зорак у нас ня раз адмянялі. Або беларускіх таксама. Вельмі часта яны не зьбіраюць залю. І таму практыка распаўсюджваньня квіткоў праз прадпрыемствы — яна часам выкарыстоўваецца. Калі гурт ня варты, то толькі адміністрацыйны рэсурс можа дапамагчы».
«Дзяржзаказ» філярмоніі — выкананьне твораў патрыятычнай тэматыкі
Яшчэ ў лістападзе ў Віцебскім лядовым палацы прайшоў вялікі канцэрт пад лёзунгам «Беларусь — гэта мы». На ім выступілі зоркі беларускай эстрады, а ў залі зь дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі сядзела не адна сотня БРСМаўцаў.
Але «ўзьнімаць настрой насельніцтва з дапамогай мастацтва» працягваюць далей — і ўжо ня толькі эстраднымі сьпевамі, але і клясычнай музыкай.
Супрацоўніца віцебскай абласной філярмоніі распавяла, што гэтую культурніцкую ўстанову таксама абавязалі далучыцца да акцыі «Беларусь — гэта мы»:
«Гэтая акцыя «Беларусь — гэта мы» — гэта дзяржаўнае заданьне, «дзяржзаказ» такі. Маўляў, нацыянальная ідэя, падтрымка і гэтак далей — што вось мы такія беларусы. Прапаганда музычных твораў патрыятычнай тэматыкі, якая кансалідуе людзей вакол ідэі і каштоўнасьці сучаснай беларускай дзяржавы. І ў нас свае былі канцэрты ў межах гэтай акцыі.
Нацыянальную ідэю ў межах дзяржаўнай замовы ў Віцебску падтрымлівалі менскія артысты — дзяржаўны камэрны аркестар, струнны квартэт «Сэрэнада» і салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету. Віцебскія артысты ў дзяржаўнай канцэртнай праграме не спатрэбіліся. У іх іншыя функцыі — абслугоўваць так званыя філярманічныя пляцоўкі ў аграгарадках: ладзіць канцэрты ў рэгіёнах.
На будынку віцебскай філярмоніі вісіць вялікая аб’ява пра тое, што 19 сьнежня адбудуцца прэзыдэнцкія выбары.На гэтым месцы мелася быць іншая інфармацыя — пра фэстываль імя Івана Салярцінскага, вядомага музычнага крытыка, ураджэнца Віцебску, кажа супрацоўніца філярмоніі:
«Быў банэр фэстывалю Салярцінскага. Міжнародны музычны фэстываль, 22-гі ўжо. Наш банэр так зь мінулага году і ляжыць. Бо тут у нас — выбары».
Фэстываль праходзіць у Віцебску з 2 па 22 снежня. Але гарадзкое кіраўніцтва вырашыла, што выбары для філярмоніі — нашмат важнейшыя.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

ВІЦЕБШЧЫНА