У Гомелі прарэктары напалі на агітатара

Яўген Якавенка

Гомельскі агітатар Яўген Якавенка раздаваў на скрыжаваньні вуліц Карповіча й Чырвонаармейскай агітацыйныя ўлёткі за Ўладзімера Някляева. Гэта побач зь Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам транспарту.

Якавенка: «Да мяне падышлі два прарэктары, як высьветлілася, Канстанцін Бачкоў і Галіна Чаянкова, і сталі рабіць заўвагі, што я нібыта няправільна агітую. Прарэктар па навуцы Бачкоў схапіў за руку й гвалтам пацягнуў ва ўнівэрсытэт. І тут ужо ўсе разам накінуліся. Стаялі студэнты-курсанты — і ўжо ім аддавалі загады трымаць мяне. Я патрабаваў выклікаць міліцыю, калі яны лічаць, што я нешта парушаю».

Ва ўнівэрсытэт прыехалі міліцыянты, а таксама Валер Сляпухін, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Яўген Якавенка напісаў заяву ў міліцыю на прафэсара Кастанціна Бачкова, які гвалтам утрымліваў яго.

«Я нават запытаўся ў міліцыянтаў, — кажа Яўген, — ці трэба было з мэтай самаабароны даць у вуха прарэктару? Але міліцыянты такі намер не ўхвалілі».

Гэта ўжо другі інцыдэнт ля ўнівэрсытэту транспарту. Колькі тыдняў таму дзяжурныя ахоўнікі ўнівэрсытэту перашкаджалі актывістам Някляева падчас збору подпісаў. У сытуацыю таксама ўмешвалася міліцыя.

Дарэчы, Яўген Якавенка — выпускнік унівэрсытэту, ня так даўно ён атрымаў тут дыплём інжынэра-электрыка.