Мядзьведзеў у Варшаве: Мы пайшлі на шэраг беспрэцэдэнтных крокаў

Д.Мядзьведзеў і Б.Камароўскі

Урачыстае вітаньне прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева сёньня перад прэзыдэнцкім палацам у Варшаве праходзіла пры пратэстах людзей, якія дамагаюцца высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў катастрофы польскага ўрадавага самалёта Ту-154 пад Смаленскам 10 красавіка сёлета, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі з жонкай і яшчэ каля 100 чалавек.

Пратэстоўцы ў Варшаве трымалі расьцяжкі з надпісамі "Смаленск: Мы хочам праўды", "Чаму расейцы не аддаюць чорных скрынак?", "Дзе параненыя з самалёта?". Падобныя дэманстрацыі мелі месца таксама ў Кракаве, Познані і Гданьску.

"Нядобрая засуха ў польска-расейскіх стасунках закончылася", – сказаў прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі на супольнай прэс-канфэрэнцыі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым пасьля двухбаковых перамоваў.

Мядзьведзеў сказаў журналістам, што Расея пайшла на шэраг беспрэцэдэнтных крокаў насустрач Польшчы ў высьвятленьні расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні органамі НКВД. Расейскі прэзыдэнт у гэтай сувязі нагадаў перадачу Варшаве матэрыялаў з расейскага расьсьледаваньня катынскай трагедыі і нядаўнюю рэзалюцыю Дзяржаўнай Думы Расеі, у якой расейскі парлямэнт прызнаў адказнасьць таталітарнага сталінскага рэжыму за гэтае злачынства.

Адначасова Мядзьведзеў нагадаў, што ў двухбаковых польска-расейскіх адносінах пакуль яшчэ ня высьветлена справа гібелі дзясяткаў тысяч чырвонаармейцаў у польскім палоне ў пачатку 1920-х гадоў.

Адказваючы на пытаньне журналіста пра сьледзтва ў справе катастрофы польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам у красавіку, Мядзьведзеў прызнаў, што сьледзтва пакуль яшчэ не завершанае.

Камароўскі і Мядзьведзеў паведамілі журналістам, што прынялі пастанову ўшанаваць ахвяры катастрофы абэліскам на месцы іх гібелі.

Па выніках сустрэчы бакі падпісалі некалькі дамоваў эканамічнага характару.