Віцебскім агітатарам за Міхалевіча пагражаюць фізычнай расправай

Алесь Галавань

Як распавёў віцебскі актывіст Алесь Галавань, ужо два дні запар прыхільнікі Алеся Міхалевіча ня маюць магчымасьці вольна раздаваць мінакам улёткі. З тэрыторыі гандлёвага цэнтру “Эвіком” агітатараў прагналі ахоўнікі, а каля гандлёвага цэнтру “Кантынент” давялося паспрачацца з грамадзянамі, якія назваліся міліцыянтамі.

Алесь Галавань кажа, што ў абодвух выпадках былі пагрозы прымяніць фізычную сілу.

Ахоўнікі гандлёвага цэнтру “Эвіком” заявілі, што дазволу на правядзеньне агітацыі актывісты мусяць пытацца ў прэзыдэнцкай адміністрацыі – маўляў, менавіта там знаходзяцца гаспадары гэтай тэрыторыі. Нязгода агітатараў выклікала абурэньне: ахоўнікі ў нецэнзурных выразах сталі патрабаваць, каб актывісты спынілі агітацыю.

Падобная сытуацыя адбылася і каля гандлёвага цэнтру “Кантынент”. Калі Алесь галавань і Валеры Раманенка ўжо завяршалі распаўсюд улётак, да іх падышлі яўна нецьвярозыя грамадзяне, назваліся супрацоўнікамі міліцыі ды пачалі пагражаць фізычнай расправай.

Паводле Алеся Галаваня, у абодвух выпадках актывісты палічылі за лепшае сысьці, каб не правакаваць бойку і не ствараць адмоўных прэцэдэнтаў падчас агітацыйнай кампаніі.