Сьмерць Бябеніна. Падрабязнасьці высноваў экспэртаў АБСЭ

«У завядзеньні крымінальнай справы па факце сьмерці Алега Бябеніна адмоўлена з-за адсутнасьці складу злачынства. Пракурорская праверка завершана», — паведаміў Інтэрфаксу начальнік сьледчага аддзелу пракуратуры Менскай вобласьці Сяргей Гупаловіч.

«Следства прыйшло да высновы, што Бябенін пакончыў жыцьцё самагубствам праз павешаньне», — заявіў Галуповіч.

Прадстаўнік пракуратуры адзначыў, што рамках праверкі былі праведзеныя і завершаныя судова-мэдычная, генэтычная, крыміналістычная і шэраг іншых экспертызаў.

Бябеніна знайшлі ў пятлі 3 верасьня 2010 на ягоным лецішчы пад Менскам.

Яго паплечнікі заявілі, што ня вераць, што ён сам зрабіў сабе сьмерць.

Пракуратура два разы падаўжала тэрміны праверкі, апошнім разам гэты тэрмін быў прадоўжаны да 3 сьнежня.

Два незалежныя судова-мэдычныя экспэрты АБСЭ, якія дасьледавалі справу сьмерці беларускага журналіста Алега Бябеніна, сьцьвердзілі, што прычынай ягонай сьмерці было самагубства праз павешаньне.

Мандат, які атрымалі экспэрты на працу ў Беларусі, не дазваляў ім правесьці асобнае расьсьледаваньне, а толькі праверыць і ацаніць матэрыялы расьсьледаваньня, праведзенага беларускім бокам.


Падрабязнасьці высноваў экспэртаў АБСЭ


Праверку акалічнасьцяў сьмерці Алега Бябеніна праводзілі старшы інспэктар-крыміналіст паліцыі Стакгольму (Швэцыя) Соня Б'ёрк і прафэсар Інстытуту судовай мэдыцыны Ўнівэрсытэту Осла (Нарвэгія) Сыдсэл Родж.

Паводле зьвестак, здабытых інтэрнэт-газэтай БелаПАН Naviny.by, абодва экспэрты зрабілі адназначную выснову: "Сьмерць наступіла ў выніку самагубства шляхам павешаньня".

Згодна з высновамі судова-мэдычнай экспэртызы, сьмерць Бябеніна наступіла "ў выніку мэханічнай асфіксіі з прычыны здушваньня органаў шыі праз павешаньне".

Зь месца здарэньня былі забраныя і дасьледаваныя: два малаткі, сякера, вяроўка, дзьве бутэлькі з-пад "Беларускага бальзаму", чарка, адзеньне і мабільны тэлефон журналіста.

На рыльцы бутэлькі выяўлены сьляды сьліны нябожчыка.

Адбіткі пальцаў журналіста зафіксаваныя на дзьвюх бутэльках і чарцы.

Паводле заключэньня крыміналістычнай экспэртызы, пашкоджаньняў на вопратцы Бябеніна не было.

Сьлядоў крыві экспэрты нідзе не выявілі.