Што даражэй: зялёны? бел-чырвона-белы?

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».

Вы не мастак у першым значэньні гэтага слова, але Вашы тэксты маюць палітру з многімі фарбамі і адценьнямі. Ці верыце Вы ў магію колераў? Якія зь іх улюбёныя?

Алесь, навучэнец мастацкай школы



У магію колераў глыбока верылі нашыя прапрадзеды. У іхнім космасе колеравую сымболіку мелі, бадай што, усе асноўныя рэчы і зьявы. Сіняя або зялёная барва асацыявалася з захадам, белая — з усходам, чырвоная і чорная — з поўднем і поўначчу. Порам жыцьця — маладосьці, сталасьці, старасьці і сьмерці — адпавядалі чырвоны, залаты, белы і чорны колеры. Штодзённай чорнай вопраткі продкі не насілі, бо гэты колер успрымаўся як сымбаль тугі, смутку, зла. Белы азначаў прыгажосьць і духоўную чысьціню, атаясамляўся з матчыным малаком. Чырвоны — гэта агонь, вечнае жыцьцё. Пра асаблівае шанаваньне апошніх двух колераў сьведчыць наша народнае адзеньне і нацыянальная сымболіка, у якой барвы набылі дадатковае геральдычнае значэньне.

Можна сказаць, што ў магію колераў, часам і не задумваючыся пра гэта, верыць кожны з нас. Немагчыма ўявіць на вясельлі маладую ў цёмным адзеньні, а на пахаваньне ніхто ня пойдзе ў сьветлым. А хто будзе спрачацца, што колеры нацыянальнага сьцягу (які непазьбежна зноў стане дзяржаўным) маюць моцнае ўзьдзеяньне і на тых, хто выходзіць пад ім на вуліцы, і на тых, хто з поўным баявым рыштункам гэтыя вуліцы перакрывае?

Што да маіх, так бы мовіць, асабістых колераў, дык зь дзяцінства любіў зялёны. На ўроках маляваньня ў малодшых клясах маляваў зялёных зайчыкаў і лісічак, а неяк атрымаўся нават зялёны мядзьведзь. Калі мы будавалі канал у бясконцым шаравата-жоўтым казахстанскім стэпе-паўпустэльні, душы не хапала зеляніны, быццам кіслароду.

А потым прычынілася наступная гісторыя. Аднойчы пасьля сустрэчы са студэнтамі й выкладчыкамі геаграфічнага факультэту БДУ да мяне падышоў чалавек, які адразу нагадаў рабіна-кабаліста. Падумалася, што якраз такі некалі стварыў Голема. Бліснуўшы чорным вокам, «кабаліст» паведаміў, што надзелены здольнасьцю бачыць колер чалавечае аўры. У мяне яна зялёная, а таму я мушу заўсёды насіць, прынамсі, адну рэч ў гэтай гаме, а найлепей — ня меней за тры. Тады буду адчуваць сябе больш здаровым, упэўненым, натхнёным.

Я паслухаўся і потым адшукаў дарадцу з геафаку, каб сказаць яму дзякуй ужо апастэрыёры. Ад таго часу абавязкова маю ў штодзённым гардэробе нешта зялёнае (хоць, можа, яно і не заўсёды відаць). Ну а каваны пярсьцёнак з хрызапразам — падарунак знакамітага мастака-ювэлірыка Міколы Кузьміча — даўно зрабіўся, па сутнасьці, часткаю маёй істоты. Можа, якразь ён затрымаў мяне два гады таму на сьвеце, калі я, яшчэ ня ведаючы пра інфаркт, вяртаўся на самалёце зь Лёндану.

Раз-пораз мяне наведвала думка высьветліць, які ж колер пераважае ў маіх тэкстах. Тым больш, сучасная кампутарная тэхніка дазваляе зрабіць тое безь вялікіх праблемаў. Ды пакуль я зьбіраўся пераканацца, што і ў кнігах перавагу мае зялёны, той справаю вырашыў заняцца адзін студэнт Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Нясьціпла пахвалюся, што малады паэт і журналіст Алесь Замкоўскі ўжо абараніў і падараваў мне сваю дыплёмную працу «Сыстэма колераабазначэньня ў мове твораў Уладзімера Арлова».

Дзякуючы Алесю, які прааналізаваў «палітру» кніжак прозы «Сны імпэратара» і «Ордэн Белай Мышы», я нечакана даведаўся, што самымі частотнымі колерамі там былі «спрадвечна беларускія» — белы, чорны і чырвоны. Першы сустракаўся ажно 469 разоў. А вось зялёны (127) апынуўся ажно на сёмым месцы. Між іншага, малады дасьледнік зафіксаваў і ўжываньне трохкампанэнтнага каляроніму «бел-чырвона-белы».

У сувязі з гэтым цяжка не пагадзіцца з Алесем, што колеравыя азначэньні ў творах пісьменьніка «зьяўляюцца неад’емнай часткай аўтарскага сьветабачаньня і сьветаўспрыманьня».

Але ўвадначас дыплёмная праца яшчэ раз засьведчыла, што прыватнае жыцьцё і літаратурная праца — рэчы — хоць, бывае, нейкімі вузельчыкамі і зьвязаныя — вельмі аўтаномныя. А таму, калі ласка, ня блытайце лірычнага героя з аўтарам, які адказвае на вашае пытаньне ўва ўлюбёнай зялёнай кашулі.