Лукашэнка выступаў на саміце, але журналісты яго ня чулі

Аляксандар Лукашэнка

АБСЭ павінна выпрацаваць унівэрсальныя стандарты ацэнкі выбараў. Пра гэта заявіў сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на саміце АБСЭ ў Астане.

"АБСЭ часам зьяўляецца нейкай дубінай у нечых руках у перадвыбарчы пэрыяд той ці іншай дзяржавы. Стандарты выбараў, пра якія гаворыцца прадстаўнікамі і чыноўнікамі АБСЭ, на жаль, у нас адсутнічаюць. Але спасылка пастаянна на гэтыя стандарты. Таму сёньня трэба выпрацаваць стандарты выбараў, і яны павінны быць унівэрсальнымі", — заявіў Аляксандар Лукашэнка, перадае БЕЛТА.

Паводле кіраўніка Беларусі, было б лягічна папрацаваць у АБСЭ над сьцьвярджэньнем агульных для ўсіх прынцыпаў назіраньня за прымяненьнем стандартаў выбараў. Маўляў, "на гэтую тэму ўжо ёсьць прапановы шэрагу краін".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што адным з прыярытэтаў у сфэры правоў чалавека зьяўляецца пытаньне свабоды перамяшчэньня. Ён нагадаў, што "забюракратызаваныя, а часам і адкрыта зьневажальныя для чалавечай годнасьці працэдуры атрыманьня віз, іх неадпаведны кошт зьяўляюцца істотнай перашкодай для свабоднага перамяшчэньня і кантактаў паміж грамадзянамі нашых краін".

Ён адзначыў, што агульным інтарэсам адпавядае моцная агульнаэўрапейская архітэктура стабільнасьці і бясьпекі на аснове шырокага кансэнсусу, сапраўднай салідарнасьці, партнэрства і ўзаемнай павагі. Лукашэнка лічыць, што АБСЭ можа і павінна адыграць ключавую ролю ў фармаваньні такой супольнасьці бясьпекі і стабільнасьці.

"Каб справіцца з гэтай задачай, сама арганізацыя мае патрэбу ў сур'ёзнай мадэрнізацыі".

Таксама Лукашэнка заявіў, што Беларусь выступае за стварэньне ў зоне адказнасьці АБСЭ адзінай сыстэмы бясьпекі.

"Гэта дапамагло б даць усім удзельнікам выразныя і роўныя гарантыі ў гэтай сфэры. У прыватнасьці, лічым, што ядзерныя дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ маглі б ужо сёньня прадставіць няядзерным краінам-удзельніцам безумоўныя і недвухсэнсоўныя гарантыі бясьпекі, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Учора Беларусь і Злучаныя Штаты прынялі тут, у Астане, сумесную заяву аб сумесных мерах па прадухіленьні ядзернага распаўсюджваньня, пацьвердзіўшы, у тым ліку, элемэнты гарантый, якія ўжо існуюць. Гэта важны і канкрэтны ўклад у агульную справу стварэньня бясьпечнай Эўропы і сьвету".

Лукашэнка адзначыў, што вялікая частка стратэгічных выклікаў, якія стаяць перад краінамі, тычыцца эканамічна-экалягічнай і энэргетычнай бясьпекі. Ён прапанаваў распрацаваць і зацьвердзіць ключавыя прынцыпы супрацоўніцтва ў сфэры энэргабясьпекі, якія б прыводзілі да адной роўніцы інтарэсы вытворцаў, транзытэраў і спажыўцоў".

Беларусь таксама выступае за ўмацаваньне ролі АБСЭ ў галіне абароны энэргетычнай інфраструктуры, выкарыстаньня альтэрнатыўных і аднаўляльных крыніц энэргіі, у забесьпячэньні доступу ўсіх краін да перадавых тэхналёгій у гэтай сфэры, сказаў Лукашэнка.

Дарэчы, як паведамляе сайт argumenti.ru, падчас выступу А.Лукашэнкі ў прэсавым цэнтры ўзьніклі тэхнічныя праблемы, з-за чаго шмат хто з журналістаў ягоную прамову проста не пачуў.

У прыватнасьці, падчас выступу Лукашэнкі не было сувязі ў навушніках, празь якія перадаваўся гук зь відэатрансьляцыі на вялікім экране. Праблемы пачаліся падчас папярэдняга выступу – кіраўніка польскай дэлегацыі, аднак гэты збой адбыўся ўпершыню за час працы саміту.