Шушкевіч: У Беларусі няма высокаўзбагачанага ўрану

Беларусь ліквідуе ўсе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану, а ЗША маюць намер даць для гэтага тэхнічную і фінансавую дапамогу. Такое рашэньне зафіксавана сёньня ў супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай з вынікаў сустрэчы дзяржсакратаркі ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава ў рамках саміту АБСЭ ў Астане.

Паводле заявы, Беларусь мае намер ажыцьцявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бясьпецы ў 2012 годзе. Дзяржсакратарка ЗША назвала такі намер “вельмі істотным і важным крокам Беларусі”.

Супольную заяву ЗША і Беларусі адносна ўрану мы папрасілі пракамэнтаваць палітыка, доктара фізычна-матэматычных навук, спэцыяліста ў пытаньнях ядзернай фізыкі Станіслава Шушкевіча.

Бушлякоў: Як вы ўспрынялі інфармацыю аб ліквідацыі беларускага ўрану? Што гэта, чарговы прагматычны крок афіцыйнага Менску?

Шушкевіч: Я наогул ня ведаю, што гэта за спэктакль, пастаўлены беларускім бокам. Таму што ў Беларусі не было і няма гэтага ўзбагачанага ўрану. Адкуль ён мог узяцца? Калі ён ёсьць, ён у вялікім забруджаньні і яго трэба выдзяляць на такіх прадпрыемствах, якіх у Беларусі няма. Таму я разглядаю гэта як спэктакль, пастаўлены беларускай уладай, каб паказаць, што ў яе ёсьць нейкія станоўчыя захады. Не было гэтага ўрану. Усю ядзерную зброю мы вывелі. У свой час я ў Белавескай пушчы сказаў, што мы яе вывядзем без усялякіх перадумоў. Яна была выведзеная. Усе дакумэнты былі падпісаныя яшчэ ў маю бытнасьць старшынём Вярхоўнага Савету РБ. Відавочна, ёсьць у нас тона забруджанага ўрану ад былога дасьледчага рэактара ў Соснах, і гэты бруд трэба некаму сплавіць пад выглядам ня ведаю чаго. Зь яго можна зрабіць бомбу, калі звычайную бомбу начыніць гэтым уранам. Можна зрабіць "брудную" бомбу. Але нічога ядзернага ў нас больш няма: ні ўрану, ні плютонію. Мне здаецца, гэта ўсё вялікая правакацыя нашага ўраду.

Бушлякоў: Вы сьцьвярджаеце, што ядзерны ўран быў у 1990-я гады цалкам выведзены зь Беларусі і цяперашнія гаворкі пра 100, 200, 300 кіляграмаў высокаўзбагачанага беларускага ўрану – ня больш чым фальшывая інфармацыя?

Шушкевіч: Гэта міт. Адкуль ён мог узяцца? У Беларусі няма прамысловасьці, якая можа ўзбагачаць. І ў Беларусі не было такіх дасьледаваньняў, дзе патрабавалася б адчувальная колькасьць узбагачанага ўрану. Іх не было наогул у Беларусі. Гэта ўсё выдумка, вялікая правакацыя. Я ня ведаю, хто там на гэта пайшоў і хто гэтыя байкі слухае.

Бушлякоў: Гаворка ідзе пра тое, што была падпісаная заява міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым і дзяржсакратркаю ЗША Гілары Клінтан. Вы дапускаеце, што амэрыканскі бок увялі ў зман?

Шушкевіч: Я думаю, што амэрыканскі бок мае там нейкія іншыя пункты, на гэта ён проста не зьвяртае ўвагу, бо ён добра ведае, што ў нас урану, зь якога можна рабіць ядзерную зброю, няма. Ні ўрану, ні плютонію.