Саўка ды Грышка: Партрэт кандыдата

Гэтым разам даўнія знаёмцы і ідэйныя апанэнты малююць супольны партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі.



спампаваць


Грышка:

Ідэялёгіі салдатам
Сказаў аднойчы прэзыдэнт,
Каб супастата-кандыдата
Яны накрэмзалі партрэт.

Ён мусіць мець жахлівы выскал,
Бо вораг ён №1.
Каб гэты вобраз добра высьпеў,
Стары гартайце “Кракадзіл”!

Саўка:
А вот няпраўда, так ня была!
Ты тут гарачку не пары.
Ні пра якога кракадзіла
Ніхто саўсем не гаварыў.

Грышка:
Ён у руках трымае зброю.
Ён свой заняў злавесны пост.
Стабільнасьць нашую з табою
Пусьціць ён хоча псу пад хвост.

Саўка:
Няпраўда ваша, так ня была!
Ніхто пра пса не гаварыў.
Хаця ані наш мір стабільны
Хацят пусьціць в тартарары.

Грышка:
Хто, псы?

Саўка:
Да кандзідаты эці…
Ты сам падумаў бы а том,
Што палучылась на партрэце?
Там чорт з рагамі і хвастом!