Статкевіч: «Злазь з даху, ня псуй гонтаў»

Дзьмітры Вус і Мікалай Статкевіч

30 лістапада другі раз у эфіры беларускага тэлебачаньня выступілі кандыдаты ў прэзыдэнты Дзьмітры Вус і Мікалай Статкевіч. Спадар Вус быў па-ранейшаму ляканічным — уклаўся ў 6 хвілін. Мікалай Статкевіч гаварыў рэзка, як ён сам выказаўся, не ва ўласьцівай яму манэры.

Першым выступаў Дзьмітры Вус. Ён распавёў, як увайшоў у палітычнае жыцьцё, як працаваў з Георгіем Таразевічам, як стаў у 1999 годзе дэпутатам Менскага гарадзкога Савету, як канфліктаваў тады з жыльлёва-камунальнымі службамі і выканаўчай уладай. А ўладзе не падабалася, што быў такі дэпутат, які яе кантралюе. Паведаміў спадар Вус і пра свае сур’ёзныя праблемы са здароўем, пра загадкавую сьмерць жонкі. Але гэта — толькі кветачкі, як сказаў кандыдат у прэзыдэнты. А вось, як выказаўся спадар Вус, і ягадкі:

«У мяне ў заканадаўчай і выканаўчай уладзе шмат знаёмых. Ужо ёсьць устаноўка па Менску зрабіць яўку 70%, а 80% павінна быць за Лукашэнку».
Ужо ёсьць устаноўка па Менску зрабіць яўку 70%, а 80% павінна быць за Лукашэнку.

Пры канцы свайго 6-хвіліннага выступу спадар Вус паўтарыў пра сваю папраўку ў выбарчае заканадаўства, якую накіроўвае кіраўніку дзяржавы і за якую падпісаліся яшчэ 7 кандыдатаў у прэзыдэнты:

«Кожны кандыдат мае права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі з правам падліку бюлетэняў і з правам подпісу пратаколаў. Калі гэтага ня будзе, то выбары будуць не дэмакратычныя».

Другім выступіў Мікалай Статкевіч. Распавёў, што ў яго ёсьць добрая праграма, датычная таго, што рабіць, каб мадэрнізаваць і выратаваць эканоміку. Але часу ў кандыдата было мала, таму ён папярэдзіў тых, хто зацікавіцца: праграма ў сераду будзе апублікаваная ў «Советской Белоруссии» і «Минском курьере». У эфіры, патлумачыў Статкевіч, ён будзе казаць пра тое, што адбываецца ў краіне. Згадаў і пра нядаўнюю акцыю на Кастрычніцкай плошчы:

«Напэўна, многія бачылі інфармацыю пра яе па БТ, чулі пра тое, што прыйшло 150 чалавек. Але я хачу паказаць вам фота. Гэта 150 чалавек? Тысячы і тысячы людзей.

Бачыце, што атрымоўваецца? Беларускае тэлебачаньне проста выкарыстоўваецца ўладай, каб вас падманваць. Вы ня ведаеце пра сытуацыю ў краірне. У нас нават не акуляры чорныя — гэтым экранам вам засланяюць інфармацыю, што адбываецца ў краіне».

Распавёў Мікалай Статкевіч і пра чыноўнікаў, у якіх самыя дарагія аўтамабілі, катэджы, пра карупцыю і хабар, пра раскраданьне дзяржаўных датацыяў. Падкрэсьліў, што раскрадаюць краіну бескантрольныя чыноўнікі, а кіраўнік дзяржавы дае магчымасьць ім красьці. Прычым, спадар Статкевіч ані разу не назваў прозьвішча гэтага кіраўніка, выкарыстоўваючы займеньнік «ён».

Кандыдат таксама закрануў праблемы Чарнобылю, платную мэдыцыну, дзяржаўныя пазыкі, якія растуць штомесяц. Згадаў, колькі разоў яго арыштоўвалі, як адпрацаваў 3 гады на «хіміі», колькі ў Беларусі несправядліва асуджаных.

Мікалай Статкевіч нагадаў пра песьню Віктара Шалкевіча, якая называецца «Хамская ўлада», прыказку «Злазь з даху, ня псуй гонтаў». І заклікаў людзей заставацца годнымі, захаваць прыстойнасьць, не паддавацца.

Падчас паўгадзіннай палымянай прамовы кандыдат некалькі разоў паўтараў тэзу:
Краіне патрэбны новы прэзыдэнт. Час гэтага скончыўся.


«Краіне патрэбны новы прэзыдэнт. Час гэтага скончыўся. Але ён ня хоча сыходзіць. На 19 сьнежня прызначана чарговая фальсыфікацыя».

Напрыканцы выступу Статкевіч задаў сам сабе пытаньне: «Навошта я ўдзельнічаю?» і, адказваючы на яго, патлумачыў гледачам, каб не зьдзіўляліся, што кандыдат прамаўляе ў той манэры, як «ён» зьвяртаецца да нас. Зноў жа Мікалай Статкевіч не назваў прозьвішча цяперашняга кіраўніка краіны, якога меў на ўвазе, а выкарыстаў займеньнік:

«Я ведаю, што ты зараз бачыш і чуеш мяне. Я ўдзельнічаю ў тваёй ілюзіі, каб ты, урэшце, зачыніў свой тэатар „Ілюзіён“ і перастаў паказваць свае фокусы-покусы з бюлетэнямі. Правядзі выбары сумленна. Гэта толькі ад цябе залежыць, а не ад гэтых клоўнаў кшталту парлямэнту і кшталту ЦВК».

Далей Мікалай Статкевіч нават даў гарантыі цяперашняму кіраўніку дзяржавы: «Выйграеш сумленна — і мы прызнаем цябе прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, а не самазванцам. Прайграеш — атрымаеш прыстойную пэнсію. Але пры адной умове:

«Але, канечне, калі ня будзе доказаў, што гэта ты аддаў каманду выкрасьці, катаваць і забіць тваіх былых сяброў Захаранку і Ганчара. Забітыя, іх маці і дзеці таксама маюць права на справядлівасьць. А можа, ты таму і за ўладу так чапляесься, што ты маеш за гэтага дачыненьне. Вярні, што скраў. Вярні нам выбары!»

Спадар Статкевіч пажартаваў, што выбары прызначаны на 19 сьнежня, у дзень сьвятога Мікалая, а ён адзіны Мікалай сярод кандыдатаў і таму запрашае выбарцаў на плошчу 19 ўвечары яшчэ і на свае імяніны.