Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вус назваў лічбы «галасаваньня», а Статкевіч паказаў, за што яго баіцца Лукашэнка


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
Якую прапанову іншых кандыдатаў вылучыў у сваім тэлевыступе кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус? Чым Мікола Статкевіч нагадаў Аляксандра Казуліна ўзору 2006 году? Сёньняшнія тэлевізійныя выступы Дзьмітрыя Вуса і Міколы Статкевіча — у дыялёгу нашага аглядальніка Віталя Цыганкова і аглядальніка газэты «Белорусы и рынок» Паўлюка Быкоўскага.

Цыганкоў: Даволі складана камэнтаваць выступ Дзьмітрыя Вуса, паколькі ён больш быў падобны не на выступ кандыдата ў прэзыдэнты, а на аповед пакрыўджанага ўладай чалавека пра сваё гора і нягоды. Тым ня менш некалькі даволі важных рэчаў гэты кандыдат сказаў за свае 6 хвілінаў. Ён заявіў, што з адміністрацыі прэзыдэнта было даведзена ўказаньне забясьпечыць па Менску наступныя вынікі галасаваньня: яўка 70 працэнтаў, і 80 працэнтаў за Лукашэнку. Вус таксама вылучыў канкрэтную прапанову: каб кожны з кандыдатаў патрабаваў магчымасьці дасылаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі.

Быкоўскі: Выступ Вуса быў блытаным і наўрад ці мог прыцягнуць выбарнікаў. Дастаткова цяжка было прасачыць за думкай, і калі нешта нібыта пачало прабівацца, нешта пачало разумецца, — раптам аказалася, што на гэтым выступ і скончыўся.

Цыганкоў: Мікола Статкевіч адразу адзначыў, што ў яго каманды ёсьць добрая эканамічнай праграма, як выратаваць і мадэрнізаваць эканоміку, але гаварыць зараз трэба не пра гэта, а пра тое, што адбываецца ў краіне. Галоўная ягоная тэза: выбараў няма, замест іх фарс, таму я буду казаць пра тое, як вярнуць выбары.

Дарэчы, цікава адзначыць, што Мікола Статкевіч падчас абодвух выступаў ані разу не прамовіў прозьвішча Аляксандра Лукашэнкі. Ён выкарыстоўваў розныя эпітэты, каб называць кіраўніка дзяржавы, але ніколі ня вымавіў ягонае прозьвішча.

Акрамя крытыкі, Статкевіч даў і пазытыўны мэсыдж. Ён заявіў, што «Нашы людзі — самыя лепшыя ў сьвеце», нагадаў пра тое, як людзі яму дапамагалі, калі ён адбываў пакараньне абмежаваньнем свабоды, «хімію», як годна там паводзілі сябе афіцэры ўнутраных войскаў. Такім чынам, Статкевіч, мяркую, даў зразумець, што ён крытыкуе ўладу, чыноўнікаў, але верыць у людзей, у звычайных беларусаў.
Зварот «Вярні, што скраў, вярні нам выбары» — гэта тое, што запомніцца, пра гэта будуць казаць.

Быкоўскі: У Статкевіча было вельмі добра падрыхтаванае завяршэньне выступу. Калі пачатак быў больш-менш скамечаны, як мне падалося, то завяршэньне было такое, якое павінна застацца ў памяці. Тут было 2 галоўныя тэмы. Па-першае, зварот прыйсьці на плошчу. Статкевіч, дарэчы, абыграў тое, што 19 сьнежня — дзень сьвятога Міколы, і запрасіў людзей на плошчу на свае імяніны. Па-другое, адказ на пытаньне, навошта ён пайшоў на выбары. Тут Статкевіч падкрэсьлена перайшоў на спрошчаную мову, зьвярнуўся да Лукашэнкі на «ты», зварот у стылі Казуліна 2006 году. Зварот «Вярні, што скраў, вярні нам выбары» — гэта тое, што запомніцца, пра гэта будуць казаць.

Цыганкоў: Сваімі словамі ў канцы выступу Статкевіч паспрабаваў пазыцыянаваць сябе як вельмі моцнага і страшнага ворага для Лукашэнкі. Ворага, якога Лукашэнка баіцца настолькі, што саджае ў турму перад кожнымі выбарамі. Чалавек, якога так баіцца ўлада, і які сам не баіцца казаць такія словы, пазыцыянуе сябе як моцнага і рашучага кандыдата.

Быкоўскі: Падчас выступу Статкевіча я праглядаў «Twitter», і некаторыя ягоныя выказваньні ўжо пачалі актыўна цытавацца. Напрыклад, «злазь з даху, ня псуй гонтаў». Зь іншага боку, ужо выказваюцца меркаваньні, што гэта можа мець моцныя наступствы для Статкевіча, можа несьці для яго пагрозу.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG