Сустрэча з Банапартам у віцебскім КДБ

Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


З кім з герояў сваіх гістарычных твораў Вы хацелі б сустрэцца і пра што найперш запыталіся б? А яшчэ цікава, які час і якія месцы абралі б для такіх сустрэчаў?

Галіна і Яўген




Вашае пытаньне падказвае ідэю цэлай кнігі.

Зь яе героямі я сустракаўся б у нашым часе — каб яны ведалі, што іхнія дзеі не пайшлі намарна (альбо, калі гэта былі ворагі, — наадварот). Мае суразмоўцы ўбачылі б, што стаяць храмы й гарады, якія яны будавалі, існуе дзяржава, правобразы якой стваралі й баранілі…

У кнізе атрымалася б шмат разьдзелаў і мноства пытаньняў. Праблемаю заўсёды быў бы выбар месца сустрэчы. Здаецца, у Станіслава Лема ёсьць апавяданьне, дзе ў сучаснасьць трапляе сярэднявечны манах. Ачуцца ад шоку і стаць здольным да дыялёгу з далёкімі нашчадкамі ён змог, толькі калі тыя даўмеліся прывезьці госьця зь мінулага ў ягоны родны кляштар.

Таму з Усяславам Чарадзеем я спаткаўся б недзе ў сутарэньнях Сафійскага сабору, якія, адрозна ад самога храму, захавалі старажытнае аблічча. Мяне, зразумела, цікавіла б безьліч рэчаў, але перадусім папрасіў бы распавесьці пра тое, як полацкае войска выйграла бітву на Нямізе. Энцыкляпэдыі й падручнікі дагэтуль уводзяць нас у зман, паўтараючы ўсьлед за кіеўскім летапісцам, нібыта ў той сечы перамаглі дружыны князёў Яраславічаў. (Чаму ж у такім разе «пераможцы» ня рушылі далей, на Полацак, а адсупілі на свае абшары. Між тым, у тыя часы лічылася: хто застаўся «стаяць на касьцях», значыць, на полі бітвы, — той і пераможца.)

Запытаўся б яшчэ і пра Ўсяслававу дачку. Як яе клікалі? Сапраўды яе выдалі замуж за бізантыйскага імпэратара Аляксея І Камніна, ці гэта толькі легенда, якой дасёньня трымаюцца некаторыя аўтары?

Дзе адбылося б рандэву з Эўфрасіньняй, здагадацца няцяжка. Іншая рэч — ці пагадзілася б ігуменьня расказаць гісторыю свайго першага каханьня, якое, магчыма, і прывяло дванаццацігадовую Прадславу за манастырскія сьцены. Юны век князёўны не павінен залішне распальваць вашую фантазію. Тады жыцьцё было больш кароткім ды імклівым: якраз у такую пару княжыя дочкі рабіліся нявестамі, а ў трынаццаць гадоў ужо часта і нараджалі дзіця.

З Рэйнгольдам Гейдэнштайнам, храністам і сакратаром вялікага князя і караля Сьцяпана Батуры, мы размаўлялі б, уладкаваўшыся ў адной з заляў гарадзенскага Старога замку. Няхай бы спадар сакратар адказаў: ці трымаў ён у сваіх уласных руках кнігі зь бібліятэкі Сафійскага сабору пасьля вызваленьня Полацку ад маскоўскіх акупантаў? Ці, можа, апісваў кнігазбор з чужых слоў, падкрэсльваючы, што ў вачах людзей адукаваных ён меў ня меншую каштоўнасьць, чым уся астатняя здабыча. Якраз тады бібліятэка зь летапісамі, фаліянтамі, перапісанымі рукою Эўфрасіньні, зь «Нябеснай і царкоўнай герархіяй» Дыянісія Арэапагіта, па сутнасьці, бясьсьледна прапала…

Генэрал Ордэну езуітаў Габрыэль Грубэр ў добра знаёмых яму анфілядах цяперашняй Полацкай мастацкай галерэі раскалоўся б і адкрыў мне таямніцу сканструяванай ягонымі майстрамі славутай мэханічнай галавы. Той самай, якая, калі верыць ІІІ тому «Живописной России», наганяла на наведнікаў жах, круцячы жывымі вачыма і размаўляючы «на всех употребительных языках».

Напалеона я чакаў бы дзесьці ў гулкім калідоры былога губэрнатарскага палацу ў Віцебску (праўда, зьдзейсьніць намер было б няпроста, бо ў старадаўніх мурах даўно акапалася абласное ўправўленьне КГБ). Там валадар Эўропы адзначаў свой 43-ці дзень нараджэньня. У першы віцебскі дзень ён кінуў шпагу на завалены штабнымі мапамі стол і абвясьціў аб заканчэньні кампаніі 1812 году. Што змусіла яго празь некалькі дзён прыняць фатальную пастанову ісьці на Маскву, а на мапах намаляваць стрэлкі, што пазначалі будучы паход на Індыю?

За адным разам, вядома, запытаўся б Банапарта і пра пакінутую недзе ў Беларусі карэту зь ягоным залатым скарбам, якая ўжо два стагодзьдзі не дае спакою шукальнікам скарбаў. А раптам зьдзейсьнілася б мая мара зьезьдзіць на пару тыдняў у Новую Зэляндыю?

Ігната Грынявіцкага я запрасіў бы ў полацкую кавярню «Даміян», каб пачаставаць тамтэйшай мачанкаю і далікатна высьветліць, з чым былі тыя гарачыя піражкі, порцыю якіх ён зьеў з гарбатаю ў цукерні насупраць Гасьціннага двара, куды Соф’я Пяроўская сабрала бомбакідальнікаў, калі Аляксандар ІІ у першы дзень вясны 1881 году нечакана зьмяніў маршрут руху па сталічных вуліцах…

А на разьвітаньне я падпісаў бы кожнаму з сваіх візаві кніжку, дзе пра іх напісана, і на ўсякі выпадак хуценька адкланяўся.