“Нашы людзі абыякавыя да выбараў”

«Як вы лічыце, чаму на сустрэчы з кандыдатамі ў прэзыдэнты прыходзіць мала людзей? Ці хацелі б вы ўдзельнічаць у такіх сустрэчах?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

Спадар: «Сустрэчы праводзяцца ў той час, калі большасьць людзей на працы. Тут праблема арганізацыі. Плюс абыякавасьць да выбараў. Насельніцтва лічыць, што ўсё ўжо вырашана, выбрана».

Спадарыня: «Я думаю, што мала рэклямуюць гэтыя сустрэчы. Асабіста я як пэнсіянэрка мала чула, дзе праходзяць гэтыя сустрэчы. Запрашэньне мне, скажам так, і не паступала. Было б цікава паслухаць Саньнікава, Статкевіча было б цікава пачуць».

Спадар: «Жаданьне ёсьць паўдзельнічаць у сустрэчы з апазыцыяй — каб хто ад іх быў, у дэбаты ўступіць».

Спадарыня: «Можа, як заўсёды, няма часу — усе сваім занятыя. У прынцыпе, я б хацела, каб застаўся Лукашэнка, як ён і быў».

Спадар: «Я нават ня ведаю, дзе яны й ёсьць. Там, на Сяльмашы, я бачыў толькі адну рэклямку. 30 лістапада будзе сустрэча з адным з кандыдатаў — і болей нічога ня ведаю».

Спадарыня: «Па-першае, напэўна, многія працуюць. У нас людзі надзвычай абыякава ставяцца да выбараў. Часьцяком кажуць, што выбары прайшлі, ужо ўсё вядома. Няма сэнсу».

Спадар: «Магчыма, у людзей проста няма часу. З працы ідуць стомленыя, а яшчэ ісьці на нейкую сустрэчу. Канечне, трэба ведаць, але людзі ня хочуць».

Спадарыня: «Значыць, ім нецікава. Сама я пайду на Саньнікава».

Спадар: «Абыякавасьць і нараджае няведаньне».

Спадарыня: «А няма там чаго слухаць — адна крытыка».

Спадар: «Хіба аб’явы ёсьць дзе-кольвечы? Нідзе ня бачыў! Паслухаў бы, а чаму й не?»

Спадарыня: «Людзі проста ня ведаюць, што адбудзецца сустрэча. Дзе яна адбудзецца, калі?»

Спадар: «Праблема ў тым, што няма адзінага кандыдата. Калі б ён быў, была б, вядома, большая зацікаўленасьць у людзей. А калі такая шырокая альтэрнатыва, то людзі й губляюцца — а да каго хадзіць?»