Выбарчая кампанія ў рэгіёнах: газэты — маўчаць, радыё — шэпча

Рэгіянальныя актывісты дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты заяўляюць пра перашкоды, якія чыняць ім чыноўнікі ў агітацыйнай кампаніі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Давераных асоб крыўдзяць чыноўнікі

Выбарчыя штабы апазыцыйных кандыдатаў у Берасьці патрабуюць ад уладаў павелічэньня месцаў для агітацыі. Акрамя таго, актывісты скардзяцца на наўмысныя перашкоды для сустрэчаў з кандыдатамі ў памяшканьнях.

Давераная асоба Ўладзімера Някляева Мікалай Коўш ініцыяваў у абласным горадзе правядзеньне шэрагу пікетаў у падтрымку кандыдата. Чыноўнікі папярэдзілі, што дазволенымі лічацца толькі тыя пікеты, на якіх непасрэдна прысутнічала давераная асоба:

«Яны тлумачаць свае словы такім чынам: калі я, давераная асоба, не прысутнічаю на пікеце, то пікет зьяўляецца незаконным. Вось я накіраваў заяўку на дзесяць пікетаў, і чыноўнікі запатрабавалі ад мяне графік тых месцаў, дзе я змагу знаходзіцца».
Першыя дні для агітацыі апазыцыйнымі палітыкамі страчаныя.


Паводле слоў суразмоўцы, давераныя асобы кандыдатаў патрабуюць ад мясцовай адміністрацыі павелічэньня колькасьці месцаў для агітацыі. Тыя, якія выдзеленыя чыноўнікамі, малалюдныя і знаходзяцца на ўскраіне гораду.

Давераная асоба Андрэя Саньнікава па Берасьцейшчыне Зінаіда Міхнюк адзначыла, што сустрэчы з кандыдатамі цяпер маюць заяўны характар. Тым ня менш, адміністрацыя ўстановаў патрабуе ад даверанай асобы дадатковых дакумэнтаў:

«Вось, напрыклад, дырэктару ДК прафсаюзаў прыйшлося дадаткова прадстаўляць яшчэ дакумэнты. Нягледзячы на тое, што цяпер такія мерапрыемствы носяць заяўны характар, дырэктар Дома культуры папрасіў нейкія дадатковыя заявы — маўляў, каб ён ведаў, што ўсё гэта законна, каб яму пасьля не прыйшлося даваць справаздачу».

Ігар Маслоўскі, прадстаўнік БХК, адзначае, што кампанія ў рэгіёнах паказала залежнасьць чыноўнікаў і жаданьне стварыць уражаньне дэмакратычнасьці выбарчага працэсу. Тым ня менш перашкодаў для вядзеньня агітацыйнай кампаніі даволі шмат:

«Мясцовая ўлада несамастойная ў прыняцьці рашэньняў. Мы пераканаліся ў гэтым. Напачатку цэнтар гораду быў забаронены для пікетаваньня, потым, калі дазволілі ў Менску, дазволілі і ў рэгіёнах. Зараз тое ж самае адбываецца, і бачым, што першыя дні для агітацыі апазыцыйнымі палітыкамі страчаныя…»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Выбарцы вінавацяць дзяржаўныя СМІ

На Гарадзеншчыне за ўсю агітацыйную кампанію дагэтуль выступіў толькі адзін кандыдат у прэзыдэнты — Яраслаў Раманчук. Сустрэча адбывалася пры невялікай колькасьці выбарцаў.

Чаму нават земляка віталі на радзіме мала людзей? Гэтае пытаньне я задаў звычайнаму выбарцу, які не належыць да ніводнай з палітычных партый.

Спадар: «Перш за ўсё таму, што дзяржаўныя СМІ ігнаруюць выбары ў Беларусі, людзі ня ведаюць, дзе, калі і што будзе адбывацца. Калі мы выйдзем на вуліцу і пабачым наш гарадзкі краявід, а ён такі ва ўсёй Беларусі, мы не заўважым, не адчуем, што ў нас ёсьць выбары».
Калі мы выйдзем на вуліцу і пабачым наш гарадзкі краявід, а ён такі ва ўсёй Беларусі, мы не заўважым, не адчуем, што ў нас ёсьць выбары.

Назіральнік Віктар Сазонаў лічыць, што ўладныя ідэолягі, якія адказваюць за вынікі выбараў на месцах, стварылі за 16 гадоў выбарчую сыстэму, якая не дае збояў. Зь яго слоў, выбарчай тэматыкі ў СМІ няма, улады спэцыяльна затрымліваюць друк агітацыйных матэрыялаў, якіх дагэтуль няма ў рэгіёнах:

«Усё гэта робіцца ня проста так, а менавіта дзеля таго, каб грамадзтва не заангажавалася выбарчай сытуацыяй, каб яно проста ўзгадала, што на працы прыйдзе начальнік і скажа: трэба зьлётаць на датэрміновае галасаваньне, прагаласаваць абы за каго, а потым гэтыя бюлетэні падменяць на патрэбныя».

Сябра штабу Рыгора Кастусёва Максім Губарэвіч сур’ёзнай прычынай незацікаўленасьці выбарцаў апазыцыйнымі кандыдатамі лічыць тое, што іх шмат і яны расьсейваюць увагу выбарцаў:

«Напэўна, пасьля таго, як у 2006 годзе надзеі ня спраўдзіліся, людзі сталі больш асьцярожныя, прагматычныя і ўжо не сьпяшаюцца на гэтыя сустрэчы, а назіраюць збоку і чакаюць, што будзе далей».

Гарадзенскі журналіст Ян Роман глядзіць на гэтыя праблемы зь іншага боку і сьцьвярджае: справа ня толькі ў тым, што рэжым чыніць перашкоды выбарчаму працэсу, але яшчэ і ў прафэсіяналізьме тых палітыкаў, якія выставілі свае кандыдатуры. На яго думку, кампаніі апазыцыйных кандыдатаў вядуцца аматарскім чынам:

«На мой погляд, гэта вельмі аматарскі ўзровень, бо любы палітык, калі ён удзельнічае ў нейкай кампаніі, павінен бачыць мэту, вынік гэтага. Нашы палітыкі заранёў ведаюць, што прайграюць, яны ня бачаць мэты. І ў гэтай кампаніі яны ня ведаюць, што рабіць: адны клічуць на вуліцу, другія ня клічуць, і ў выніку іхнія сустрэчы адбываюцца ў паўпустых залях. Гэта звычайнае аматарства».

«Радыё толькі шэпча, калі ў праграме выступае кандыдат»


Некаторыя жыхары Мастоў не змаглі праслухаць па радыё першую частку выступаў кандыдатаў на прэзыдэнта. Гук быў вельмі дрэнны або і зусім прападаў.

Жыхарка Мастоў спадарыня Аляксандра: «Ранкам толькі шэпча радыё. Я ім патэлефанавала і сказала: напэўна, радыё дрэнна гаворыць таму, што трэба было паслухаць кандыдатаў? А мне адказваюць: як вы маглі такое падумаць? Рэч у тым, што так было і ў мінулыя выбары: калі трэба было паслухаць кандыдатаў, радыё не гаварыла, як толькі скончылася трансьляцыя іхніх выступаў, так радыё адразу загаварыла. Я кажу — так, напэўна, і на гэты раз? Яна кажа: добра, я запішу, майстар прыйдзе праверыць. Запісала ці не, але празь пятнаццаць хвілінаў радыё загаварыла нармальна, але ўжо кандыдаты не выступалі».

Спадарыня Аляксандра наракае таксама, што нідзе няма раскладу выступаў кандыдатаў на прэзыдэнта:

«Прачытаць жа нідзе няма магчымасьці, у ніводнай газэце не надрукавана: нам прыходзіць „Звязда“, раённая газэта, гарадзенская абласная, але ў іх няма інфармацыі — калі хто выступае».

Дзяжурная «Белтэлекаму» ў Мастах, да якой паступіла скарга на немагчымасьць слухаць выступы кандыдатаў на прэзыдэнта, нам патлумачыла:

«Таму што былі на лініі праблемы. Пазваніла жанчына з вуліцы Савецкай, была заявачка, яна выказала прэтэнзію, вырашыла, што нібыта мы спэцыяльна так робім. Больш заявак не было. Ну, я вам так скажу: хто гэта спэцыяльна рабіць будзе, вы што? Тым больш такія рэчы…»
Каб яны хаця б папярэджвалі: паўторым выступы ў запісе ў такі вось час.


Іншая жыхарка Мастоў, спадарыня Вера, жыве на вуліцы Энгельса. У яе таксама былі праблемы з праслухоўваньнем выступаў кандыдатаў на прэзыдэнта:

«На нашай вуліцы ўсе радыёкропкі не гаварылі. У панядзелак і аўторак кандыдаты выступалі, а ў сераду, чацьвер і пятніцу іх не было чутно».

Цяпер радыёкропку наладзілі, кажа спадарыня Вера:

«Сёньня я слухала: Раманчук выступаў, Цярэшчанка, нармальна, усё ў парадку пакуль. Тут ідзе выбарчая кампанія, нейкая адказнасьць павінна быць, непрыемна. Каб яны хаця б папярэджвалі: паўторым выступы ў запісе ў такі вось час».

ВІЦЕБШЧЫНА


Агітацыю кандыдата не спыняе 15-градусны мароз

29 лістапада на Віцебшчыну зноў прыехаў Рыгор Кастусёў. 26 лістапада ён ужо сустракаўся з выбарцамі ў Воршы, а сёньня ладзіць пікеты ў Віцебску і Гарадку ды праводзіць сход у Наваполацку.

Улёткі віцебскім мінакам.

На вуліцы Леніна, каля Летняга амфітэатру, дзе ўсталяваны пікет кандыдата партыі БНФ, зусім ня летняе надвор’е: у Віцебску —15 градусаў. Але мінакі спыняюцца, бяруць улёткі, хто-ніхто нават пазнае Кастусёва — кажуць, глядзелі выступ па тэлевізары.

На пікет завітаў назіральнік ад АБСЭ.

На думку Рыгора Кастусёва, гэта дужа істотна, хоць на сустрэчы з кандыдатамі ходзіць ня так шмат людзей, як хацелася б:

«Зразумела, што хочацца, каб людзей было болей. Але ў розных гарадах бывае па-рознаму, і на пікетах — па-рознаму. Але вось жывыя факты: людзі кажуць, што мяне слухалі, ведаюць, людзі мне ўсьміхаюцца, вельмі прыязна ставяцца да мяне. Людзі разумеюць, што партыя БНФ — гэта абаронца нацыянальных інтарэсаў».

Кастусёва пазналі й пазычылі перамогі.

Насупраць пікета Рыгора Кастусёва ўжо каторы дзень агітуе за байкот выбараў віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ён выйшаў з новым плякатам — «Не галасуй, бо прайграеш».

Рыгор Кастусёў распавядае, што людзі ня йдуць на сустрэчы, бо ім перашкаджаюць — да прыкладу, у мінулую нядзелю ў Магілёве было загадана задзейнічаць студэнтаў на розных імпрэзах, каб яны не прыйшлі да кандыдата. А Барыс Хамайда цьвердзіць, што ёсьць іншыя прычыны, чаму людзі не цікавяцца выбарамі:

«А таму, што людзі разумеюць — гэта ня выбары, а фарс! І людзі ведаюць: пасьля 19 сьнежня ўсё адно Лукашэнка будзе кіраваць краінай! І я ім кажу: трэба зрабіць так, каб выбары былі законныя, а потым ужо хадзіце і галасуйце».

Барыс Хамайда

Паводле Барыса Хамайды, выбары трэба байкатаваць, каб яны не адбыліся — і тады Аляксандар Лукашэнка ня зможа быць легітымным прэзыдэнтам на чарговы тэрмін.

А вось меркаваньне шараговага выбарца, хлопца гадоў пад 25, які спачатку прыслухоўваўся да нашай размовы, а потым вырашыў выказаць уласную думку:

«Не, я мяркую, што на выбары ня трэба хадзіць. Я ў гэтым спэктаклі асабіста ўдзельнічаць не хачу! Здаецца, кандыдаты знарок падабраныя, каб Лукашэнка побач зь імі выглядаў як герой і выратавальнік! І я ў многіх людзей пытаўся — проста цікавіўся, і ў прадпрымальнікаў, і ў простых рабочых, ці пойдуць яны на выбары. Кажуць, што ня пойдуць, але Лукашэнка ім ня трэба — ён іх усіх проста дастаў!»

Тым ня менш кандыдаты спадзяюцца пераканаць выбарцаў Віцебшчыны прагаласаваць за іх. Апрача Рыгора Кастусёва, сустрэчы з кандыдатамі ў вобласьці бліжэйшымі днямі зьбіраюцца ладзіць прыхільнікі Віталя Рымашэўскага і Ўладзімера Някляева.