Статкевіч: "У турме па маім ціску правяралі спраўнасьць таномэтра"

У беларускім заканадаўстве няма правілаў, якія б прадугледжвалі публікацыю мэдычных бюлетэняў пра стан здароўя прэзыдэнта або прадстаўленьне кандыдатамі на прэзыдэнцкую пасаду адпаведных мэдычных даведак у ЦВК. Ня дзейнічаюць падобныя законы і ў іншых постсавецкіх краінах. Хоць заклікі адносна іх увядзеньня ўсё часьцей можна пачуць ад саміх заканадаўцаў. Апошнім часам з такімі ініцыятывамі выступалі дэпутаты Эстоніі, Украіны, Кіргізстану…

Напярэдадні выбараў 19 сьнежня "Свабода" пацікавілася, што думаюць на гэтую тэму кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі, як самі гэтыя людзі падтрымліваюць здаровы лад жыцьця і з чаго б яны пачалі зьмены ў айчыннай ахове здароўя.


Наш сёньняшні суразмоўца — Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч, узрост 54 гады, рост 180 см, вага 87 кг, ціск 120/80.

"Свабода": "Ведаеце, спадар Статкевіч, перад вамі я гутарыла зь іншымі кандыдатамі на прэзыдэнта — людзьмі рознага ўзросту, з рознымі фізычнымі дадзенымі. Аднак усе яны, паводле іхных слоў, як і вы, маюць прыкладна адзін, як у касманаўтаў, ціск: 120/80. Выключэньне складаюць хіба што два самыя маладыя, якія проста ня ведаюць свайго ціску. Пра што гэта сьведчыць, на вашу думку?"

Статкевіч: "Але ж гэта зразумела... Кандыдаты павінны выглядаць здаровымі. Але ўжо ж паверце мне ды іншым на слова. Калі я быў на галадоўцы ў турме, то лекарка, якая мерыла мне ціск, казала: па вашым ціску можна правяраць спраўнасьць таномэтра".

"Свабода": "У вас тады былі сур’ёзныя праблемы са здароўем? Гэта неяк адбілася на вашым далейшым самаадчуваньні?"

Статкевіч: "Я маю адну праблему. Пасьля першай галадоўкі ў вязьніцы, калі камэра не праветрывалася, а людзям перадавалі мяхамі цыгарэты, я займеў
Турэмныя лекары параілі мне пад сваім імем у дзяржаўных мэдычных установах ня лекавацца
праблемы з бранхітам. Я быў вымушаны зрабіць здымак у турэмным шпіталі. І мне нечакана паставілі вельмі страшны дыягназ. Аднак сярод тых лекараў былі і тыя, хто мяне ведаў. І яны тэрмінова правялі такое ж абсьледаваньне, але ў суседнім рэнтген-кабінэце. Паказалі, што я абсалютна здаровы, але параілі мне пад сваім імем у дзяржаўных мэдычных установах ня лекавацца".

"Свабода": "І калі раптам што?"

Статкевіч: "Па знаёмых. Пакуль я ў добрай форме, дзякуй Богу. А так, калі раптам нейкае абсьледаваньне, то раблю ўсё празь сяброў".

"Свабода": "Як вы падтрымліваеце ўласнае здароўе?"

Статкевіч: "Я займаюся фізкультурай усё сваё сьвядомае жыцьцё. Прабежкамі, бегам займаўся нават у палярную ноч, калі служыў у войску на савецкай Поўначы. Цяпер няма дзе бегаць, але ж я ў дзень праходжу дзесьці па 7 км. У мяне таксама дома на сьценцы ў калідоры турнічок вісіць".

"Свабода": "Як вы ацэньваеце цяперашняе здароўе нацыі?"

Статкевіч: "Цяперашняе здароўе нацыі — праблема. Пра гэта сьведчыць найперш працягласьць жыцьця.
Сацыяльная рэкляма на тэму фізычнай культуры павінна ісьці штодня.
Калі ў нас меркаваная працягласьць жыцьця мужчыны — гэта гадоў 65, пра што можна гаварыць? Мы ў Эўропе на апошніх пазыцыях паводле гэтага паказчыка. Вялікі адсотак людзей, якія злоўжываюць алькаголем. Шмат сьмерцяў. Да гэтага вялікі адсотак людзей, якія злоўжываюць тытунёвымі вырабамі. Гэта ўсё адбіваецца на здароўі нацыі. Як адбіваецца і беспэрспэктыўнасьць. Людзі пачынаюць сьпівацца. Усё пачынаецца з самога маладога ўзросту. Бачыш гэтую моладзь зь півам — цяпер іх стала меней, яны хаваюцца, але бачыш, што яны закупляюць рэгулярна піва ў крамах. Але дай гэтым людзям нармальна зарабляць, пэрспэктыву — і ўсё зьменіцца. Усё ідзе ад адсутнасьці ўсялякіх пэрспэктыў, нармальных умоў для самарэалізацыі".

"Свабода": "А ці не станоўчы такі прыклад, калі кіраўнік дзяржавы, міністры вядуць узорна спартовы лад жыцьця? Ці не заўважылі вы, робячы паездкі па рэгіёнах, што ўсё больш людзей выходзяць на хакейныя пляцоўкі?"

Статкевіч: "На жаль, не. Той жа хакей — гэта дарагая забава ў нашых умовах. Нацыя ня можа так масава кінуцца ў хакей. Гэта толькі такі прэзыдэнт, які працуе на чвэрць стаўкі, можа дазволіць сабе такое. Да таго ж лёд вельмі дарагі ў нашых умовах. Я ведаю, што ў Баранавічах заробак людзей, якія працуюць у гэтым палацы, — прыкладна 200 тысяч рублёў. Бо туды ніхто ня ходзіць. Па разу схадзілі людзі, і ўсё. Бо кусаецца. Па-другое, гэты від спорту вельмі траўматычны і паказаны далёка ня кожнаму. Усе гэтыя лядовыя палацы на здароўе нацыі не ўплываюць. Яны могуць уплываць на стварэньне нацыянальнай хакейнай каманды, перамогу на Алімпіядах, што, безумоўна, прыемна для нацыянальнага гонару і ўмацоўвае патрыятызм. Для здароўя нацыі патрэбныя даступныя заняткі фізычнай культурай. Шкада, што ня ўсе людзі ў гэтым выхаваныя. І іх трэба пераконваць. Штодня павінна быць сацыяльная рэкляма на гэтую тэму. А ня тое, што каманда прэзыдэнта выйграла нейкі хакейны турнір. Гэта нічога не дае".

"Свабода": "Зьвесткі пра здароўе кіраўніка — гэта прыватная тэма?"

Статкевіч: "Я думаю, што для большасьці службовых асобаў —
Займаўся прабежкамі нават у палярную ноч, калі служыў у войску на савецкай Поўначы.
ніжэйшага, сярэдняга і каля вышэйшага зьвяна — гэта ўсё ж прыватная інфармацыя. І калі чалавек ня цягне па здароўі, то ён проста альбо сам падасьць у адстаўку, альбо яго туды накіруюць. Аднак зусім іншая сытуацыя з тымі, хто сам накіроўвае ў адстаўку і каго туды накіраваць немагчыма. Я пра першую дзяржаўную асобу. Тут вось якраз і патрэбная публічнасьць. Людзі падчас выбараў павінны ведаць, што выбіраюць фізычна і псыхічна нармальнага чалавека".

"Свабода": "А як гэта ведаць, калі лекары — асобы заангажаваныя? Гэтага неяк можна дамагацца?"

Статкевіч: "Я думаю, што дамагацца гэтага трэба было, калі б падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў дзейнічала б незалежная мэдычная камісія. Зараз гэта ўжо немагчыма тэхналягічна. Бо патрэбны адпаведны закон, а ён ня будзе прыняты пры гэтым прэзыдэнце. Проста патрэбная зьмена ўлады. З тым, каб дэмакратычная ўлада, новая ўлада гэта ажыцьцяўляла".

"Свабода": "У шэрагу краін палітыкі самі заяўляюць пра свае хваробы..."

Статкевіч: "Гэта ня ў нашай мэнтальнасьці. Проста ў дэмакратычных краінах палітыка — рэч дастаткова сумная. Там мала што мяняецца, акрамя кіраўнікоў, і людзі пачынаюць каяцца ў даўно забытых грахах, расказваць, што былі алькаголікамі, але ж пераадолелі — з тым, каб прыцягнуць увагу публікі, тых выбарцаў, якія маюць падобныя праблемы. А ў нас іншыя праблемы. Нам трэба, каб у чалавека з галавой усё ў парадку было і каб ён не памёр падчас выкананьня сваіх абавязкаў. Ды меў сілы іх выконваць. А вось гэтыя распрананьні ня ў нашай мэнтальнасьці".

"Свабода": "Маральна і фізычна выбары — гэта звышнагрузка?"

Статкевіч: "Гледзячы для каго. Для мяне гэта не звышнагрузка, бо я не разглядаю гэтыя выбары як выбары, і сваю пазыцыю наконт гэтага я ўжо агучыў. Гэта імітацыя. А фізычна ўсё звычайна. Паездкі, сустрэчы зь людзьмі, правакацыйныя, вострыя пытаньні мяне ніколькі не стамляюць. Гэта, наадварот, падбадзёрвае".

"Свабода": "Вы ня курыце?"

Статкевіч: "Не".

"Свабода": "Алькаголь?"

Статкевіч: "Я люблю добрыя чырвоныя сухія віны. Крышку каньяку або віскі. Але ня больш чым 50 г".

"Свабода": "Ці трымаецеся пэўнага рэжыму харчаваньня?"

Статкевіч: "Так. Стараюся спажываць як мага болей садавіны і гародніны.
Адрозна ад прэзыдэнта, які працуе прэзыдэнтам на чвэрць стаўкі, нацыя ня можа масава кінуцца ў хакей.
Прытрымліваюся збалянсаванага харчаваньня. Калі я быў на хіміі ў саўгасе, мне прыйшлося самому ў саўгасе харчавацца. І ў выніку прыйшоў да нейкай навуковай сыстэмы. Высьветлілася, што я падбіраў прадукты паводле нейкай старадаўняй кітайскай традыцыі — ян і інь, так званы падзел на шчолачныя і кіслотныя прадукты. Напрыклад, мяса трэба ўжываць, але разам з гароднінай".

"Свабода": "У чым павінен быць узорам для насельніцтва кіраўнік дзяржавы?"

Статкевіч: "Ведаеце, для нас самае галоўнае, каб гэта быў прыстойны чалавек, які ня будзе мухляваць, хапацца за ўладу і будзе выконваць свае абавязкі. Потым, калі наша грамадзтва разбагацее, калі наша палітычнае жыцьцё стане сумным, мы будзем выбіраць прыгажуноў, спартоўцаў, рознага іншага кшталту ўзорных, пачнём выслухоўваць розныя гісторыі пра іхнія прыватныя праблемы. Цяпер жа хацелася б выбраць проста прыстойнага чалавека".