Каросас: нелегітымнасьць беларускага парлямэнту не перашкаджае размаўляць зь людзьмі

Юсьцінас Каросас

Нелегітымнасьць беларускага парлямэнту не перашкаджае літоўскім дэпутатам кантактаваць зь беларускімі калегамі на ўзроўні асабістых адносін.

Пра гэта напярэдадні візыту ў Горадню групы літоўскіх парлямэнтароў заявіў DELFI намесьнік старшыні камітэту Сэйма па замежных справах Юстынас Каросас.

29 лістапада 16 літоўскіх дэпутатаў з парлямэнцкай групы "За дэмакратычную Беларусь" наведаюць Горадню. У сустрэчах зь імі возьмуць удзел і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Беларускі парлямэнт не прызнаны легітымным у Эўропе і ЗША, і Літва — адна з тых краінаў, якія яго не прызнаюць. Аднак, на думку Каросаса, гэта не перашкаджае зносінам зь беларускімі дэпутатамі на чалавечым узроўні.

"Парлямэнт нелегітымны, але калі людзі прыяжджаюць на сустрэчы, што ж нам — казаць, што мы ня хочам размаўляць з вамі як людзі зь людзьмі? Я думаю, гэта не перашкаджае размаўляць зь людзьмі. Мы ня маем кантактаў на ўзроўні інстытутаў, але зь людзьмі, вядома, маем", — адзначыў Юстынас Каросас.

Падчас сустрэчы зь беларускім бокам дэпутаты Сэйма найперш зьбіраюцца абмеркаваць пытаньне ратыфікацыі пагадненьня аб спрошчаным перасячэньні мяжы для жыхароў памежных раёнаў.

"Я адчуваю, што мы шмат будзем гаварыць пра пагадненьне аб спрошчаным перасячэньні мяжы. У першую чаргу — пра ратыфікацыю дамовы, бо я пакуль ня бачу ніякага руху. Мы будзем заклікаць калегаў, каб яны зрабілі гэта як мага хутчэй", — адзначыў Юстынас Каросас.