“Столькі глупства па тэлебачаньні, асабліва ад лідэра нашай краіны”

Хто з кандыдатаў на прэзыдэнта найбольш запомніўся Вам па тэле- і радыёвыступах? Чаму? На такія пытаньні адказалі жыхары Горадні.

Сталы спадар: “Глядзеў я сем чалавек, валілі на Лукашэнку, на рэжым. Раманчук так гэта без паперкі гаварыў, Някляеў таксама гаварыў нармальна, добра, добра так. Рымашэўскі — ня вельмі, валіў занадта, ну й усё”.

Спадар: “Я глядзеў толькі Саньнікава, вельмі сьмела гаворыць, шмат цікавага. Я б галасаваў за Саньнікава”.

Спадар:
“Шчыра кажучы, ніхто не запомніўся і моцна гэтым не цікавімся”.

Спадарыня:
“Некалькі кандыдатаў: гэта Саньнікаў, затым запомніўся Рымашэўскі вельмі, Раманчук, малады эканаміст, ну й Цярэшчанка. Інтэлект — у першую чаргу, столькі глупства па тэлебачаньні, асабліва ад лідэра нашай краіны, што нарэшце інтэлектуальныя, разумныя, граматныя людзі ў сваіх галінах з канкрэтнай пэўнай праграмай, вось і ўсё, а ня проста словы —віламі па вадзе…”

Спадар: “Не, цікаўлюся, але для мяне адзін прэзыдэнт — Лукашэнка, мне заўсёды падабаецца яго палітыка, я на іншых нейк не зьвяртаю ўвагі, мне нецікава”.

Малады спадар:
“Хтосьці, хто былы намесьнік міністра замежных справаў, як яго прозьвішча — Саўчанка? Саньнікаў. І другі, які паэт-песеньнік, Някляеў, дык вось мне Някляеў спадабаўся. Ён гэтак жа, як Лукашэнка, хрэнь нейкую разганяў, але так прыгожа, дый мне ў Эўразьвязе хацелася б жыць”.

Ягоны сябра: “Мне таксама Някляеў падабаецца, што ён паэт, інтэлігент і ня будзе гаварыць — “я цібе мільён даў, я казаў…”

Малады спадар з дзіцём:
“Я глядзеў практычна ўсе выступы кандыдатаў на прэзыдэнта. Больш за ўсё мяне ўразілі выступы Андрэя Саньнікава і Ўладзіміра Някляева. Мы глядзелі ўсёй сям’ёю, бацькі мае таксама, пэнсыянэры. Бачна, што людзі гатовыя быць прэзыдэнтам: характар, ідэі, харызма, можна сказаць. Я схіляюся хутчэй да Андрэя Саньнікава, спадзяюся, што выйграе. Дакладней, я спадзяюся, што яны самі паміж сабой дамовяцца — хто будзе першым, хто другім. Так што жадаем удачы і я спадзяюся, што ў Новым годзе будзем з новым прэзыдэнтам”.