У Воршы адзначаюць 80-годзьдзе Ўладзімера Караткевіча

Ля помніка Ўладзімеру Караткевічу

Славуты беларускі пісьменьнік нарадзіўся ў Воршы 26 лістапада 1930 году. І з 1990-х гадоў — ад пачатку беларускай незалежнасьці — гэтую дату на ягонай малой радзіме адзначаюць штогод. Першапачаткова гэта была ініцыятыва мясцовых грамадзкіх актывістаў, але пазьней далучыліся і дзяржаўныя структуры: гарвыканкам, музэйны комплекс, навучальныя ўстановы і бібліятэкі.

Гэты год — юбілейны, таму імпрэзаў да дня народзінаў Уладзімера Караткевіча ў Воршы заплянавана вельмі шмат. 26 лістапада аб 11 гадзіне адбылася ўжо традыцыйная для гэтага дня імпрэза — ускладаньне кветак да помніка пісьменьніку, што стаіць у гарадзкім дзіцячым парку. А потым тут жа, каля помніка, прайшлі штогадовыя літаратурныя чытаньні «І не зьнікаць паэтам вечна», у якіх узялі ўдзел літаратары зь Менску, Віцебску і Воршы.

З прамовамі і ўспамінамі выступілі Вячаслаў Рагойша, Давід Сімановіч, Анатоль Верабей, Сяргей Панізьнік, дырэктарка музэю Ўладзімера Караткевіча Галіна Юркевіч, пляменьніца пісьменьніка Алена Сянкевіч. Расплянаваную хаду імпрэзы парушылі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, прамова якога не ўваходзіла ва ўзгоднены з аддзелам культуры сцэнар, а потым мастак Алесь Пушкін.

Уладзімер Арлоў

Сказаўшы некалькі ўзьнёслых словаў пра юбілей Караткевіча, мастак зазначыў, што ў Воршы шануюць памяць земляка, але ўжо трэці год запар забараняюць праводзіць бардаўскі фэст «Аршанская бітва»:

«Караткевіч пісаў пра тых мужных людзей, якія баранілі сваю зямлю. І Кулікова поле, І Барадзіно, і Грунвальд — усе гэта шануецца ў сьвеце. Толькі поле Аршанскай бітвы заворана зараз і будзе засаджана кукурузай, каб мы там не зьбіраліся. Ганьба гарадзкім уладам, якія дазваляюць такую манкуртызацыю нашых людзей!»

Алесь Пушкін падарыў музэю Караткевіча сваю карціну, на якой — гітара і рукі музыкі аплецены калючым дротам.

Алесь Пушкін

Выступу Алеся Пушкіна не пачуў міністар культуры Павал Латушка, які зьявіўся на юбілейных імпрэзах пазьней. Ён павіншаваў аршанцаў са сьвятам падчас імпрэзы ў музэі Ўладзімера Караткевіча, дзе праходзіла спэцгашэньне капэрты з адмысловай маркай да 80-х угодкаў пісьменьніка-земляка. Яно адбылося ў аршанскім Музэі Ўладзімера Караткевіча.

Павал Латушка

А пазьней міністар культуры адкрыў 3-ю міжнародную навуковую канфэрэнцыю «Ўладзімер Караткевіч. Глябальны погляд», якая праходзіла ў аршанскай школе мастацтваў. На ёй прысутнічалі таксама загадчык аддзелу культуры аблвыканкаму Мікалай Пашынскі і загадчык ідэалягічнай управы Міхаіл Кузьміч, прыехалі і прадстаўнікі праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Павал Латушка нагадаў, што ў Кіеве Уладзімеру Караткевічу неўзабаве будзе ўсталяваны помнік, макет якога ўжо зроблены. А адзін зь першых выступоўцаў, дасьледчык літаратуры Адам Мальдзіс зазначыў, што помнік Уладзімеру Караткевічу даўно насьпеў час паставіць і ў Менску. І было б мэтазгодна, каб ён быў пастаўлены каля Нацыянальнай бібліятэкі, побач з помнікам Скарыну.

Адам Мальдзіс

Навуковая канфэрэнцыя ў Воршы будзе працягвацца і 27 лістапада. Увогуле ж імпрэзы да дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча, праходзяць у Воршы на працягу ўсяго гэтага тыдня. Ужо адбыліся прэзэнтацыя відэафільму «З Уладзімерам Караткевічам ад Воршы да Рагачова», прысьвечанага сёлетняй вандроўцы па Дняпры аматараў творчасьці пісьменьніка, і прэзэнтацыя кнігі «Лебядзіны скіт», ілюстраванай мастаком Міколам Купавам — таксама, дарэчы, ураджэнцам Воршы.

25 лістапада адбылося адкрыцьцё новай экспазыцыі ў школьным музэі Ўладзімера Караткевіча, які месьціцца ў сярэдняй школе № 3. Школа носіць імя пісьменьніка-земляка, і яго заснавальніца Лілія Радомская дужа шкадуе, што адкрыцьцё новай экспазыцыі ня трапіла ў праграму асноўных мерапрыемстваў. Між тым менавіта з гэтага пакойчыку ўсе пачыналася: тут зьбіраліся першыя экспанаты, і менавіта спадарыня Радомская была сярод тых, хто ў 1986 годзе дамагаўся перайменаваньня вуліцы Касманаўтаў у вуліцу імя Караткевіча, каб у Воршы як мага шырэй ушаноўвалася памяць славутага земляка:

Лілія Радомская
«Ніхто тады нічога ня ведаў, і хадзілі ўсе за намі, і на сьвяткаваньні да нас прыходзілі. А сёньня пытаецца і адзін, і другі: „Калі мы да вас?“ Кажу: „Ня ведаю, у пляне няма!“ Арлоў казаў: „Дык што ж гэта такое? Я ж адзін зь першых той музэй адчыняў!“ Але ж тут цяпер камандуе гарвыканкам, улады свае»

Аддзелам культуры гарвыканкаму арганізаваны сьвяточны юбілейны вечар і канцэрт «Быў.Ёсьць.Буду». Але чакаецца і неафіцыйная імпрэза для аматараў — адмысловая канцэртная праграма барда Зьмітра Вайцюшкевіча, які прасьпявае песьні на словы Уладзімера Караткевіча.

27 лістапада аршанцы змогуць паглядзець пастаноўку полацкага тэатру «Пілігрым» па матывах пралёгу да раману Ўладзімера Караткевіча «Нельга забыць». А 28 лістапада ў музэі Караткевіча адбудзецца ўзнагароджаньне пераможцаў літаратурнага конкурсу, арганізаванага віцебскай філіяй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.